Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 365-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:         

Ксёндз Ігар Лашук: праз малітву за памерлых мы скарачаем час прабывання душаў у чыстцы

Смерць — гэта не канец? Ці хоча сатана, каб пра яго ведалі людзі? Які лёс неахрышчаных пасля смерці? Пра гэта і іншае чытайце ў размове Catholic.by з кс. Ігарам Лашуком, дыяцэзіяльным апекуном руху Апостальства дапамогі душам чыстцовым.

Касцёл называе смерць чалавека пераходам. Дык куды трапляе душа чалавека пасля смерці?

— Смерць — гэта частка жыцця. Калісьці святы Францішак з Асізі назваў яе «сястра-смерць», а сястра не можа не з’яўляцца часткай жыцця, падобна як сястра ці брат у нашых сем’ях.

Калі мы зазірнем у першакрыніцу — Святое Пісанне, то ўбачым, што ўсё ў ім скіроўвае нас да спаткання з Богам. Спатканне з Богам павінна быць мэтай кожнага чалавека.

Першае, абсалютнае спатканне з Богам адбылося, калі Пан стварыў чалавека і пасяліў яго ў раі. Спатканне з Богам у хвіліну смерці чалавека — можна назваць другім спатканнем.

І я хацеў бы падкрэсліць, што сёння ўсё больш і больш навука адкрывае, прыводзіць факты, якія немагчыма абвергнуць, што пасля смерці жыццё працягваецца.

З раем усё зразумела — душа з Богам. А вось калі душа ў пекле?..

— Вымярэнне пекла, так скажам, — гэта той паралельны свет, які існуе ў саміх нас. Трапна напісана ў Святым Пісанні: «З глыбіні я клічу Цябе, Пане. Пане, пачуй мой голас». Гэты Псальм часта спяваецца падчас жалобных набажэнстваў. Што азначае «з глыбіні Цябе я клічу»? Гэта не значыць, што я недзе ў яме сяжу. Глыбіня — гэта наша сэрца, вобразна кажучы. Альбо чытаем у Пісанні: «выплыві на глыбіню». Тут таксама: не трэба выходзіць у мора, трэба ўвайсці ў сябе, зазірнуць у глыбіню сваіх пачуццяў, свайго пазнання. Якая твая глыбіня? Яна чыстая? Брудная? Менавіта гэтую глыбіню мы ачышчаем падчас споведзі. І можна так сабе ўявіць, што пекла — гэта агонь у глыбіні чалавека, калі там усё кіпіць, гарыць агнём, які спусташае і прычыняе боль.

У фацімскіх аб’яўленнях Маці Божая паказала дзецям пекла, як там пакутуе душа чалавека. Яна паказала вобразна. Чаму? Бо чалавек не можа ўявіць сваю глыбіню. Але праз вобраз бачных пакутаў мы можам хоць крыху ўявіць, што робіцца ў грэшным чалавеку, што адбываецца ў глыбіні пекла, з якой чалавек не можа вылезці. Вось сутнасць пекла.

Калі душа ў чыстцы, гэта значыць яна мае ласку бачыць свабодны выхад са сваёй пакутнай глыбіні. Ёсць надзея, што аднойчы ўдасца выбрацца з гэтай глыбіні і ўбачыць святло, адчуць у сабе супакой. Таму мы і молімся: «Пане, дай нам супакой». Я назваў бы пекла глыбокай роспаччу чалавека.

Я чытаў гісторыю пра аднаго афіцэра, які аднойчы пасля святой Імшы спытаў у капелана, ці сапраўды існуе пекла. Святар адказаў: «Трапіш — убачыш». Гэтыя словы моцна адбіліся ў свядомасці таго вайскоўца і праз нейкі час ён зведаў навяртанне.

Не трэба насміхацца над існаваннем існага. Д’яблу нявыгадна, каб чалавек верыў у існаванне пекла і неба. Калі чалавек не верыць, то трапіць, як кажуць, куды трэба сатане. І сам сатана не хоча, каб верылі ў яго існаванне. Калі чалавек не верыць ні ў Бога, ні ў д’ябла, тады ён не мае ніякай надзеі. Смерць для яго — гэта канец.

Самае страшнае, калі чалавек не бачыць прасвету пасля смерці. Гэта бяда, бо чалавек не бачыць выхаду.

Апісаць неба або пекла немагчыма. Мы можам толькі абапірацца на характарыстыкі, якія нам дае Езус у Евангеллі, або якія Касцёл атрымаў праз аб’яўленні Маці Божай. І Бог кажа нам пра існаванне пекла не дзеля таго, каб настрашыць, а каб даць натхненне і надзею. А надзею дае магчымасць пакаяння. Якім бы грэшнікам чалавек ні быў, пакаянне ачышчае. Але гэта не значыць, што цяпер можна рабіць што заўгодна, а потым пакаемся. Пытанне, ці дасць табе Бог момант для пакаяння, ці выпрасіў ты гэтую магчымасць?

— Такім чынам, пекла, неба, чысцец — гэта стан душы, і калі мы не ў раі, то гэта наш смутак па Богу?

— Так! Гэта стан душы. Нават сёння. Бо і на зямлі душа грэшнага чалавека перажывае пекла. Душа чалавека пасля споведзі знаходзіцца ў чыстцы. Бо сакрамэнтальнай пакуты, якую ў канцы споведзі прызначае ксёндз, не дастакова, каб кары былі дараваныя. Сакрамэнтальная пакута — гэта ўдзячнасць за споведзь, за адпушчэнне грахоў. Таму існуюць адпусты. І да іх трэба ставіцца сур’ёзна. Узгадайце, як д’ябал праз Рэфармацыю выступіў супраць адпустаў. Адпусты высмейваліся.

Адпуст — гэта рэальная магчымасць праз выкананне простых рэчаў атрымаць адпушчэнне караў за грахі!

Узгадайце Наамана. Ён прыехаў да прарока Елісея, які аздараўляў ад праказы, і не пажадаў акунуцца ў Ярдан. Для яго гэта было занадта проста! Хіба ж можна аздаравіцца праз купанне ў рацэ?! А як жа ўскладанне рук, малітва, прызыванне Бога?!.

Збаўленне, у пэўным сэнсе, — гэта проста. Бог дае чалавеку простыя рэчы! Чалавеку толькі руку працягнуць, а ён не — пачынае ўскладняць.

Вучэнне Касцёла кажа, што пасля смерці душа ўжо не можа сабе дапамагчы. Дапамога для іх — гэта мы, якія яшчэ жывём на гэтай зямлі, наша малітва. Лістапад — месяц, прысвечаны малітве за памерлых. Прыгадайце, калі ласка, нашым чытачам пра вартасць гэтай малітвы і адпустаў.

— Адпусты мы можам ахвяраваць за сябе або за памерлых.

У першыя восем дзён лістапада, так званую актаву малітвы за памерлых, існуе магчымасць атрымоўваць адпуст за памерлых. Акрамя ўдзелу ў святой Імшы, прыняцця святой Камуніі і малітвы ў інтэнцыях Святога Айца ў гэтыя дні таксама трэба наведваць могілкі.

Узгадаем таксама, як ізраільцяне 30 дзён аплаквалі адыход Майсея. Аплаквалі — гэта значыць узносілі просьбы да Пана Бога. І ў Касцёле існуе традыцыя на 30-ты дзень пасля смерці чалавека замаўляць за яго Імшу. Але трэба ўсведамляць, што таксама на працягу гэтых трыццаці дзён трэба маліцца за памерлага, і маліцца абавязаны ўсе яго блізкія і родныя.

Варта таксама памятаць пра ўчынкі міласэрнасці дзеля збаўлення памерлага.

Святы айцец Піо казаў, што на святой Імшы больш душаў, церпячых у чыстцы, чым саміх вернікаў. І яны глядзяць нам у рот, просяць, каб мы прынялі ў іх інтэнцыі Камунію. Просяць і нічога не могуць зрабіць, каб мы пачулі іх маленні.

Мы молімся, ахвяруем адпуст за канкрэтную душу, бо не ведаем, дзе яна знаходзіцца. І вось тут узнікае пытанне: калі душа ўжо ў раі, ці ёсць карысць ад нашай малітвы?

— Мы добра ведаем такую праўду нашай веры як еднасць святых: Касцёл зямны, нябесны і церпячы. Церпячы — гэта чысцец. Мы не выключаем яго з Касцёла. Адпаведна мы не ўключаем у Касцёл пекла. З Касцёла ў пэўных выпадках выключаюцца і ўсе вялікія грэшнікі, але толькі да моманту іх пакаяння.

Сапраўды, мы не ведаем, дзе знаходзіцца душа памерлага чалавека. Але мы ведаем пра тыя Божыя ласкі, якія выплываюць з нашай малітвы за душу збаўленую: душа яднаецца з намі ў малітве, і малітва гэтая ахвяроўваецца за церпячы або пілігрымуючы Касцёл. Збаўленая душа адчувае нашую малітву, якую мы ахвяруем за яе праз адпуст, і так проста гэтая малітва не знікае.

Як сказана ў Святым Пісанні, слова Божае, як раса. Гэтаксама і малітва — як раса. А сіла малітвы залежыць ад таго, як яна была выказана з нашай глыбіні. Калі молішся засяроджана, ад сэрца, з верай, то і камень перасунецца.

Ці азначае гэта, што, молячыся за нейкую душу, якая ў пекле, нашыя малітвы таксама «перанакіроўваюцца» на церпячы або пілігрымуючы Касцёл...

— З прыпавесці пра беднага Лазара мы можам зразумець, што выхаду з пекла няма. Таксама немагчыма ніякая дапамога для тых, хто знаходзіцца ў пекле. Аднак, малітва заўсёды карысная: калі не памерлы, то той, хто жыве, атрымае ад яе карысць.

Касцёл моліцца за ўсіх памерлых вернікаў, гэта значыць за тых, хто быў верны Богу. Ад нас закрыта хвіліна спаткання другой душы з Богам. Таму, ахвяруючы малітвы за памерлых, будзем памятаць, што Бог не хоча смерці грэшніка.

Часам памерлыя родныя і сваякі могуць сніцца сваім родным: просяць есці або знаходзяцца ў нейкім месцы, не прыстасаваным для жыцця, або бачым спачылага смутным. Калі Бог даў нам убачыць гэтага чалавека, я думаю, гэта значыць яму патрэбна наша малітва. І ў такіх выпадках я заўсёды рэкамендую прымаць у іх інтэнцыі Камунію.

Калі чалавек не ахрышчаны, які яго лёс пасля смерці?

— Карыстаючыся нагодай, хачу ўсім нагадаць: калі хтосьці з вашых родных не ахрышчаны, дапамажыце ім прыйсці ў Касцёл; калі хтосьці з вашых родных моцна захварэў — паклічце святара. Зло будзе рабіць усё, каб не пусціць чалавека да хросту.

Сёння ў свеце вельмі шмат неахрышчаных. І што з імі будзе — невядома. У Дакументах Другога Ватыканскага Сабору гаворыцца, што кожны нехрысціянін — ці то габрэй, ці то мусульманін, ці то яшчэ хто — мае тыя самыя запаведзі, паводле якіх ён мае не права, але абавязак жыць. Іншае пытанне, як ён трактуе гэтыя запаведзі. Запаведзь «не забівай» ёсць не толькі ў хрысціянаў, яна ёсць і ў мусульманаў.

Пытанне адносна збаўлення неахрышчаных вельмі складанае. У Касцёле ёсць абрад пахавання неахрышчанага дзіцяці, бо дзіця можа памерці да нараджэння або нарадзіцца мёртвым. Бог яго не пакідае.

За неахрышчанага памерлага можна замаўляць святыя Імшы. Ксёндз моліцца аб Божай міласэрнасці для яго душы.

Таямніца...

Чалавек моліцца за памерлых, ахвяруе за іх адпусты, але нагадаем пра моц Эўхарыстыі — калі за душу памерлага цэлебруецца святая Імша.

— Імша, Святая Ахвяра — гэта самая вялікая малітва, якая існуе ў хрысціянаў. І парадокс у тым, што часта людзі адмаўляюцца ад гэтай малітвы. Яны прыходзяць да святара, просяць аб малітве, а калі прапаноўваеш Імшу ахвяраваць, адмаўляюцца — не трэба!

Дзякуючы святым Імшам у інтэнцыі душаў памерлых, мы скарачаем час іх прабывання ў чыстцы.

Распавядзіце, калі ласка, пра грыгарыянскую Імшу. Некаторыя католікі на схіле жыцця просяць сваіх блізкіх замовіць за іх гэтую Імшу.

— Грыгарыянская Імша бярэ свае карані з часоў Грыгорыя Вялікага.

Жыў адзін манах бэнэдыктынец. Пасля яго смерці пад цюфяком, на якім ён спаў, знайшлі некалькі манет. Назвалі яго срэбралюбцам і пахавалі недзе на сметніку. Але Грыгорый Вялікі — у той час ён быў абатам бэнэдыктынскага манастыра ў Рыме — загадаў маліцца за спачылага брата кожны дзень святую Імшу. І на трыццаты дзень гэтых малітваў да яго прыйшоў родны брат спачылага манаха і распавёў, што той прысніўся яму і ў сне сказаў, што дзякуючы святым Імшам, якія распачаліся ў кляштары, ён узышоў на неба. Той чалавек не ведаў, што за яго спачылага брата цэлебраваліся Імшы. Тады Грыгорый Вялікі загадаў адкапаць парэшткі і перахаваць іх у годнае месца.

Пазней, стаўшы Папам, ён увёў грыгарыянскія Імшы — трыццаць Імшаў за памерлага, якія цэлебруюцца запар на працягу трыццаці дзён.

Ксёндз Ігар, Вы з’яўляецеся душпастырам Апостальства дапамогі душам чыстцовым Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. У чым сутнасць гэтай формы апостальства?

— «Калі двое ці трое сабраліся ў імя Маё, там Я сярод іх...» Апостальства — гэта супольнась, а значыць людзі моляцца за памерлых супольна. Гэта моцная, глыбокая малітва. Гэта першая важная рэч. А другая — і найважнейшая рэч! — гэта апостальства ў значэнні прапаведавання, гэта распаўсюджванне дадзенай практыкі, гэта прыклад малітвы за памерлых, а таксама натхенне іншых на малітву за пакутуючы Касцёл.

Мы дапамагаем душам у чыстцы, а праз гэта дапамагаем і сабе ў перспектыве. Бо душы, да збаўлення якіх мы прычыніліся, сваімі малітвамі дапамогуць нам не памерці грэшнікамі.

Размаўляла Валянціна Грамыка
Паводле  catholic.by

Меткі: Успамін усіх памерлых, чысцец