Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 365-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:         

  • Галоўная
  • Парафія
  • Навіны
  • Ксёндз Уладыслаў Завальнюк: «Веру, што на Чырвоным касцёле будзе свая пасека з пчоламі»

Ксёндз Уладыслаў Завальнюк: «Веру, што на Чырвоным касцёле будзе свая пасека з пчоламі»

Пробашч сталічнай парафіі Св. Сымона і Св. Алены кс. Уладыслаў Завальнюк у інтэрв’ю БЕЛТА распавёў пра планы ўладкаваць на даху Чырвонага касцёла ў Мінску пчаліную пасеку. Святар таксама патлумачыў, чаму не варта асцерагацца есці «гарадскі» мёд.

кс. Уладыслаў Завальнюк

— Летам СМІ паспяшаліся паведаміць аб тым, што ў Чырвоным касцёле з’явілася пасека. Аднак неўзабаве высветлілася, што ніякіх вулляў там няма...

— Касцёл Св. Сымона і Св. Алены мае пашпарт гарадской пасекі пад нумарам адзін. Дай Божа, каб гэта быў добры зачын. Праўда, пчолы пажылі тут, на верхняй пляцоўцы зімовага саду, літаральна тыдзень. Пасля прыйшлося вывезці іх адсюль...

— Многіх гэта навіна здзівіла: ці можна трымаць пчол ва ўмовах вялікага горада?

— Сёння ў свеце назіраецца пчаліны бум. Пчолам далі прытулак Нью-Ёрк, Парыж, Ванкувер, Лондан, Берлін, Дублін, Кёльн, Мюнхен, Цюрых і іншыя гарады. Улады Нью-Ёрка прынялі спецыяльны «пчаліны» закон, і цяпер вуллі дазволілі ўсталёўваць на дахах шматпавярховых дамоў.

У Парыжы веллі размешчаны на тэатры «Гранд-опера» і на саборы Парыжскай Божай Маці, усяго ў сталіцы Францыі больш за 300 вулляў. У Ванкуверы з 2005 года пчолы прапісаліся нават у гарсавеце!

— А як быць з якасцю гарадскога мёда, ці будзе ён экалагічна чысты?

— Калі прыняць да ўвагі даныя тых арганізацый, якія кантралююць якасць мёду, высветліцца: так, будзе! На шчасце, сёння экалагічны стан у многіх гарадах, у тым ліку і ў Мінску, цалкам спрыяльны.

Пасека на верхняй пляцоўцы зімовага саду Чырвонага касцёла

«Пчолы пажылі тут, на верхняй пляцоўцы зімовага саду, літаральна тыдзень. Пасля прыйшлося вывезці іх адсюль...»

У Еўропе выкарыстоўваецца стандарт «Еўра 5» — гэта паліва з высокай ступенню ачысткі. На ўсіх беларускіх АЗС ужо на працягу года таксама прадаецца дызельнае паліва экастандарту «Еўра 5», самае бяскрыўднае па ўтрыманні рэчываў, якія выкідваюцца ў атмасферу з выхлапной трубы аўтамабіля.

Згараючы ў рухавіку, паліва амаль не забруджвае прыроду. Баяцца, што мёд з гарадскіх раслін будзе брудным і няякасным, не варта. Наадварот, гарадскі мёд часта аказваецца чысцейшым за аграрны! Гэта адбываецца таму, што многія сельскагаспадарчыя культуры ў вёсках апрацоўваюцца пестыцыдамі, якія могуць трапіць у нектар, а адтуль у мёд, а ў гарадах ядахімікаты не прымяняюцца.

— Аднак з прыходам у сталіцу гэтых добрых насякомых у скверыку спакойна не пасядзіш — уджаляць.

— Да ўтрымання ў гарадах дапускаюцца толькі міралюбівыя пароды, у нашым выпадку гэта так званая карпатка, парода, афіцыйна раянаваная ў Беларусі. Яна адрозніваецца спакоем, нават пры адкрыцці вулея не праяўляе агрэсіі і не джаліць людзей.

У пчалы моцна развіты інстынкт самазахавання. Яна ўджаліць толькі пры самаабароне, калі вы, да прыкладу, на яе моцна надавіце. Таму турбавацца прыходам пчол гараджанам няварта.

— Калі ў вас узнікла гэта незвычайная ідэя — разводзіць гарадскіх пчол?

— Аднойчы каля касцёла пчаляры адзначалі Мядовы Спас. Яны былі вельмі радыя, што іх мёд асвяціў прысутны на свяце біскуп Антоні Дзям’янка.

кс. Уладыслаў Завальнюк трымае ў руках рамку з запячатаным мёдам

Пчалаводы, карыстаючыся нагодай, звярнуліся да яго з просьбай прызначыць апекуна, капелана. Біскуп указаў на мяне, а неўзабаве Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч выпісаў дакумент, у якім указана, што я афіцыйна з’яўляюся капеланам пчалаводаў Беларусі. У мінулым годзе мы зарэгістравалі арганізацыю БелАПіЮніон (саюз арганізацый пчалаводаў — Catholic.by), на з’ездзе якой мяне выбралі старшынёй.

— Выступаючы за «мёдавізацыю» краіны, вы тым самым выступаеце ў цэлым за здаровы лад жыцця беларусаў?

— Безумоўна. Бо рафініраваны цукар выклікае залежнасць такую ж небяспечную, як і наркотык. Таму і выступаю за тое, каб у арміі, у школах, у бальніцах і спартыўных школах абавязкова ўводзілі ў рацыён мёд.

Японія стала першым спажыўцом мёду і праполісу ў свеце, і японцы займаюць першае месца на планеце па доўгажыхарству.

Сталетнюю мяжу пераадольваюць, як правіла, тыя, хто займаецца пчалярствам, а таксама члены іх сем’яў. БелАпіЮніон прапаноўвае каскадны варыянт увядзення мёду ў штодзённы рацыён у санаторыях, дзіцячых садах, у школах: так званы альтэрнатыўны падыход — калі на сталах стаіць цукар і мёд, а людзі самі робяць свой выбар на карысць таго ці іншага прадукта.

Вельмі падрабязна пра карысць мёда для здаровага ладу жыцця я напісаў у кнізе «Мёд і малако здаравей за цукар». У гэтым годзе выйшла цікавая кніга «Гарадскія пчолы ў розных краіных свету».

кс. Уладыслаў Завальнюк з дзецьмі

— Хто ў свеце з’яўляецца буйнымі пастаўшчыкамі мёду?

— Агульнасусветны збор мёду складае паўтара мільёна тон. Буйнейшымі пастаўшчыкамі з’яўляюцца Кітай, Канада, Турцыя. Наш бліжэйшы сусед Украіна ў недалёкім мінулым нарыхтоўвала больш за 70 тысяч тон мёду ў год, займаючы 1 месца і 5-е ў свеце па гэтым паказчыку.

Беларусь, на жаль, пакуль такімі дасягненнямі не можа парадавацца. У 1996 г. у нас налічвалася 495 тысяч пчоласем’яў, а ў 2011-м — толькі 223 тысячы. Па розных прычынах не стала больш за паловы пасек — ёсць пра што задумацца. Беларусь — краіна, дзе шмат кветак, лугоў і лясоў.

Кожны квадратны метр літаральна напоўнена водарам, дзякуючы чаму ёсць лішак здаровага мёду, трэба толькі захацець яго збіраць. У Іране і Эфіопіі да нядаўняга часу быў вельмі нізкі ўзровень развіцця пчалаводства — у сілу геаграфічных асаблівасцяў. Сёння гэтыя краіны перайшлі на рамачныя вуллі, рэзка ўзрастае вытворчасць, і тая ж Эфіопія ўжо ўвайшла ў 10-ку асноўных вытворцаў мёду ў свеце.

А няўжо Беларусь не мае прыроднай базы і патэнцыяла?

— На рынку, і гэта не сакрэт, часам можна нарвацца на фальсіфікат мёду. Як быць?

— «Мёд — катэгорыя маральная», як сказаў рускі пісьменнік Уладзімір Салаухін. Пчалавод павінен да сваіх абавязкаў падыходзіць сумленна і з вераю, зыходзячы з хрысціянскіх перакананняў — любі Бога і бліжняга як самога сабе.

кс. Уладыслаў Завальнюк з дзецьмі

Мы плануем праводзіць агульнабеларускія святы мёду, ярмаркі, дзе будзе прапаноўвацца натуральны высокаякасны беларускі мёд. Праводзячы штогадовыя конкурсы юных пчаляроў, імкнёмся прабудзіць у моладзі жаданне палюбіць гэту прафесію (...)

— На Каляды вы таксама, напэўна, загадваеце жаданні. Папросіце Усявышняга пра тое, каб пчолы атрымалі пастаянную прапіску ў Мінску, на Чырвоным касцёле?

— У глыбіні душы малю Бога пра гэта, веру, што пасека будзе, неабходныя дакументы ўжо ёсць, ды і сама логіка жыцця прывядзе нас да такога рашэння. Альберт Эйнштэйн сказаў цудоўныя словы: «Бог падарыў пчолам усе кветкі свету. Калі загіне апошняя пчала, загіне свет»...

Інтэрв’ю цалкам на рускай мове на сайце БЕЛТА, (IL)

Паводле: Catholic.by

Меткі: Пчолы, кс. Уладыслаў Завальнюк