Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 365-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:         

Пятніца — трынаццаты звычайны тыдзень, Год ІІ

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Ам 8, 4–6. 9–12
Я спашлю на зямлю голад. Не голад хлеба, а прагу пачуць слова Пана

Чытанне кнігі прарока Амоса.

Паслухайце гэта вы, што ўціскаеце убогага і даводзіце да галечы беднага. Вы, якія кажаце: Калі міне час маладзіка, каб мы маглі прадаваць хлеб, і субота, каб маглі адчыніць засекі, паменшыць меру, павялічыць цану сікля і ашукваць няправільнымі вагамі, каб купляць бедных за срэбра і ўбогіх за пару абутку, і высеўкі збожжа прадаваць? І ў той дзень, — кажа Пан Бог, — учыню захад сонца апоўдні і зацямню зямлю сярод яснага дня. Ператвару святкаванні вашыя ў сум і ўсе песні вашыя — у лямант, і ўскладу на ўсе сцёгны рыззё і плехі на кожную галаву. І ўчыню плач, як па адзіным сыне, і канец той будзе, як горкі дзень.

Вось настаюць дні, — кажа Пан Бог, — калі Я спашлю на зямлю голад. Не голад хлеба, не прагу вады, а прагу пачуць слова Пана. І будуць хадзіць ад мора да мора, і блукаць ад поўначы да ўсходу, шукаючы слова Пана, і не знойдуць яго.

Гэта слова Божае.

РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ Пс 119 (118), 2. 10. 20. 30. 40. 131 (Р.: Мц 4, 4)

Рэфрэн: Будзе жыць чалавек словам з вуснаў Божых.

2. Шчаслівыя тыя, хто захоўвае сведчанні Бога *
і шукае Яго ўсім сэрцам.
10. Усім сваім сэрцам я Цябе шукаю, *
не дай мне адысці ад Тваіх запаведзяў.

Рэфрэн:

20. Знемагае душа мая *
ад жадання прысудаў Тваіх у кожны час.
30. Я выбраў шлях праўды, *
паставіў перад сабой Твае прысуды.

Рэфрэн:

40. Вось я прагну Тваіх наказаў, *
дай мне жыццё паводле Тваёй справядлівасці.
131. Адкрываю вусны мае і ўздыхаю, *
бо прагну запаведзяў Тваіх.

Рэфрэн:

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ Мц 11, 28

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Прыйдзіце да Мяне, усе спрацаваныя і абцяжараныя,
і Я супакою вас, — кажа Пан.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

ЕВАНГЕЛЛЕ Мц 9, 9–13
Не здаровым патрэбны лекар; міласэрнасці хачу, а не ахвяры

+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.

У той час:

Калі Езус праходзіў, убачыў чалавека, які сядзеў на мытні, па імені Мацвей, і сказаў яму: Ідзі за Мною. Ён устаў і пайшоў за Ім. І калі Езус сядзеў за сталом у доме, шмат мытнікаў і грэшнікаў прыйшло і села за стол з Ім і вучнямі Ягонымі. Убачыўшы гэта, фарысеі казалі вучням Яго: Чаму Настаўнік ваш есць і п’е разам з мытнікамі і грэшнікамі? Езус жа, пачуўшы гэта, сказаў ім: Не здаровым патрэбны лекар, але хворым. Пайдзіце, навучыцеся, што значыць “міласэрнасці хачу, а не ахвяры”. Бо Я не прыйшоў клікаць праведнікаў, але грэшнікаў.

Гэта слова Пана.

Паводле catholic.by

Меткі: Пятніца, Слова Божае, Лекцыянарый, Разважанні

Друкаваць