”Постабортны сіндром“, у Чырвоным касцёле прайшоў семінар.
22 красавіка ў мінскім касцёле св. Сымона і Алены прайшоў семінар на тэму ”Постабортны сіндром“. Падчас форуму выступілі псіхолагі, лекар-гінеколаг, а таксама каталіцкі святар. Слухачамі сталі прыхаджане касцёла, актывісты руху ”Пралайф Беларусь“, навучэнцы Мінскага катэхетычнага каледжа і іншыя.
“Тэма абортаў і іх наступстваў актуальная для нашага грамадства”, – адзначыў у пачатку лекцыі псіхатэрапеўт Віталь Гулыга. Віталь Юр’евіч з’яўляецца старшынёй Гільдыі псіхолагаў Брэста і выкладае ў Баранавіцкім катэхітычным каледжы. Чатыры з паловай гады ён адпрацаваў у жаночай кансультацыі і прыняў каля 3000 чалавек. У лекцыі ”Псіхалагічныя аспекты аборту“ выкладчык распавёў пра псіхалагічныя наступствы перарывання цяжарнасці. Свядомае перарыванне цяжарнасці не можа застацца без наступстваў, упэўнены псіхолаг. Але значная частка жанчын маўчыць пра гэта ўсё жыццё. Наступствамі аборта могуць стаць:
- постабортны псіхоз ( сфера псіхіатрыі);
- постабортны стрэс;
- дысфункцыя сямейнай сістэмы;
- псіхасацыяльныя наступствы для медыкаў і інш.
У ролевай гульні ўдзельнікі семінара змадэлявалі паводзіны жанчыны і сацыяльнага асяродка, які ўплывае на яе рашэнне. Часта бывае так, што да аборту жанчыну схіляе муж або бацькі, матывуючы тым, што яна яшчэ не гатовая нараджаць, не скончыла вучобу, не пабудавала кар’еру, сям’я не мае дастаткова фінансаў ці кватэры. Аргументы сям’і часцей пераважаюць над аргументамі святара.
Жанчына, якая выконвае аборт пад ціскам родных, потым адчувае вялікі душэўны боль. Гэты боль можа сысці ў падсвядомасць альбо можа быць скіраваны потым супраць мужа, што разбурае сямейную сістэму, альбо супраць медыкаў, якія выканалі аборт.
З пачатку цяжарнасці ў жанчыны ўсталёўваецца псіхаэмацыйная сувязь з дзіцём. Калі гэта сувязь раптоўна перарываецца, жанчына адчувае страту і пакутуе ад яе.
Большасць жанчын потым шкадуюць пра тое, што зрабілі аборт. Некаторых з іх турбуюць страшныя сны, у якіх яны бачаць скрываўленых немаўлят ці іншае. Пачуццё трывогі, віны не толькі застаецца ў самой жанчыны, але перадаецца яе наступным дзецям.
Псіхатэрапеўт Віталь Гулыга прывёў шмат цікавых фактаў з досведу назірання і дапамогі тым, хто пакутуе на постабортны сіндром. Частка жанчын спрабуе прымаць транквілізатары і снатворныя, каб супакоіць душэўны боль пасля аборту. Такім чынам яны могуць патрапіць у залежнасць і прымаць усё больш лекаў, што прыводзіць да разбурэння здароўя.
Медыкі, якія выконваюць аперацыю аборту, робяць гэта моўчкі, холадна і стрымана. Яны таксама пакутуюць ад зробленага, бо заціскаюць свае чалавечыя эмоцыі. Псіхолагі і сацыяльныя работнікі, якія потым працуюць з жанчынай, наадварот, суперажываюць ёй, лечаць яе ад стрэсу.
З гутаркай “Медыцынскія наступствы аборту” выступіла лекар-гінеколаг Таццяна Ярмаловіч. Хаця выгнанне плоду існавала яшчэ ў старажытным Егіпце і Грэцыі, Платон і Арыстоцель лічылі гэта прымальным, але вялікі лекар Гіпакрат выступаў супраць абортаў. У дарэвалюцыйнай Расіі існавала пакаранне за аборт. У 1920 годзе Савецкая ўлада легалізавала аборты. У 1936 годзе былі ўнесены абмежаванні на выкананне абортаў, а ў 1955 у СССР былі зноў легалізаваны аборты. Максімальная колькасць абортаў у СССР у 1964 годзе дасягнула 5,5 мільёнаў (!).
Таццяна Ярмаловіч распавяла пра медыцынскія наступствы, якія могуць чакаць жанчыну пасля выканання аборту. Асабліва шкодна перарываць першую цяжарнасць, канстатуе лекар. Ускладненнямі пасля аборту могуць стаць пашкоджанне маткі, крывацёк, запаленчыя працэсы, востры эндаметрыт, які можа прывесці да перытаніту. Ніводны лекар не можа гарантаваць бяспечнага аборту. У 2013 годзе на Беларусі на 100 родаў прыходзілася 26 абортаў.
З лекцыяй ”Колькі нас? Сацыяльна-дэмаграфічны партрэт Беларусі“ выступіла псіхолаг Ларыса Мартынава, прадстаўніца дабрачыннага Цэнтру падтрымцы сям’і і мацярынства “Матуля”. Ларыса Аркадзеўна праводзіць супрацьабортнае кансультаванне ў жаночых кансультацыях № 4, 6, 8, 32, 37, 39 Мінска і працуе на тэлефоне даверу.
Псіхолаг прывяла несуцяшальныя факты статыстыкі, якая сведчыць аб працэсах дэпапулізацыі насельніцтва на Беларусі. За мінулае дзесяцігоддзе назіралася перавага смяротнасці над нараджальнасцю, і толькі ў кастрычніку 2016 года пачаў назірацца натуральны прырост насельніцтва ў 518 чалавек. На кастрычнік 2016 года на 51963 шлюбаў прыйшлося 24076 разводаў. Гэта значыць, што 50% шлюбаў распадаюцца. На жанчыну дзетароднага ўзросту на Беларусі прыходзіцца 1,7 дзяцей. Захоўваюцца жорсткія рэпрадуктыўныя устаноўкі на 1-2 дзяцей у сям’і. У Мінску 72% сямей выхоўваюць 1 дзіця. У рэгіёнах, на вёсках колькасць дзяцей большая. Па аб’ектыўных прычынах зніжаецца колькасць жанчын дзетароднага узросту.
У канцы лекцыі псіхолаг зрабіла выснову: па ўсім свеце прычынай зніжэння нараджальнасці з’яўляецца адмова ад духоўных і хрысціянскіх каштоўнасцяў. Павелічэнне насельніцтва назіраецца ў асноўным у сем’ях вернікаў, незалежна ад канфесіі. Атэістычныя грамадствы дэманструюць зніжэнне нараджальнасці.
Паводле яе, пагрозамі для традыцыйнай сям’і з’яўляюцца: секулярызацыя грамадства, свабодныя сексуальныя адносіны, парнаграфія, разводы, фемінізм, успамагальныя рэпрадуктыўныя тэхналогіі і інш.
Маральна-этычнае пытанне аборту асвятліў у гутарцы ксёндз Аляксандр Улас.
Арганізатарам мерапрыемства выступіла грамадскае дабрачыннае аб’яднанне ”Выратаванне немаўлят“. Досвед псіхолагаў, лекараў і святароў, шчырая размова з аўдыторыяй з’яўляюцца вельмі эфектыўнымі формамі ўздзеяння на людзей.
Эла Дзвінская, фота аўтара
Паводле krynica.info
Меткі: Мінскі тэалагічны каледжа імя св. Яна Хрысціцеля, пролайф