"Абрысы касцёлаў, створаныя рукой майстра." адкрыццё выставы творчых праектаў архітэктара Аляксандра Базевіча
22 верасня ў Белай зале Чырвонага касцёла адбылося адкрыццё выставы творчых праектаў архітэктара Аляксандра Базевіча. Распачалася вечарына выступленнем хору “Сantus Cordis”.
Прагучаў верш, прысвечаны адраджэнню касцёлаў на Беларусі, які прачытала жонка архітэктара Марыя Базевіч:
“Нас клічуць святыні –
Душы – Супакой і Надзея,
Дарогу ў вечнасць яны дапамогуць знайсці.
Дабром і спагадай
Напоўняцца нашыя сэрцы
І з Божаю ласкай пакрочым далей па жыцці!”
Прысутных дабраславіў на знаёмства з экспазіцыяй ксёндз Кірыл Бардонаў:
"Аляксандр Базевіч стварае аб’екты, якія служаць малітве, дарозе да Бога, асвячэнню чалавека: гэта каталіцкія і праваслаўныя храмы, аб’екты, якія служаць выхаванню дзяцей і моладзі, дапамозе патрабуючым. Няхай праца архітэктараў і будаўнікоў спрыяе людзям на доўгія гады. Просім Божай дапамогі ў добрых справах дзеля большай хвалы Пана Бога."
Прыхаджане касцёла з цікавасцю выслухалі выступленні архітэктара і яго жонкі, і пазнаёміліся з яго працамі. Наведаць мерапрыемства прыйшлі калегі і сябры творцы.
Аляксандр Францавіч Базевіч нарадзіўся ў Жодзішках у 1962 годзе. Смаргонскі край паўплываў на станаўленне яго светапогляду. Старадаўні “віленскі край”, як яго называюць мясцовыя жыхары, дзе захавалася шмат помнікаў гісторыка-культурнай спадчыны, паспрыяў развіццю таленту і здольнасцяў будучага архітэктара.
У 1990 годзе Аляксандр Францавіч скончыў Беларускую дзяржаўную палітэхнічную акадэмію. Ён выдатна праяўвіў сябе пры стварэнні праектаў забудоў сацыяльнага прызначэння.
"У другой палове 80-ых гадоў перад праекціроўшчыкамі паўстала шмат пытанняў, бо многія заказчыкі зніклі, трэба было вызначыць, што будаваць, як жыць далей," – узгадаў доктар архітэктуры, прафесар БНТУ, Сяргей Аляксеевіч Сергачоў. "Аляксандр Базевіч не пакінуў архітэктуру, працягваў праектаваць катэджы, школы, але сэрца паклікала яго да стварэння культавых аб’ектаў. Трэба сказаць, што тады яшчэ не было распрацавана нарматыўнай дакументацыі на такія сучасныя забудовы, тэма была новай. Касцёлы ў майго калегі атрымліваюцца вельмі добрыя, у іх праяўляюцца рысы беларускай архітэктуры".
На выставе прадстаўлены праекты касцёлаў, якія ўпрыгожылі Беларусь у апошнія дзесяцігоддзі: касцёл св.Казіміра ў Стоўбцах, каталіцкі цэнтр св. Арханёла Міхаіла ў Смаргоні, храм у гонар св.Ёахіма ў вёсцы Клюшчыцы Астравецкага раёна Гродзенскай вобласці, касцёл Маці Божай Ружанцовай у Мінску.Акрамя таго, Аляксандр Францавіч выканаў праект касцёла у гонар св. айца Піа ў горадзе Ўльянаўску ў Расіі.
Самым складаным аб’ектам з’яўляецца цэнтр у Смаргоні, які выконвае адукацыйную, выхаваўчую і камунікатыўную функцыю. Ён атрымаў дыплом Беларускага саюза архітэктараў на рэспубліканскім аглядзе-конкурсу архітэктурных твораў у 2001 годзе. Добра ўдаюцца майстру праекты грамадскага прызначэння, такія, як бізнес-цэнтр “Падол” у Гродна (1994-95), цэнтр фірмы “Грэйп” у Салігорску, гандлёвы цэнтр “Сафія” у Бабруйску(2008), шэраг аб’ектаў агра-турызма: сямейны турыстычны комплекс у Заслаўі, турыстычная база на Браслаўскіх азёрах, экасядзіба “Налібоцкая пушча”, комплекс “Крэўскі маёнтак” на трасе Мінск-Вільня, фальварак “Вяча” ў в. Дафарэнцыя Мінскага раёна і іншыя.
Спадар Аляксандр знаходзіць падтрымку ў сваёй сям’і: яго жонка Марыя – архітэктар, яна піша выдатныя вершы на беларускай мове, у іх – дзве дачкі. Выстава будзе папаўняцца і прадоўжыцца для наведвальнікаў.
Тэкст Э. Дзвінская,
фота Віктар Ведзень
Меткі: беларуская культура, Мерапрыемствы, Парафія