Пальмовая нядзеля або Нядзеля Мукі Пана, Год В
ПРАЦЭСІЯ З ПАЛЬМАМІ
ЕВАНГЕЛЛЕ Мк 11, 1–10
Благаслаўлёны той, хто прыходзіць у імя Пана
+ Чытанне святога Евангелля паводле Марка.
Калі наблізіліся да Ерузалема, да Бэтфагіі і Бэтаніі, да гары Аліўнай, Езус паслаў двух сваіх вучняў і сказаў ім: Ідзіце ў вёску, што перад вамі, і адразу, як увойдзеце ў яе, знойдзеце прывязанае асляня, на якое ніхто з людзей яшчэ не сядаў. Адвяжыце яго і прывядзіце. А калі хтосьці вам скажа, навошто вы гэта робіце, адкажыце: Ён патрэбны Пану, і зараз жа адашле зноў яго сюды.
Яны пайшлі і знайшлі асляня, прывязанае каля дзвярэй знадворку, на вуліцы, і адвязалі яго. І некаторыя з тых, хто стаяў там, казалі ім: Што вы адвязваеце асляня? Яны адказалі ім, як наказаў Езус, і тыя адпусцілі іх.
І прывялі да Езуса асляня, і паклалі на яго сваё адзенне, а Ён сеў на яго. І многія слалі адзенне сваё на дарозе, а іншыя — галінкі, зрэзаныя на палях. І тыя, хто ішоў спераду і следам за Ім, усклікалі:
Гасанна!
Благаслаўлёны той,
хто прыходзіць у імя Пана!
Благаслаўлёнае валадарства
айца нашага Давіда,
якое надыходзіць!
Гасанна на вышынях!
Гэта слова Пана.
ІМША
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Іс 50, 4–7
Аблічча свайго Я не адвярнуў ад зняваг і ведаю, што не зазнаю сораму
Чытанне кнігі прарока Ісаі.
Пан Бог даў Мне мову мудрых, каб Я ведаў, як словам падтрымаць знясіленага. Кожную раніцу Пан будзіць Мяне, абуджае слых Мой, каб Я слухаў Яго, як вучань. Пан Бог адкрыў вуха Маё, і Я не запярэчыў, не адступіў назад.
Плечы свае я падставіў тым, хто б’е, і шчокі свае тым, хто выдзірае бараду Маю. Аблічча свайго Я не адвярнуў ад зняваг і аплявання.
Пан Бог дапамагае Мне, таму Я не буду асаромлены, таму зрабіў Я твар свой, як цвёрды камень, і ведаю, што не зазнаю сораму.
Гэта слова Божае.
РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ Пс 22 (21), 8–9. 17–18а. 19–20. 23–24 (Р.: 2а)
Рэфрэн: Божа, мой Божа, чаму мяне пакінуў?
8. Усе, хто бачыць мяне, насміхаюцца з мяне, *
адкрываюць вусны і галавой ківаюць:
9. Ён спадзяваўся на Пана, няхай жа вызваліць яго, *
няхай уратуе, калі Яму ён любы.
Рэфрэн:
17. Сабакі акружылі мяне, *
зборышча злачынцаў мяне абступіла,
прабілі рукі мае і ногі. *
18. Я магу палічыць усе мае косці.
Рэфрэн:
19. Яны дзеляць вопратку маю між сабою *
і жэрабя кідаюць аб адзежы маёй.
20. Але Ты, Пане, не адыходзь ад мяне; *
сіла мая, паспяшайся мне на дапамогу.
Рэфрэн:
23. Буду абвяшчаць імя Тваё братам маім, *
на сходзе буду праслаўляць Цябе.
24. Вы, што баіцеся Пана, праслаўляйце Яго. †
Усё патомства Якуба, усхваляй Яго. *
Няхай баіцца Яго ўсё патомства Ізраэля!
Рэфрэн:
ДРУГОЕ ЧЫТАННЕ Флп 2, 6–11
Прынізіў сябе, таму Бог узвысіў Яго
Чытанне Паслання святога апостала Паўла да Філіпянаў.
Езус Хрыстус, будучы ў постаці Бога, не палічыў патрэбным быць на роўні з Богам, але выракся самога сябе, прыняўшы постаць слугі, прыпадобніўшыся да людзей. І з выгляду стаўшы, як чалавек, прынізіў сябе, будучы паслухмяным ажно да смерці, смерці крыжовай. Таму Бог узвысіў Яго, і даў Яму імя па-над усялякае імя, каб на імя Езуса схілілася кожнае калена стварэнняў нябесных, зямных і падземных, і каб кожны язык вызнаваў, што Панам ёсць Езус Хрыстус дзеля хвалы Бога Айца.
Гэта слова Божае.
СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ Флп 2, 8–9
Акламацыя: Хвала Табе, Валадар вякоў.
Хрыстус прынізіў сябе,
будучы паслухмяным ажно да смерці, смерці крыжовай.
Таму Бог узвысіў Яго, і даў Яму імя па-над усялякае імя
Акламацыя: Хвала Табе, Валадар вякоў.
Чытанне ці спеў апісання Мукі Пана адбываецца без свечак і без каджэння над кнігай. Лектар
не вітае людзей і не робіць знакаў крыжа над кнігай і на сабе.
Муку Пана могуць чытаць дыяканы ці святары наперамен з хорам. Калі неабходна, целебрант чытае словы Хрыста. Муку Пана могуць чытаць таксама свецкія, але словы Хрыста, пажадана, каб чытаў целебрант. Колькасць чытачоў залежыць ад абставінаў.
Толькі дыяканы перад спяваннем Мукі Пана просяць цэлебранта аб благаслаўленні, як звычайна перад Евангеллем. Для зручнасці чытання Мукі Пана ў тэксце змешчаны наступныя знакі:
Е. — словы Хрыста
Ев. — словы евангеліста
І. — словы адной асобы
Л. — словы некалькіх асобаў
ЕВАНГЕЛЛЕ Мк 15, 1–39
Мука Пана нашага Езуса Хрыста.
Ев. З самай раніцы першасвятары са старэйшынамі і кніжнікамі і ўся Высокая рада зрабілі нараду і, звязаўшы Езуса, павялі і аддалі Пілату. Пілат спытаўся ў Яго: І. Ты Кароль Юдэйскі? Ев. Ён жа сказаў яму ў адказ: І. Ты кажаш. Ев. І абвінавачвалі Яго першасвятары ў многім. Пілат жа зноў спытаўся ў Яго: І. Ты нічога не адказваеш? Паглядзі, колькі сведчыць супраць Цябе. Ев. Езус жа нічога больш не адказваў, таму дзівіўся Пілат.
Езуса асуджаюць на смерць
На кожнае свята ён адпускаў ім аднаго вязня, якога прасілі. Быў жа нейкі Барабба, зняволены са сваімі саўдзельнікамі, якія падчас бунту ўчынілі забойства. І, падышоўшы, натоўп пачаў прасіць таго, што ён заўсёды рабіў ім. Пілат жа сказаў ім у адказ: І. Хочаце, адпушчу вам Караля Юдэйскага? Ев. Бо ведаў, што першасвятары выдалі Яго ад зайздрасці. Але першасвятары падбухторылі народ, каб адпусціў ім лепш Бараббу. Пілат, адказваючы, зноў сказаў ім: І. Што хочаце, каб я зрабіў з тым, каго вы называеце Каралём Юдэйскім? Ев. Яны зноў закрычалі: Л. Укрыжуй Яго! Ев. Пілат сказаў ім: І. Што дрэннага зрабіў Ён? Ев. Але яны яшчэ мацней закрычалі: Л. Укрыжуй Яго! Ев. Тады Пілат, хочучы дагадзіць людзям, адпусціў ім Бараббу, а Езуса пасля бічавання аддаў на ўкрыжаванне.
Жаўнеры насміхаюцца з Езуса
Жаўнеры адвялі Яго ў сярэдзіну дзядзінца, гэта значыць, у прэторыю, і сабралі цэлую кагорту. І апранулі Яго ў пурпур, і, сплёўшы цярновы вянок, усклалі на Яго. І пачалі вітаць Яго: Л. Вітай, Кароль Юдэйскі! І білі яго па галаве трысцінай, і плявалі на Яго, і, згінаючы калені, кланяліся Яму. А калі насмяяліся з Яго, знялі пурпур і апранулі ў Ягонае адзенне, і павялі, каб укрыжаваць.
Укрыжаванне Езуса
І прымусілі нейкага прахожага Сымона кірынейца, бацьку Аляксандра і Руфа, які ішоў з поля, несці Ягоны крыж. І прывялі Яго на месца званае Галгота, што азначае: Месца чэрапа. І давалі Яму піць віно са смірнаю, але Ён не ўзяў. І тыя, хто ўкрыжаваў Яго, дзялілі вопратку Ягоную, кідаючы жэрабя, каму што ўзяць. Была ж трэцяя гадзіна, калі ўкрыжавалі Яго. І быў надпіс з віной Ягонай: Кароль Юдэйскі. Разам з Ім укрыжавалі двух злачынцаў, аднаго з правага, другога з левага боку ад Яго. І збылося Пісанне, якое гаворыць: і да злачынцаў залічаны. Тыя, хто праходзіў міма, зневажалі Яго, ківаючы галовамі сваімі і кажучы: Л. Гэй! Ты, што руйнуеш святыню і за тры дні будуеш, уратуй сябе самога, сышоўшы з крыжа. Ев. Падобна і першасвятары з кніжнікамі, насміхаючыся, казалі адзін аднаму: Л. Іншых ратаваў, а сябе не можа ўратаваць! Хрыстус, Кароль Ізраэля, няхай сыдзе цяпер з крыжа, каб мы ўбачылі і паверылі. Ев. І тыя, хто быў укрыжаваны разам з Ім, зневажалі Яго.
Смерць Езуса
Калі надышла шостая гадзіна, цемра ахапіла ўсю зямлю аж да дзявятай гадзіны. Каля дзявятай гадзіны ўсклікнуў Езус моцным голасам: Е. Элі, Элі! лема сабахтані! Ев. Што азначае: Божа Мой, Божа Мой, чаму Ты Мяне пакінуў? Некаторыя з тых, хто стаяў там, чуючы гэта, казалі: Л. Ён кліча Іллю. Ев. А адзін пабег, намачыў губку воцатам і, насадзіўшы на трысціну, паіў Яго, кажучы: Л. Чакайце, паглядзім, ці прыйдзе Ілля зняць Яго. Ев. Езус жа, ускрыкнуўшы моцна, сканаў.
Усе становяцца на калені і некаторы час захоўваюць маўчанне
І заслона ў святыні разарвалася надвое зверху аж данізу. Сотнік, які стаяў насупраць Яго, сказаў, убачыўшы як Ён канаў: І. Сапраўды Чалавек гэты быў Сынам Божым.
Гэта слова Пана.
Паводле catholic.by
Меткі: Нядзеля, Слова Божае, Лекцыянарый, Разважанні