Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 365-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:         

Серада — чатырнаццаты звычайны тыдзень, Год ІІ

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Ос 10, 1–3. 7–8. 12
Настаў час шукаць Пана

Чытанне кнігі прарока Осіі.

Ізраэль — буйны вінаград,
што прыносіць падобныя да сябе плады.
Чым больш было яго пладоў,
тым больш ахвярнікаў ён ставіў.
Чым больш урадліваю была зямля,
тым больш ён аздабляў балваны.
Раздзялілася іхняе сэрца,
цяпер яны вінаватыя.
Бог знішчыць ахвярнікі іх
і зруйнуе іхнія балваны.
Бо цяпер яны кажуць:
У нас няма караля.
Бо, калі мы не баімся Бога,
што нам зробіць кароль?
Самарыя загіне,
а яе кароль — як пена на паверхні вады.
І знішчаны будуць вышыні Авэна,
Ізраэлевы грэх.
Цернем і пустазеллем
пазарастаюць іх алтары,
і скажуць яны горам: Закрыйце нас! —
і пагоркам: Упадзіце на нас!
У справядлівасці сейце сабе,
паводле міласэрнасці пажынайце,
узворвайце сабе цаліну.
Настаў час шукаць Пана,
каб, калі прыйдзе, Ён праліў на вас справядлівасць.

Гэта слова Божае.

РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ Пс 105 (104), 2–3. 4–5. 6–7 (Р.: пар. 4b)

Рэфрэн: Заўсёды шукайце Божага аблічча.

2. Спявайце і грайце Яму псальмы, *
распавядайце пра ўсе Ягоныя цуды.
3. Ганарыцеся імем Яго святым, *
няхай радуюцца сэрцы тых, хто шукае Пана.

Рэфрэн:

4. Шукайце Пана і Яго моцы, *
шукайце заўсёды Яго аблічча.
5. Памятайце пра цуды Ягоныя, якія ўчыніў, *
пра знакі Яго і суды вуснаў Ягоных./p>

Рэфрэн:

6. Вы, патомства Абрагама, Яго слугі, *
сыны Якуба, вы Яго выбраныя.
7. Ён Пан Бог наш, *
па ўсёй зямлі Яго правасуддзе.

Рэфрэн:

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ Мк 1, 15

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Наблізілася Валадарства Божае:
кайцеся і верце ў Евангелле.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

ЕВАНГЕЛЛЕ Мц 10, 1–7
Ідзіце да авечак з дому Ізраэля, якія загінулі

+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.

У той час:

Езус, паклікаўшы дванаццаць вучняў сваіх, даў ім уладу выганяць нячыстых духаў і лячыць усялякую хваробу і ўсялякую немач. Імёны ж дванаццаці Апосталаў былі такія: першы Сымон, называны Пятром, і Андрэй, брат яго, Якуб Зэбэдэеў і Ян, брат ягоны, Філіп і Барталамей, Тамаш і Мацвей мытнік, Якуб Алфееў і Тадэвуш, Сымон Кананіт і Юда Іскарыёт, які і здрадзіў Яго.

Гэтых дванаццаць паслаў Езус, наказваючы ім: На шлях язычнікаў не ўзыходзьце і ў гарады самарыйскія не ўваходзьце. Але перадусім ідзіце да авечак з дому Ізраэля, якія загінулі. А ідучы, абвяшчайце, кажучы: Наблізілася Валадарства Нябеснае.

Гэта слова Пана.

Паводле catholic.by

Меткі: Серада, Слова Божае, Лекцыянарый, Разважанні

Друкаваць