Да Адама Міцкевіча
24 снежня вядзе нас ужо вядомай сцежкай – да Адама Міцкевіча. Сёлета ля помніка паэту ў дзень яго нараджэння зноў сабраліся людзі, неабыякавыя да гісторыі і культуры Бацькаўшчыны. Адбылося спатканне памяці, святочнае (і вельмі сімвалічнае) дзяленне аплаткам з сябрамі-прысутнымі, а ў духу, нібыта, з самім Адамам Міцкевічам.
У спатканні прынялі ўдзел навукоўцы, паэты, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый. Са словамі вітання звярнуўся да прысутных прадстаўнік амбасады Рэспублікі Польшча Марцін Вайцяхоўскі, што асабліва цешыць – на беларускай мове.
Як прагучала ў адным з выступаў: “Тры краіны дзеляць пана Адама паміж сабой і называюць яго сваім паэтам…” Але лепей сказаць, што Адам Міцкевіч яднае тры краіны. Беларусь, Польшча, Літва – кожнай ён пакінуў у спадчыну свае творы, сваю асобу. Усё пачыналася з маленькага Завосся і вось, нават у Парыжы жыве памяць пра Міцкевіча: там у бібліятэцы рупна захоўваюць выданні перакладаў вершаў паэта на розныя мовы свету. Ёсць кніга і на беларускай мове.
Міцкевіч прыйшоў на свет у Вігілію Божага Нараджэння, таму ля помніка гучалі беларускія і польскія калядкі, а таксама вершы паэта і песні на яго словы.
Спадзяемся, што ў наступным годзе сцежку да помніка Адаму Міцкевічу не замяце завея, і мы зноў сустрэнемся, каб пажадаць адно аднаму шчаслівых святаў, натхнення, Божага блаславення. І, вядома ж, падзякуем паэту, які штогод збірае гасцей у зімовым скверы, каб сагрэць нашы сэрцы цудоўнай паэзіяй і адчуваннем сяброўскай еднасці.
Марыя Новікава
Меткі: кс. Уладыслаў Завальнюк, А. Міцкевіч