40-гадзіннае набажэнства (адарацыя) у Чырвоным касцёле
З 17 лютага, пасля Папяльцовай Серады, у касцёле, як і кожны год, праходзіць малітва пакланення – адарацыя.
Хрысціянін звяртаецца да Бога ў малітве. Яна можа быць рознай – малітва хвалы, прабачэння, падзякі, літургічная, сузірання і малітва пакланення – адарацыя.
Пакланіцца – гэта значыць павярнуцца тварам да Бога, прызнаць Яго сваім Госпадам і Збаўцам, які збаўляе ад падманных бажкоў: грошай, улады, пажадлівасці, ганарлівасці.
У далёкія часы пастухі і тры мудрацы, якія прыйшлі пакланіцца Езусу Хрысту пры Яго нараджэнні, падаравалі нам прыклад ушанавання Божай прысутнасці.
Хрыстос прабывае з намі ў Еўхарыстыі (Святых Дарах), жадае быць побач з намі і мы не можам не пакланіцца Яму асабіста.
Гэтыя хвіліны перад Найсвяцейшым Сакрамантам могуць доўжыцца 10 хвілін, часам 30, а калі і гадзіну ў малітоўным маўчанні. У гэты момант мы сапраўды знаходзімся побач з Хрыстом, адкрываем сваё сэрца, каб Бог напоўніў іх сваёю любоўю.
Падчас Адарацыі нам адкрываецца вялікая таямніца – Бог недалёка ад нас – Ён побач!
Меткі: Адарацыя