Чацвер — дзяcяты звычайны тыдзень, Год ІІ
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ 1 Вал 18, 41–46
Памаліўся Ілля, і неба дало дождж
Чытанне Першай кнігі Валадарстваў.
У тыя дні:
Ілля сказаў Ахабу: Ідзі, еш і пі, бо чуваць шум вялікага дажджу. Пайшоў Ахаб есці і піць, а Ілля падняўся на вяршыню Кармэля, нахіліўся да зямлі, схаваў твар свой паміж каленяў і сказаў свайму слузе: Ідзі і паглядзі ў бок мора. Той пайшоў, паглядзеў і сказаў: Нічога няма. Ілля зноў сказаў яму: Вяртайся сем разоў. На сёмы раз слуга сказаў: Вось маленькае воблака з чалавечую далонь узнімаецца з мора. Ілля сказаў: Ідзі, скажы Ахабу: запрагай і едзь, каб не застаў цябе дождж.
Неўзабаве неба пацямнела ад хмараў і ад ветру, і пайшоў вялікі дождж. Ахаб сеў у калясніцу і паехаў у Ізрээль. А рука Пана была на Іллі. Ён падперазаў свае бёдры і бег перад Ахабам аж да самага Ізрээля.
Гэта слова Божае.
РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ Пс 65 (64), 10аbcd. 10e–11. 12–13 (Р.: 2а)
Рэфрэн: Табе, Божа, належыць хвала на Сіёне.
10. Ты наведваеш зямлю і насычаеш вільгаццю, *
шчодра яе ўзбагачаеш.
Божы паток напоўнены вадою. *
Ты вырошчваеш збожжа.
Рэфрэн:
Бо так падрыхтаваў яе.
11. Напаіў яе барозны, выраўнаў скібы, *
размякчыў яе дажджамі,
благаславіў яе расліннасць.
Рэфрэн:
12. Ты год вянчаеш ласкавасцю сваёй, *
сцежкі Твае струменяць тукам.
13. Струменяць на пашы ў пустыні, *
а ўзгоркі падпяразваюцца радасцю.
Рэфрэн:
СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ Ян 13, 34
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
Новую запаведзь даю вам, каб вы любілі адзін аднаго,
як Я палюбіў вас.
ЕВАНГЕЛЛЕ Мц 5, 20–26
Кожны, хто гневаецца на брата свайго, падпадае пад суд
+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.
У той час:
Езус сказаў сваім вучням: Калі справядлівасць вашая не пераўзыдзе справядлівасці кніжнікаў і фарысеяў, то вы не ўвойдзеце ў Валадарства Нябеснае.
Вы чулі, што было сказана продкам: Не забівай; а хто заб’е, падпадае пад суд. А Я кажу вам, што кожны, хто гневаецца на брата свайго, падпадае пад суд. Хто ж скажа брату свайму «рака», падпадае пад Высокую раду, а хто скажа «неразумны», падпадае пад геену вогненную.
Таму, калі ты прынясеш дар свой да ахвярніка і ўспомніш там, што брат твой мае нешта супраць цябе, пакінь там дар свой перад ахвярнікам і ідзі спачатку памірыся з братам сваім, і тады прыйдзі і прынясі дар свой.
Мірыся з праціўнікам тваім хутка, пакуль ты з ім яшчэ ў дарозе, каб праціўнік не аддаў цябе суддзі, а суддзя не аддаў цябе слузе, і не ўкінулі цябе ў вязніцу. Сапраўды кажу табе: не выйдзеш адтуль, пакуль не аддасі апошні грош.
Гэта слова Пана.
Паводле catholic.by
Меткі: Чацвер, Слова Божае, Лекцыянарый, Разважанні