16 ліпеня — успамін Найсвяцейшай Панны Марыі з Гары Кармэль
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Зах 2, 14–17
Радуйся, дачка Сіёна, бо вось Я іду
Чытанне кнігі прарока Захарыі.
Весяліся і радуйся, дачка Сіёна,
бо вось Я іду і пасялюся пасярод цябе, – кажа Пан.
І многія народы прыйдуць да Пана ў дзень той,
і стануць для Яго народам.
І Я пасялюся пасярод цябе,
і ты пазнаеш, што Пан Магуццяў паслаў Мяне.
Пан возьме ва ўладанне Юду,
сваю спадчыну на Святой зямлі,
і зноў выбера Ерузалем.
Замоўкні, усялякае цела, перад абліччам Пана,
бо Ён падымаецца са свайго святога жылля.
Гэта слова Божае.
РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ Лк 1, 46–47. 48–49. 50 і 53. 54–55 (Р.: 49а)
Рэфрэн:Вялікае ўчыніў мне Усемагутны.
Або: Шчаслівая Панна Марыя, бо насіла Сына спрадвечнага Айца.
46. У тыя дні сказала Марыя:
Велічае душа мая Пана, *
47. і ўзрадаваўся дух мой
у Богу, маім Збаўцы.
Рэфрэн:
48. Бо ўзглянуў Бог на пакору сваёй слугі, *
і цяпер благаслаўляць Мяне будуць усе пакаленні.
49. Бо вялікае ўчыніў мне Усемагутны, *
а імя Яго святое.
Рэфрэн:
50. І міласэрнасць Яго з пакалення ў пакаленне *
над тымі, хто Яго баіцца.
51. Паказаў моц сваёй правіцы,
рассеяў тых, хто пыхлівы сэрцам.
Рэфрэн:
52. Скінуў магутных з трону
і ўзвысіў пакорных.
53. Дабром галодных насыціў, *
а багатых ні з чым адправіў.
Рэфрэн:
54. Прыняў свайго слугу Ізраэля, *
памятаючы пра сваю міласэрнасць,
55. як абяцаў бацькам нашым,
Абрагаму і яго патомству навекі.
Рэфрэн:
СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ Лк 11, 28
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
Шчаслівыя, хто слухае слова Божае
і захоўвае яго.
ЕВАНГЕЛЛЕ Мц 12, 46–50
Працягнуўшы руку сваю да вучняў сваіх, сказаў: Вось маці Мая і браты Мае
+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.
У той час:
Калі Езус прамаўляў да людзей, Маці і браты Ягоныя стаялі звонку і хацелі пагаварыць з Ім. І нехта сказаў Яму: Вось Маці Твая і браты Твае звонку стаяць і хочуць пагаварыць з Табою.
Ён жа адказаў таму, хто звярнуўся да Яго: Хто маці Мая і хто браты Мае? І, працягнуўшы руку сваю да вучняў сваіх, сказаў: Вось маці Мая і браты Мае. Бо кожны, хто выконвае волю Айца Майго, які ёсць у небе, той Мне брат, і сястра, і маці.
Гэта слова Пана.
Паводле catholic.by
Меткі: Панядзелак, Слова Божае, Лекцыянарый, Разважанні