Чацвер — дзявяты звычайны тыдзень, Год ІІ
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ 2 Цім 2, 8–15
Божага слова не зняволіш. Калі мы разам з Ім памерлі, то з Ім і ажывём
Чытанне Другога паслання святога апостала Паўла да Цімафея.
Умілаваны:
Памятай пра Езуса Хрыста з пакалення Давіда, які ўваскрос з мёртвых паводле Евангелля майго, за якое я цярплю нядолю аж да кайданаў, нібы злачынца. Але Божага слова не зняволіш.
Таму я ўсё вытрымліваю дзеля выбраных, каб і яны атрымалі збаўленне ў Езусе Хрысце з вечнаю славаю. Праўдзівае слова: калі мы разам з Ім памерлі, то з Ім і ажывём; калі церпім, то разам з Ім валадарыць будзем; калі адрачэмся, і Ён адрачэцца ад нас; калі мы не верым, Ён застаецца верным, бо самога сябе адрачыся не можа.
Нагадвай пра гэта, даючы сведчанне перад Панам не спрачацца з-за словаў, што не прыносіць ніякай карысці, а толькі шкодзіць слухачам. Старанна імкніся, каб Бог лічыў цябе годным працаўніком, які не прыносіць сораму і правільна выкладае слова праўды.
Гэта слова Божае.
РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ Пс 25 (24), 4–5ab. 8–9. 10 і 14 (Р.: 4a)
Рэфрэн: Дай спазнаць Твае дарогі, Пане.
4. Дай спазнаць Твае дарогі, Пане, *
і навучы мяне сцежкам Тваім.
5. Вядзі мяне ў праўдзе Тваёй і навучы, *
бо Ты Бог збаўлення майго.
Рэфрэн:
8. Пан добры і справядлівы, *
таму паказвае грэшнікам шлях.
9. Ён кіруе прыніжанымі ў справядлівасці *
і навучае пакорных шляхам cваім.
Рэфрэн:
10. Усе сцежкі Пана — гэта міласэрнасць і вернасць *
для тых, хто захоўвае запавет і наказы Яго.
14. Пан добразычлівы да тых, хто Яго баіцца, *
і запавет свой Ён адкрывае ім.
Рэфрэн:
СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ пар. 2 Цім 1, 10
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
Збаўца наш Езус Хрыстус знішчыў смерць
і асвятліў Евангеллем жыццё.
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
ЕВАНГЕЛЛЕ Мк 12, 28b–34
Няма іншай запаведзі, большай за гэтыя
+ Чытанне святога Евангелля паводле Марка.
У той час:
Адзін кніжнік, падышоў да Езуса і спытаўся ў Яго: Якая запаведзь першая з усіх? Езус адказаў: Першая такая: слухай, Ізраэль, Пан Бог наш — Пан адзіны; любі Пана Бога твайго ўсім сэрцам тваім, і ўсёю душою тваёю, і ўсім розумам тваім, і ўсёй моцаю тваёй. Другая: Любі бліжняга твайго, як самога сябе. Няма іншай запаведзі, большай за гэтыя.
І сказаў Яму кніжнік: Добра, Настаўнік, Ты праўду сказаў, што ёсць адзін і няма іншага, апроч Яго. Любіць Яго ўсім сэрцам, і ўсім розумам, і ўсёю душою, і ўсёю моцаю; і любіць бліжняга, як самога сябе — гэта больш за ўсе ахвяры і ўсеспаленні. Езус, убачыўшы, што той разумна адказвае, сказаў яму: Недалёка ты ад Валадарства Божага. І ніхто ўжо больш не адважваўся пытацца ў Яго.
Гэта слова Пана.
Паводле catholic.by
Меткі: Чацвер, Слова Божае, Лекцыянарый, Разважанні