Чацвер — трэці звычайны тыдзень, Год ІІ
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ 2 Сам 7, 18–19. 24–29
Хто я, Пане Божа, і які дом мой
Чытанне Другой кнігі Самуэля.
Пасля таго, як Натан прамовіў да Давіда, увайшоў кароль Давід, сеў перад абліччам Пана і сказаў: Хто я, Пане Божа, і які дом мой, што Ты прывёў мяне аж сюды? І гэта яшчэ здалося малым ў вачах Тваіх, Пане Божа, і Ты сказаў пра дом слугі Твайго на будучае. Гэта паводле закону чалавека, Пане Божа.
Ты ўмацаваў сабе народ Твой, Ізраэль, свой народ навекі, і Ты, Пане, стаў яго Богам. І цяпер, Пане Божа, умацуй навекі слова, якое Ты сказаў пра слугу свайго і яго дом, і зрабі, як Ты казаў. Тады ўзвялічыцца навекі імя Тваё, і скажуць: Пан Магуццяў ёсць Богам Ізраэля. Дом слугі Твайго, Давіда, будзе непахісна трываць перад Табою. Бо гэта Ты, Пане Магуццяў, Божа Ізраэля, аб’явіў свайму слузе, кажучы: Збудую табе дом. Таму слуга Твой знайшоў у сэрцы адвагу маліцца да Цябе такою малітваю. Вось жа, Пане мой Божа, Ты – Бог, і словы Твае – праўда. Ты паабяцаў гэтае дабро слузе Твайму.
Будзь ласкавы благаславіць дом слугі свайго, каб ён быў навекі перад Табою, бо Ты, Пане Божа, сказаў гэта, і Тваім благаслаўленнем благаслаўлёны будзе дом слугі Твайго навекі.
Гэта слова Божае.
РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ Пс 132 (131), 1–2. 3–5. 11. 12. 13–14 (Р.: пар. Лк 1, 32b)
Рэфрэн: Дасць Яму Пан Бог трон айца Давіда.
1. Успомні, Пане, Давіда *
і ўсе яго цярпенні.
2. Як ён Пану кляўся, *
даваў прысягу Усемагутнаму Богу Якуба.
Рэфрэн:
3. Не ўвайду ў шацёр свайго дому, †
не ўзыду на ложа пасцелі сваёй, *
4. не дам заснуць сваім вачам і павекам маім задрамаць,
5. пакуль не знайду месца для Пана, *
шатра для Усемагутнага Бога Якуба.
Рэфрэн:
11. Прысягаў Пан Давіду ў вернасці, *
і не адступіць ад яе:
Народжанае ад цябе патомства *
пасаджу на троне тваім.
Рэфрэн:
12. Калі сыны твае будуць захоўваць Мой запавет *
і Мае сведчанні, якім навучу іх,
то іхнія сыны вечна будуць сядзець *
на троне тваім.
Рэфрэн:
13. Пан выбраў Сіён, *
упадабаў яго сабе як жыллё.
14. Гэта месца Майго адпачынку навекі, *
тут пасялюся, бо ўпадабаў яго.
Рэфрэн:
СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ Пс 119 (118), 105
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
Слова Тваё – светач для маёй нагі
і святло для маёй сцежкі.
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
ЕВАНГЕЛЛЕ Мк 4, 21–25
Для таго прыносіцца светач, каб паставіць яго на падсвечніку. Якой мераю мераеце, такой і вам будзе адмерана
+ Чытанне святога Евангелля паводле Марка.
У той час:
Езус сказаў народу: Ці для таго прыносіцца светач, каб паставіць яго пад кош або пад ложак? Ці ўсё ж для таго, каб паставіць яго на падсвечніку? Бо няма нічога схаванага, што б не адкрылася, і няма нічога таемнага, што б не выявілася. Хто мае вушы, каб слухаць, няхай слухае.
І сказаў ім: Зважайце на тое, што чуеце. Якой мераю мераеце, такой і вам будзе адмерана, і яшчэ дададзена. Бо хто мае, таму дадзена будзе, а хто не мае, у таго адымецца і тое, што мае.
Гэта слова Пана.
Паводле catholic.by
Меткі: Чацвер, Слова Божае, Лекцыянарый, Разважанні