Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 365-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:         

Чацвер — чатырнаццаты звычайны тыдзень, Год ІІ

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Ос 11, 1–4. 8c–9
Узварухнулася ўва Мне сэрца Маё

Чытанне кнігі прарока Осіі.

Калі Ізраэль быў дзіцём, Я палюбіў яго,
і паклікаў з Егіпта сына майго.
Чым больш клікаў іх, тым больш адыходзілі ад Мяне,
прыносілі ахвяры Баалам і кадзілі ідалам.
Я сам вучыў Эфраіма хадзіць,
насіў яго на сваіх руках, а ён не разумеў, што Я апекаваўся ім.
Я прыцягваў яго повязямі чалавечнасці, повязямі любові,
і быў для яго як той, хто зняў з ягоных сківіц ярмо,
Я схіляўся над ім і карміў яго.
Узварухнулася ўва Мне сэрца Маё
і распаліўся жаль Мой.
Не ўчыню паводле полымя гневу Майго
і не буду знішчаць больш Эфраіма,
бо Я — Бог, а не чалавек,
Святы сярод цябе,
таму не ўвайду ў горад.

Гэта слова Божае.

РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ Пс 80 (79), 2аc і 3b. 15–16 (Р.: 4b)

Рэфрэн: Няхай заззяе Тваё аблічча, і мы збавімся.

2. Пастыр Ізраэля, паслухай, *
які сядзіш на Хэрубімах, з’явіся.
3. Абудзі сваю магутнасць *
і прыйдзі нам на паратунак.

Рэфрэн:

15. Вярніся, Божа Магуццяў, *
паглядзі з нябёсаў і ўбач, наведай гэты вінаграднік.
16. Захавай тое, што пасадзіла Твая правіца, *
парастак, які Ты ўмацаваў для сябе.

Рэфрэн:

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ Мк 1, 15

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Наблізілася Валадарства Божае:
кайцеся і верце ў Евангелле.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

ЕВАНГЕЛЛЕ Мц 10, 7–15
Дарма атрымалі, дарма і давайце

+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.

У той час:

Езус сказаў сваім вучням: Ідучы, абвяшчайце, кажучы: Наблізілася Валадарства Нябеснае. Хворых аздараўляйце, мёртвых уваскрашайце, пракажоных ачышчайце, злых духаў выганяйце. Дарма атрымалі, дарма і давайце.

Не бярыце з сабою ні золата, ні срэбра, ні медзі ў паясы свае, ні торбы ў дарогу, ні дзвюх вопратак, ні сандаляў, ні кія. Бо варты працаўнік свайго спажытку.

У які б горад ці вёску вы ні ўвайшлі, даведайцеся, хто ў ім годны, і там заставайцеся, пакуль не выйдзеце. А ўваходзячы ў дом, прывітайце яго. І калі дом будзе годны, то няхай сыдзе спакой ваш на яго. Калі ж не будзе годны, то спакой ваш вернецца да вас.

А калі хто не прыме вас і не паслухаецца слоў вашых, то, выходзячы з дому або з горада таго, атрасіце пыл з ног вашых. Сапраўды кажу вам, лягчэй будзе зямлі Садомы і Гаморы ў дзень суда, чым гэтаму гораду.

Гэта слова Пана.

Паводле catholic.by

Меткі: Чацвер, Слова Божае, Лекцыянарый, Разважанні

Друкаваць