Ліст да моладзі парафіі святога Сымона і святой Алены ў Мінску
Дарагая моладзь парафіі святога Сымона і святой Алены ў Мінску!
Сардэчна вітаю вас у гэтыя дні, калі мы перажываем Вялікі пост – час ласкі, навяртання і малітвы. Традыцыйна у гэты час мы праводзім Велікапоснае чуванне моладзі. Гэтая духоўная практыка ў апошні час стала вельмі папулярнай і ў ёй прымае ўдзел моладзь не толькі з Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, але таксама і з іншых дыяцэзій нашай краіны.
Запланаванае на 28-29 сакавіка 2020 г. чарговае чуванне пад дэвізам: «Не бойцеся! Адчыніце дзверы Хрысту!», на жаль, не можа адбыцца з-за эпідэміі каранавірусу. Аднак мы не можам застацца без супольнай малітвы, якая нас аб’ядноўвае і дапамагае адчуваць сябе членамі аднаго Каталіцкага Касцёла.
Таму запланаванае чуванне будзе абмежавана да адмысловага набажэнства ў касцёле святога Сымона і святой Алены. Яно адбудзецца 28 сакавіка ў Чырвоным касцёле і будзе транслявацца ў інтэрнэце на «Радыё Марыя», што дасць магчымасць віртуальнага ўдзелу ў ім большай колькасці моладзі. Малітва распачнецца ў 19.00 святой Імшой, пасля якой адбудзецца адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту, і завяршыцца малітвай святога Ружанца ў 20.30 з наступным благаслаўленнем.
Я добра ведаю, што многія з вас прыклалі вялікія намаганні для падрыхтоўкі гэтага чування. Жадаю шчыра кожнаму і кожнай з вас падзякаваць за гэта і прашу зразумець прычыны, па якіх яно не можа адбыцца.
Вашыя душпастыры, асабліва ксёндз Кірыл Бардонаў, расказвалі мне пра той энтузіязм, з якім вы рыхтавалі гэтую падзею. Вы хацелі паказаць моладзі п’есу, стваралі дэкарацыі, нават збіраліся запрасіць байцоў Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Маскоўскага раёна г. Мінска: настолькі праграма начной малітвы моладзі была насычанай!
Ваш пробашч ксёндз канонік Уладзіслаў Завальнюк вельмі хацеў стварыць утульную атмасферу для ўсіх гасцей чування, кожнага накарміць і напаіць, кожнага прыняць, як блізкага чалавека.
Дарагая моладзь Чырвонага касцёла, я даўно ведаю пра вашыя добрыя ініцыятывы, напрыклад, пра паштоўкі, якія вы робіце сваімі рукамі, каб здабыць сродкі на дабрачыннасць. Начное чуванне моладзі было б наступным важным крокам у шэрагу такіх мерапрыемстваў. Тое, што мы запланавалі, не можа цяпер адбыцца, але не апускайце рук і ведайце, што ідзеце ў правільным кірунку.
Запрашаю кожнага і кожную з вас не быць абыякавымі і разам аб’яднацца ў малітве да Бога 28 сакавіка ў 19.00. Не бойцеся, адчыніце дзверы вашых сэрцаў Хрысту! Ён перамог грэх, смерць і сатану! Ён пераможа ўсе цяжкасці!
З малітвай у вашых інтэнцыях і благаслаўленнем у імя Айца, + і Сына, + і Духа Святога. Амэн.
Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі
Мінск, 20 сакавіка 2020 г.
Меткі: Моладзь, Моладзевыя спатканні, Парафія, бп. Тадэвуш Кандрусевіч