Дарога да шчасця, або Як распазнаць пакліканне
Даволі часта, прыходзячы ў касцёл, можна пабачыць кансэкраваных асобаў – сясцёр і братоў, айцоў. Усе яны належаць да нейкіх ордэнаў і супольнасцяў, якія маюць сваю акрэсленую харызму і заданне. Кожны чалавек, прымаючы рашэнне ўступіць у манаскую супольнасць, паступова знаёміцца з жыццём людзей, якія там прабываюць, праз працу, малітву і супольнае жыццё пачынае паволі напаўняцца духам таго ці іншага кляштара. І так з цягам часу маладзён ператвараецца ў сапраўднага манаха, які ўвабраў у сябе дух, харызму і акрэслены спосаб жыцця.
Але працэс фармацыі займае даволі шмат часу і патрабуе шмат сілаў. Кожны павінен прайсці шлях ачышчэння, які распачынаецца з навіцыяту. Так на самым пачатку дарогі чалавек адкрывае, наколькі адрознівацца сапраўднае жыццё ў кляштары ад жыцця, якое ён сабе да гэтага ўяўляў. Браты не такія цудоўныя, правілы парушаюцца, не ўсе імкнуцца быць святымі, не ўсе ходзяць на малітвы, не ўсе посцяць, не ўсе выконваюць належным чынам свае абавязкі, не ўсе ставяцца да цябе спагадліва і г.д. Можна было б пералічыць цэлы шэраг праблемаў і недахопаў. І так год за годам чалавек вучыцца прымаць жыццё ва ўсёй яго рэальнасці. Навучыўшыся прымаць іншых такімі, якія яны ёсць, малады чалавек пачынае ўсведамляць, што кожны мае свой шлях да Бога і Езус патрабуе ад нас толькі любіць Яго і любіць іншых, як самога сябе, а не папікаць свет за тое, што ён грэшны.
Далей паглынае вір розных заняткаў. Не хапае часу на малітву. Жыццё пачынае каштаваць дорага – за яго трэба змагацца. З часам прыходзіць нуда. Праз гэта таксама трэба прайсці – не дазволіць шэрасці дзён прыціснуць цябе да зямлі. На дапамогу прыходзяць крэатыўнасць і шырыня мыслення. Ва ўсім гэтым віры пачынае з’яўляцца месца для радасці жыцця, якое ты сам для сябе падрыхтаваў. Чалавек вучыцца любіць самога сябе, пакідае свой эгаізм дзеля паляпшэння навакольнага свету, у якім, дарэчы, сам знаходзіцца.
Можа здавацца, што працэс фармацыі завершаны, але гэта не так. На працягу ўсяго гэтага часу ў розныя моманты павінна з’яўляцца пытанне: «Ці шчаслівы я?» І гэта пытанне не проста аб тым, як чалавек сябе адчувае; гэта пытанне аб тым, ці на сваім месцы ён знаходзіцца.
Гэтае пытанне, на маю думку, з’яўляецца адным з найбольш істотных у працэсе распазнавання паклікання. Справа ў тым, што ў кляштары чалавек мае ўсё неабходнае для жыцця. Ён мае што з’есці і што апрануць, мае шэраг розных прывабных магчымасцяў развіваць свае таленты. Няма неабходнасці клапаціцца пра «хлеб штодзённы» і іншыя «свецкія» рэчы. І ў гэтым няма нічога дрэннага. Жыццё кансэкраванай асобы павінна быць прасякнута малітвай, пазнаваннем Бога і людзей, з якімі ён жыве, а для гэтага неабходна шмат вольнага ад «свецкіх» заняткаў часу. Прычым, ужываючы слова «прасякнута», я зусім не маю на ўвазе нястомнае прабыванне ў капліцы альбо бібліятэцы. Жыццё ў кляштары па сваёй сутнасці не вельмі адрозніваецца ад жыцця ў свеце. Чалавек мае свае абавязкі перад супольнасцю, у якой жыве, ён працуе, вучыцца, прыбірае, гатуе і г.д. Тое, што адрознівае кансэкраванае жыццё ад жыцця ў свеце, – гэта кантэмпляцыя. Звычайна людзі не маюць часу паразважаць на тэму стварэння свету, пэўных пытанняў веры, таго, як павінен выглядаць свет і чаму ён выглядае так ці інакш. Усё гэта і з’яўляецца «прасякнутасцю» кансэкраванага жыцця. Манах павінен спасцігаць сэнс і правілы жыцця ў найбольш глыбокім іх вымярэнні, менавіта гэта павінна набліжаць яго да Бога.
Але гэты шлях не для ўсіх. Паглыбленае «даследаванне» Бога не з’яўляецца адзінаю дарогаю, каб наблізіцца да Пана. Як ведае кожны з нас, Бог ёсць Любоў, і на гэтым грунтуецца ўсё хрысціянскае жыццё. Той, хто больш любіць, знаходзіцца бліжэй да Бога. Гэты даволі просты «алгарытм» можа быць вельмі карысным на шляху распазнання жыццёвай дарогі. Дастаткова толькі задаваць сабе ключавое пытанне: «Ці шчаслівы я?»
Магчыма, гэта можа прагучаць неяк эгаістычна, але насамрэч проста не існуе шчасця без любові, якой і ёсць сам Бог. Такім чынам, калі чалавек шчыра кажа, што ён шчаслівы, то гэта значыць, што ў ягоным жыцці прысутнічае любоў, якая дае яму крылы, каб, нягледзячы на розныя цяжкасці, працягваць радавацца жыццю. Калі гэтага шчасця няма, то чалавек заўсёды будзе адчуваць няўпэўненасць. Ён будзе пытаць сябе: «Што значыць гэтае “шчасце”? Ці тое, як я цяпер жыву, можна назваць шчасцем»? Падсумоўваючы, можна сказаць, што калі чалавек шчаслівы, то ён гэта дакладна ведае.
Яшчэ адной даволі важнай прыкметай з’яўляецца радасць. Менавіта па ёй можна пазнаць, ці сапраўды чалавек шчаслівы. Перадусім гэта заўважаецца ў настроі чалавека.
Задуменнасць, няўпэўненасць, не вельмі шчырая ўсмешка, кепскае пачуццё гумару, адчужанасць і замкнёнасць – усё гэта, на маю думку, з’яўляецца прыкметаю таго, што сваё шчасце належыць пашукаць у іншым месцы. Чалавек створаны для шчасця; Бог любіць нас і таму хоча, каб мы былі шчаслівыя. Таму той, хто хоча наблізіцца да Бога, павінен кіравацца туды, дзе знойдзе сваё шчасце.
Варта памятаць, што распазнаванне паклікання – гэта працэс, дарога. Часам даволі складаная і поўная неспадзяваных паваротаў. Адзінае, што нам застаецца, – гэта даверыцца Богу і не баяцца рызыкаваць. Абіраючы шлях жыцця, якім мы думаем пайсці, мы ніколі не будзем упэўненыя ў ім на 100%. Магчыма, абраўшы нейкі шлях, мы зразумеем, што памыліліся, і трэба будзе ўпісацца ў новы паварот, за якім можа распачацца наш «аўтабан» да неба. Так, памылкі здараюцца, але можна падыходзіць да іх як да часткі шляху, які падрыхтаваў для нас Бог.
Паводле ave-maria.by
Меткі: пакліканне, Разважанні, Моладзь, Хрысціянства