Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 365-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:         

  • Галоўная
  • Парафія
  • Навіны
  • На юбілей Ігната Дамейкі ў Чырвоным касцёле прайшла святая Імша

На юбілей Ігната Дамейкі ў Чырвоным касцёле прайшла святая Імша

Каталiцкi касцёл Чылі вядзе падрыхтоўчую працу для кананізацыі Ігната Дамейкі (1802 – 1889), слаўнага сына беларускага народа, даследчыка-геолага, мінеролага, нацыянальнага героя Чылі. Пра гэту навіну з радасцю даведаўся ксёндз-пробашч Чырвонага касцёла Уладыслаў Завальнюк падчас прыёму дэлегацыі з Чылі.

Ігнат Дамейка31 ліпеня, у дзень 215-годдзя нашага слыннага суайчынніка, адбылася ўрачыстая святая Імша, у якой узялі ўдзел прадстаўнікі сям’і Дамейкаў. Паздней дэлегацыя возьме ўдзел у навуковай канферэнцыі “Геалогія і мінеральныя рэсурсы Захада Ўсходне-Еўрапейскай платформы” прысвечанай юбілею Ігната Дамейкі, якая пройдзе ў Нацыянальнай Акадэміі навук.

“Я вельмі ўсхвалявана цырымоніяй, – сказала сеньёра Паз Дамейка праўнучка Ігната Дамейкі. – Мне вельмі прыемна бачыць яго партрэт у касцёле і ікону Божай Маці, перад якой ён маліўся. Дон Ігнацыё быў добрым мужам і сем’янінам, таму ў яго ў Чылі шмат нашчадкаў, сям’я даволі вялікая…”

Сеньёра Дамейка прыбыла на Беларусь разам са сваёй сястрой Сесіліяй, якая жыве і ў Вашынгтоне, і пляменнікам Мігелем, які жыве ў Чылі. Паз Дамейка мае пяць дачок і шасцярых унукаў.

Яе прадзед Ігнат Дамейка нарадзіўся 31 ліпеня 1802 года ў дзень памяці святога Ігната Лаёлы ў мястэчку Вялікая Мядведка Наваградскага павета. Пасля смерці яго бацькі маці засталася з трыма сынамі і дзвума дочкамі. Ігнат Дамейка выхоўваўся ў доме свайго дзядзькі Юзафа на Лідчыне. З 1812 году разам з старэйшым братам Адамам Дамейкам Ігнат навучаўся ў школе ордэну піяраў у Шчучыне. Па сканчэнні школы ў 1816 годзе паступіў на фізiка-матэматычны факультэт Віленскага ўніверсітэту, дзе далучыўся да дзейнасці Таварыства філаматаў і філарэтаў. Ён насіў канспіратыўнае імя Жэгота. Пасля суду над філаматамі і вызвалення з Віленскай турмы Ігнат Дамека жыў на Лідчыне пад наглядам паліцыі. У 1830 годзе ён адправіўся ў Літву, а потым – у Польшчу і Германію. У 1834 годзе Ігнат Дамейка паступіў у Горную школу ў Парыжы. У 1837 годзе ён склаў геалагічную, гідраграфічную і гаспадарчую мапы былой Рэчы Паспалітай.

мінерал, адкрытый Ігнатам Дамейка

У 1838 годзе Ігнат Дамейка атрымаў званне прафэсара, а ў 1847 годзе ён атрымаў кафедру хіміі ў Чылійскім унівэрсітэце ў Сан’яга.У снежні 1848 году ён стаў грамадзянінам Чылі. У 47-гадовым узросце даследчык пазнаёміўся з прыгожай 16-гадовай чылійкай Энрыкетай Сотамаёр Гусман (1834 – 1870) і 7 ліпеня 1850 пабраўся з ёй шлюбам, пражыўшы разам яшчэ дваццаць гадоў.

У Чылі вельмі шануюць дона Ігнацыё. Імя Дамейкі носіць вулканічны ланцуг гораў у Андах (Cordillera Domeyko); мінерал дамейкіт (domeykite, Cu3As); фіялкавая кветка (Viola domeykana); малая планета 2784 Domeyko; шэраг аб’ектаў тапанімікі і грамадскіх установаў па ўсім свеце.

Ігнат Дамейка

У Чылі ёсць невялікае мястэчка Дамейка ў адміністрацыйным рэгіёне Атакама, паміж гарадамі Ла-Сэрэна і Вальенар, у якім жыве каля 1 тыс. жыхароў. Пуэрта-Дамейка (Puerto Domeyko) – порт Дамейкі на паўднёва-заходнім беразе возера Льянкіуэ (Llanquihue) – другога па велічыні возера ў Чылі. Lugarejo Domeyko – пасёлак каля порта Дамейка. У Сант’яга стаіць помнік «Грандэ Эдукатору». У яго гонар названыя вуліцы ў Сант’яга-дэ-Чылі, Вальпараіса і яшчэ ў васьмі гарадах Чылі, а таксама ў Вільні, Мінску і Наваградку.

Пра экспедыцыю ў Чылі прадстаўнікоў Беларусі, якая адбывалася ў 2012 годзе, распавеў касцёльны актывіст Леанід Галубоўскі. Выкладчыкі геаграфічнага ўніверсітэта БДУ адправіліся ў Чылі разам з рэктарам Абламейкам, наведалі ўніверсітэт у Сант’яга. Капсула з зямлёй з Беларусі была дастаўлена ў радавую спачывальню сям’і Дамейкаў у Сант’яга. Удзельнікі экспедыцыі пабывалі ў гарах, наведалі Патагонію, экватарыяльныя раёны краіны і горад Ла-Сэрэна. Былая горная школа ў Ла-Сэрэне, а сёння – універсітэт, носіць імя Ігната Дамейкі. З Чылі на Беларусь таксама была дастаўлена капсула з зямлей.

Эла Дзвінская

Меткі: Мінск, Гісторыя