Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 365-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:         

Серада — дваццаць трэці звычайны тыдзень, Год ІІ

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ 1 Кар 7, 25–31
Ты злучыўся з жонкаю? Не шукай разводу. Ты вольны ад жонкі? Не шукай жонкі

Чытанне Першага паслання святога апостала Паўла да Карынцянаў.

Браты:

Адносна дзявоцтва я не маю наказу ад Пана, але выказваю сваё меркаванне як той, каго міласэрнасць Пана зрабіла вартым даверу. Таму з-за цяперашняга ўціску я лічу слушным, што чалавеку лепш заставацца такім. Ты злучыўся з жонкаю? Не шукай разводу. Ты вольны ад жонкі? Не шукай жонкі. Калі ты і ажаніўся, то не зграшыў, і калі дзева выйшла замуж, то не зграшыла. Але такія зведаюць нядолю ў целе, а я ж шкадую вас.

Я кажу вам, браты, што заканчваецца час. Таму тыя, хто мае жонак, няхай будуць як тыя, хто не мае; і тыя, хто плача, як тыя, хто не плача; і тыя, хто радуецца, як тыя, хто не радуецца; і тыя, хто купляе, як тыя, хто не набывае; і тыя, хто карыстаецца светам, як тыя, хто не карыстаецца, бо мінае вобраз гэтага свету.

Гэта слова Божае.

РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ Пс 45 (44), 11–12. 14–15. 16–17 (Р.: 11а)

Рэфрэн: Паглядзі, дачка, і схілі сваё вуха.

11. Паглядзі, дачка, паслухай і схілі сваё вуха, *
забудзь народ свой і дом твайго айца.
12. Кароль прагне тваёй прыгажосці, *
бо Ён твой Пан, пакланіся Яму.

Рэфрэн:

14. Поўная славы выходзіць дачка Караля. *
Адзенне яе вышыта золатам.
15. У вышытым адзенні вядуць яе да Караля. *
За ёю дзяўчаты, сяброўкі яе, уваходзяць да Яго.

Рэфрэн:

16. Вядуць іх з радасцю і ў захапленні, *
уваходзяць яны ў каралеўскі палац.
17. Замест айцоў тваіх будуць твае сыны. *
Ты ўстановіш іх валадарамі па ўсёй зямлі.

Рэфрэн:

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ Лк 6, 23аb

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Радуйцеся і весяліцеся,
бо вялікая ваша ўзнагарода на нябёсах, — кажа Пан.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

ЕВАНГЕЛЛЕ Лк 6, 20–26
Шчаслівыя ўбогія. Гора вам, багатыя

+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.

У той час:

Езус узняў вочы свае на вучняў сваіх і сказаў:

Шчаслівыя ўбогія духам, бо ваша ёсць Валадарства Божае.

Шчаслівыя, якія цяпер галадаеце, бо насычаны будзеце.

Шчаслівыя, якія цяпер плачаце, бо смяяцца будзеце.

Шчаслівыя вы, калі ўзненавідзяць вас людзі, і калі адрынуць вас, і будуць зневажаць, і з-за Сына Чалавечага адкінуць імя вашае, як зло. Радуйцеся ў той дзень і весяліцеся, бо вялікая ўзнагарода ваша ў небе. Бо так паступалі з прарокамі айцы іхнія.

Але гора вам, багатыя, бо вы ўжо атрымалі сваё суцяшэнне. Гора вам, якія цяпер сытыя, бо галадаць будзеце. Гора вам, якія цяпер смеяцеся, бо смуткаваць і плакаць будзеце. Гора вам, калі ўсе людзі будуць добра казаць пра вас, бо так паступалі з фальшывымі прарокамі айцы іхнія.

Гэта слова Пана.

Паводле  catholic.by

Меткі: Серада, Слова Божае, Лекцыянарый, Разважанні

Друкаваць