Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 365-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:         

Паставы і жэсты ў Літургіі

Паставы і жэсты ў літургіі маюць сваю сімволіку. Таксама і чалавечае цела мае сваё значэнне ў літургіі. Агульныя ўводзіны ў Імшале звяртаюць увагу на той факт, што “аднолькавая пастава цела, якая павінна захоўвацца ўсімі ўдзельнікамі, – гэта знак еднасці членаў хрысціянскай супольнасці, сабраных на святую Літургію, бо яна выяўляе і падтрымлівае думкі і пачуцці ўдзельнікаў“ [Агульныя ўводзіны для Рымскага Імшала, 42].

Як знешняе захаванне чалавека заўсёды паказвае яго ўнутраны настрой, так і ў літургіі знешняе выконванне пэўных жэстаў з'яўляецца праявай ўнутранага досведу. З іншага боку, прыняцце знешніх пастаў неабходна для абуджэння і развіцця ў сабе ўнутраннога культу Бога. Культ сваёй натуры мае цэласны характар – тычыцца як ўнутранага міра чалавека, так і яго цела. Падобна таму, як людзі паказваюць сваю любоў і пачуцці з дапамогай жэстаў, так і ў літургіі паставы і жэсты з'яўляюцца знакам любові да Бога. Менавіта таму так важна, каб яны захаваліся і выконваліся з пяшчотнай стараннасцю, глыбокай пашанай і засяроджаннасцю. Асабліва гэта датычыць нас, слуг Алтара, па прыкладу якіх мае паступаць уся літургічная супольнасць.

Чым адрозніваецца пастава ад жэсту? Пастава  адносіцца да станаўлення ўсяго цела, жэст – яго часткі: найчасцей рук альбо галавы.

Паставы ў літургіі

Пастава "стоячы"

пастава "стоя"Пастава "стоячы" з'яўляецца выразам павагі. Усюды пры з'яўленні чалавека вышэйшага становішча прымаюць паставу "стоячы". Падчас літургіі гэтая пастава з'яўляецца знешнім знакам глыбокай павагі да Бога, як найвышэйшага Пана (пар. Мц 6,5; Мк 11:25; Лк 18:11; 22,46).

Паставу "стоячы" таксама прымаюць асобы, якія з'яўляюцца пасрэднікамі паміж двума бакамі. Асаблівым чынам гэта адзначаецца ў літургіі, як пасрэдніку паміж супольнасцю верных і Богам. Такім чынам, святар (цэлебранс) стаіць, калі чытае слова Божае і адмаўляе малітвы.

Пастава "стоячы" з'яўляецца знакам радасці адкуплення. Таму з апостальскіх часоў падчас цэлебравання таямніцы збаўлення прымалі гэтую паставу (асабліва ў нядзелю і ў часе Вялікадня).

У паставе "стоячы" Айцы Касцёла бачылі сімвал святой свабоды дзяцей Божых. Вызваленыя ад граху ўжо не з'яўляюцца рабамі. Абмеркаваная пастава таксама азначае гатоўнасць дзейнічаць у літургіі.

Падчас святой Імшы трэба захоўваць паставу "стоячы":

- ад спеву на ўваход да калекты ўключна,
- падчас спеву Аллелюя перад Евангеллем,
- падчас абвяшчэння Евангелля,
- падчас вызнання веры і агульнай малітвы,
- падчас прэфацыі да "Святы, Святы, Святы..." уключна,
- ад акламацыі "Гэта вялікая таямніца веры" да пачатку "Баранку Божы",
- падчас малітвы пасля святой Камуніі і да канца святой Імшы.


Пастава "на каленях"

Пастава "на каленях"Пастава "на каленях" як даўжэйшая малітоўная пастава, так і імгненны жэст, у хрысціянскай літургіі азначае пакланенне Богу. Гэта дзеянне з'яўляецца тыповай хрысціянскай паставай.

У Бібліі знаходзім цэлых 59 спасылак на прыняцце паставы "на каленях". У яе ёсць тры формы: ніцма (пар. Дрг 26,10; Мк 14, 35), падзенне на калені (пар. Мк 1, 40; Мк 10, 17; Мц 17, 14; Мц 27, 29) і на каленях (пар. 2 Кр 06, 13; Езд 9, 5, Дз 9, 40; Дз 20, 36; Дз 21, 5). Прыклад малітвы на каленях даў сам Езус Хрыстус, калі маліўся ў Гефсіманскім садзе (пар. Лк 22,41). Святы Стэфан, першы мучанік Касцёла, аддаў сваё жыццё на каленях (Дз 7, 54-60). З IV стагоддзя ўкленчвалі перад святымі прадметамі: касцёлам, на парозе касцёла, алтаром, крыжом, перад біскупам альбо святаром (як знак павагі).

У той жа перыяд пастава "на каленях" таксама набыла значэнне пакаяння і просьбы. Гэта стала прыкметай чалавека, які раскаяўся, а таксама просьбы чалавека, які шукае апекі і дапамогі. Пакаянны характар гэтай паставы прывёў да таго, што калісьці дыяцэзіяльныя сіноды і нават Нікейскі сабор (325 г) забаранілі ўжываць гэтую паставу ў нядзелю і велікодны перыяд. Звычайна ўкленчвалі ў дні посту, а таксама ў перыяд Вялікага Посту. 

Праз паставу "на каленях" чалавек выказвае сваю мізэрнасць перад Богам. Гэты жэст з'яўляецца знакам адарацыі: пакорнай глыбокай пашанай Божай Велічы. Таксама чытаем у лісце святога апостала Паўла да Філіпянаў (Флп 2, 6-11): "каб на імя Езуса схілілася кожнае калена стварэнняў нябесных, зямных і падземных". Сёння стаянне на каленях сімвалізуе пакланенне Богу, а таксама з'яўляецца знакам малітоўнага настрою. Святы Геранім вучыў, каб укленчванне цела суправаджалася "укленчваннем сэрца". Праз вусны Папы Бэнэдыкта XVI можна сказаць: "Дзе знікае укленчванне, там трэба нанова навучыцца стаяць на каленях" (кард Ю. Ратцынгер: Дух літургіі). Можна яшчэ дадаць: дзе няма малітвы на каленях, там прыходзіць у заняпад пабожнасць.

Падчас літургіі трэба станавіцца на калені (калі толькі гэтаму не перашкаджаюць стан здароўя, недахоп месца, вялікая колькасць прысутных альбо іншыя слушныя прычыны): 

  • падчас Малітвы эўхарыстычнай, пасля спеву "Святы, Святы, Святы...",
  • падчас кансэкрацыі,
  • перад словамі "Баранку Божы..."

Тыя ж, хто з-за перашкод не кленчыць, падчас кансэкрацыі робяць нізкі паклон у той час, калі святар кленчыць. 

У тых парафіях "дзе ёсць звычай, каб народ кленчыў ад заканчэння акламацыі Святы аж да канца эўхарыстычнай малітвы, а таксама перад Камуніяй, калі святар гаворыць Вось Баранак Божы, яго рэкамендуецца захаваць." [Агульныя ўводзіны для Рымскага Імшала, 43]. 

Пастава "на каленях" з'яўляецца істотнай падчас сакрамэнту пакаяння.

Таксама святар,  міністранты і  ўсе вернікі ўкленчваюць падчас вызнання Веры ва ўрачастасць Божага Нараджэння на словы: "І ўцелавіўся ад Духа Святога з Дзевы Марыі, і стаўся чалавекам". Гэта выраз нашай асаблівай пашаны да таямніцы Ўцелаўлення.

Варта адрозніваць паставу "на каленях" ад укленчвання. Укленчваюць заўсёды на правае калена і пры гэтым не робяць якіх-небудзь жэстаў, (напрыклад, знак крыжа). Калена павінна дакладна дакрануцца да падлогі. Укленчваюць заўсёды тварам да аб'екта пакланення. Укленчванне на два калена з'яўляецца выразам глыбокай павагі і пашаны да Пана Езуса, выстаўленага для адарацыі. Напачатку апускаюць правае калена, а затым левае. Уставаць з кален пачынаюць з левай нагі. Не укленчваюць двума каленямі адначасова. 


Пастава "седзячы"

Пастава "сідя"Паставу "седзячы", паводле старажытнана звычаю, прымалі службовыя асобы, настаўнікі і суддзі як знак улады і годнасці (пар. Пс 106, 32; Мц 19, 28; Лк 4, 20). Сам Езус Хрыстус седзячы навучаў у Ерузалемскай святыні (пар. Лк 2, 46). 

Вернікі ў касцёле не заўсёды сядзелі. На працягу многіх стагоддзяў у касцёлах не было лавак. У сярэднявеччы падчас доўгіх набажэнстваў вернікі абапіраліся на палачкі розных форм. Месцы для сядзення былі толькі для духавенства (stalle, sedilia), а для вернікаў іх увялі пратэстанты ў сваіх дамах малітвы. Іх прыклад перанялі  ў першую чаргу каталікі ў тых краінах, дзе было шмат пратэстантаў, а затым у паўсюдным Касцёле. Да касцёльных лавак католікі дадалі кленчнікі (у пратэстантаў іх няма).

Інструкцыя Апостальскай Сталіцы з 1964 года піша: "Вернікам з асаблівым клопатам павінны быць вызнчаны месцы, дзе б яны маглі візуальна і духоўна браць удзел у святых дзеяннях. Дарэчы, паводле звычаю паставіць для іх ужывання лаўкі або крэслы" [№ 98].

Сядзенне можа характэрызавацца, як пастава слухаючага вучня. З'яўляецца знакам канцэнтрацыі, прымання і разважання над Словам Божым (пар. Лк 2, 46; 10, 39; 1 Кар 14, 30; Дз 20, 9).

У часе святой Імшы пастава "седзячы" прымаецца:

  • падчас чытанняў і рэспансарыйнага псальму перад Евангеллем,
  • падчас гаміліі,
  • калі адбываецца прыгатаванне дароў на ахвяраванне,
  • на кароткі час, пасля ўдзялення святой Камуніі вернікам,
  • падчас парафіяьных аб'яваў.

Міністрант павінен памятаць: седзячы ніколі не закладаем нагу на нагу, не выцягваем іх перад сабою, не "гуляем" стопамі. У такім становішчы рукі павінны ляжаць на каленях.


Ляжанне крыжам

Ляжанне крыжамЛяжанне крыжам, альбо паддзенне на твар, званае таксама прастрацыяй, вядома яшчэ са Старога Запавету (пар. Быц 17, 3; Дрг. 09, 18; 1 Вал 8, 54; Нав 5, 15) і з'яўляецца знакам глыбокай адарацыі і пакаяння. Гэта яшчэ большае прыніжэнне сябе перад веліччу Бога, чым на каленях. Ляжанне крыжам сімвалізуе глыбокае прыніжэнне сябе і вельмі моцную малітву. Лепш, чым словамі, яно выказвае поўнае прысвячэнне Богу і пачуццё ўласнай слабасці.

У хрысціянскай старажытнасці гэтая пастава практыкавалася як паказванне прыватнай адданасці (пабожнасці). На сённяшні дзень такую практыку можна сустрэць у святых месцах, санктуарыях.

У рымскую літургію падзенне на твар увайшло, верагодна, пад уплывам візантыйскага абраду. У цяперашнія часы святар лажыцца крыжам перад алтаром на пачатку цырымоніі Вялікай Пятніцы на знак таго, што адышоў ад нас наш Пастыр – Езус Хрыстус. Акрамя таго, асобы, якія атрымліваюць пасвячэнне, лажацца крыжам падчас спеваў Літаніі да Усіх Святых. У многіх манаскіх супольнасцях таксама прымаюць гэтую паставу падчас складання шлюбаў.


Працэсія

ПрацэсіяПрацэсія (лац.  procedare – ісці, хадзіць ) з'яўляецца асаблівай формай паставы – "заўсёды ў руху". Яна ўключае ў сябе хаджэнне, пераход ад аднаго месца да другога. Гэта, аднак, не з'яўляецца бессэнсоўным і нічога не азначаючым ходам. Згодна з літургічнай сімволікай, ён паказвае падарожжа абранага народа з Егіпта ў Зямлю Абяцаную. Другі Ватыканскі сабор вучыць, што кожная працэсія з'яўляецца сімвалам новага народа Божага, які пілігрымуе за Хрыстом і з Хрыстом (напачатку працэсіі заўсёды нясецца крыж як знак Яго пераходу ад смерці да жыцця) да неба (да Новай Зямлі Абяцанай). Асаблівая форма працэсіі, так званая працэсія тэофарычная (гр. theos – Бог, foros – несці), з'явілася ў літургіі Касцёла напачатку XIV стагоддзя, з развіццём эўхарыстычнага набажэнства. Па-іншаму яна завецца Эўхарыстычнай працэсіяй, таму што падчас яе нясецца манстранцыя з Найсвяцейшым Сакрамэнтам. Да такой працэсіі адносяць:

  • працэсію Божага Цела,
  • працэсію пасля адпустовай святой Імшы,
  • рэзурэкцыйную працэсію (у нядзелю змёртвыхпаўстання Пана перад першай святой Імшой), якая выражае радасць з змёртвыхпаўстання Хрыста.

У часе літургіі святой Імшы ёсць наступныя працэсіі:

  • працэсія ўваходу (склад працэсіі: міністранты кадзільніцы і лодкі, міністранты святла па баках ад міністранта крыжа, лектар альбо дыякан з Евангеліярыем, усе астатнія міністранты, лектары, кантор, акаліты (клерыкі), канцэлебрансы, цэлебранс з асыстуючымі дыяканамі, цэрэмоніарый, міністранты мітры і пастарала (калі цэлебрансам з'яўляецца біскуп);
  • працэсія з Евангеліярыем да амбоны (адбываеца перад абвяшчэннем Евангелля, падчас акламацыі перад ім у наступным парадку: міністранты святла са свечкамі, міністранты кадзільніцы і лодкі, дыякан з Евангеліярыем);
  • працэсіі вернікаў з дарамі  (іх могуць замяняць міністранты), яны з'яўляюцца прадстаўнікамі ўсёй літургічнай супольнасці, якая прагне злажыць Богу ў ахвяру саміх сабе;
  • працэсія выхаду (вяртанне ў сакрыстыю пасля заканчэння святой Імшы – без кадзільніцы з лодкай і Евангеліярыя).

Жэсты ў Літургіі

Паклон

ПаклонПаклон (ад лац. inclinare – схіляцца) вельмі часта выкарыстоўваецца ва ўсходняй літургіі, дзе лічыцца знакам глыбокай пашаны і любові. У рымскай жа літургіі паклон з'яўляецца знакам як глыбокай пашаны, так і пакаяння, асабліва калі гэта звязана з просьбай аб ачышчэнні ад грахоў (у сакрамэнце пакаяння, агульнай споведзі, пры акце пакаяння ў святой Імшы і г. д.).

Схіленне галавы альбо цела сімвалізуе гонар і просьбу. У рымскай літургіі паклон часта замяняецца укленчваннем. Паклонам вітаюць алтар, крыж, асабліва цэлебранса, калі, напрыклад, дыякан просіць бласлаўлення (прамаўляе словы: "Блаславі мяне ойча") і калі яго атрымлівае.

Таксама схіляюць галаву, калі прыносяць святару якую-небудзь літургічную рэч, напрыклад, падчас прыгатавання дароў. Схіленне галавы з'яўляецца знакам пашаны і ветлівасці.

Таксама прадпісана схіляць галаву, калі разам называюцца тры Боскія Асобы, а таксама імя Езуса, Найсвяцейшай Панны Марыі і святога, у гонар якога цэлебруецца Імша.

Схіленне цела (глыбокі паклон). Пры такім паклоне глыбака згінаюць галаву і плечы. Гэтая пастава з'яўляецца знакам пашаны і любові. Калі ў якімсці касцёле не захоўваецца Найсвяцейшы Сакрамэнт, схіляюць цела перад галоўным алтаром, пасхалам альбо перад крыжам. Пасля ўваходнай працэсіі святар, дыякан і міністранты выконваюць глыбокі паклон у бок алтара. Акрамя таго, святар робіць глыбокі паклон перад алтаром:

  • падчас чытання малітвы: "Прымі, Пане Божа, нас, якія стаім перад Табою ў духу пакоры ..."
  • ў рымскім каноне: "Пакорна молім цябе ..."
  • падчас вымаўлення слоў кансэкрацыі (бо гэта словы самога Хрыста): "Бярыце і ешце... . Бярыце і піце..."

Акрамя таго, усе (святар і вернікі) схіляюць галаву падчас Вызнання Веры на словы: "І ўцелавіўся ад Духа Святога з Дзевы Марыі, і стаўся чалавекам". Гэта наш выраз пашаны таямніцы Ўцелаўлення.

Пры выкананні паклона трэба захоўваць не толькі сур'ёзнасць і стараннасць (хуткае "стуканне галавой аб падлогу" выражае нашу паспешнасць і  літургічную нядбайнасць), але і разумную ўмеранасць. Сапраўды, літургія не можа складацца з бесперастанных паклонаў усяму і ўсім, таму што ў адваротным выпадку яна можа ператварыцца ў пародыю на літургію.


Узнясенне вачэй

узнясенне вачэйПад "узнясеннем вачэй" заўсёды меўся на ўвазе знак унутраннага скіравання душы да Бога. Чалавек, які моліцца, спантанна скіроўвае свой позірк уверх разам з думкамі (пар. Пс 122; Пс 123; Лк 16, 23; Ян 11, 41). Хрысціяне так доўга прытрымліваліся гэтага звычаю, што язычнікі здзекаваліся з іх, як дадаюць св. Тэртуліан і св. Кіпріан.

Старыя літургічныя абрады ў гэтым пакідалі вернікам поўную свабоду. Больш падрабязныя палажэнні аб "узнясенні вачэй" даў рымскі Рытуал у 1614 годзе. Было выдадзена патрабаванне, напрыклад, "узносіць вочы" падчас прыгатавання дароў або перад кансэкрацыяй. Практыка "узнясення вачэй" павінна была спрыяць усведамленню Божай прысутнасці і дасягненню большай адданнасці ў малітве.

Пасля Другога Ватыканскага сабора абноўленая літургія патрабуе, каб вочы былі звернуты на алтар, абрад, лектара, абвяшчаючага Слова Божае, для таго, каб спрыяць сумяшчальнасці паміж думкамі, словамі і літургічнай дзейнасцю. У  цяперашні час святар падымае вочы (па рымскаму канону) на словы: "Ён, Езус, у дзень перад сваёй мукай падняў вочы да неба, да цябе, Бога, свайго Айца усемагутнага...".


Пацалунак

пацалунакКалі хрысціянства яшчэ толькі нарадзілася, у міжземнаморскай культуры пацалунак з'яўляўся знакам прывітання і пашаны. Гэты знак быў уведзены ў хрысціянскую літургію як сімвал звышнатуральнай любові, брацтва, міру і ўзаемнай згоды. На самой справе, праз хрост чалавек уваходзіць у хрысціянскае братэрства, дзе каханне з'яўляецца асноўным прынцыпам. Таму ў святой Імшы пацалунак быў падрыхтоўчым жэстам да святой Камуніі. Адзінства братоў ёсць адзінствам Містычнага цела Езуса Хрыста.

У хрысціянскай літургіі са старажытных часоў алтар ушаноўваецца пацалункам, што з'яўляецца знакам павагі да Хрыста і Яго Ахвяры на крыжы. Знакам пашаны да Хрыста ёсць таксама ўцалаванне кнігі Евангелля. У агульных уводзінах да рымскага імшала чытаем: “як выраз пашаны святар і дыякан цалуюць сам алтар“ [пункт 49] пасля прыходу да алтара на пачатку Эўхарыстыі, а таксама “ушанаванне алтара праз цалаванне святаром і дыяканам“ пасля бласлаўлення на заканчэнне [пункт 90].


Знак супакою

Знак супакою

Знак супакою азначае выраз згоды з бліжнім.

У абноўленай літургіі пры цэлебрацыі Эўхарыстыі  пацалунак быў заменены знакам супакою. Выбар формы гэтага знака Святы Пасад пакінуў мясцовай касцёльнай уладзе. Знак супакою перадаецца перад спевам Баранку Божы (Agnus Dei) пасля закліку святара ці дыякана: "перадайце бліжняму знак супакою" ("offerte vobis pacem"). Святар можа перадаць знак супакою міністранту, аднак павінен заставацца ў мяжы прэзбітэрыума, каб не парушаць набажэнства літургіі. Біскуп, які цэлебруе Эўхарыстыю, напачатку перадае знак супакою бліжэйшым да яго канцэлебрансам, а затым дыяканам, якія яму дапамагаюць [Агульныя ўводзіны для Рымскага Імшала, 239]. Знак супакою можна перадаць праз поціск  рук, вымаўляюы словы: "Супакой Пана няхай заўсёды будзе з вамі", альбо ў скарочанай форме: "Супакой табе". Адказ на гэтыя словы: "Амэн"  [Агульныя ўводзіны для Рымскага Імшала, 154]. "Належыць, каб кожны памяркоўна выказваў супакой толькі бліжэйшым да сябе" [Агульныя ўводзіны для Рымскага Імшала, 82].

Знак супакою з'яўляецца не толькі прымірэннем або нейкай формай сэрдэчнасці. Мы перадаем адзін аднаму супакой Хрыстовы, які ёсць сапраўдным Божым дарам; супакой якога мы не можам самі стварыць у сабе – "Не так, як дае свет" (Ян 14, 27).


Ускладанне рук

Ускладанне рукРука з'яўляецца органам з асаблівым значэннем. Сярод жэстаў, у якіх выкарыстоўваюцца рукі, самым красамоўным з'яўляецца жэст ускладання рук. Ён з'яўляецца найстарэйшым жэстам: паходзіць яшчэ з часоў Езуса Хрыста, які часта ўскладаў рукі на дзяцей або хворых (пар. Мк 7, 33; 10, 16; Лк 4, 40; Дз 6, 6; 2 Цім 1, 6).

Значэнне жэсту ўскладання рук залежыць ад абраду, у якім ён выкарыстоўваецца. Рукі ўскладваюць пры бласлаўленні (напрыклад, прыміцыйным), што азначае ласку Бога ў Адзінай Тройцы, які з'яўляецца крыніцай усёй святасці.

У абрадзе сакрамэнту канфірмацыі ускладанне рукі з адначасовым памазаннем алеем-хрызмай азначае, што Святы Дух даецца гэтаму чалавеку ў якасці Дару.

У абрадзе сакрамэнту пасвячэння ўскладанне рук азначае перадачу святарскай улады. Хрыстос часта ўскладаў свае рукі на хворых, якіх вылечваў, гэты жэст увайшоў у абрад памазання хворых.

У кожным з названых вышэй абрадаў значэнне ўскладання рук з'яўляецца часткай сакрамэнту, які тлумачыць тэкст суправаджальнай малітвы, называнай формай сакрамэнта.

Апантаныя лічацца хворымі, таму пры адмаўленні над імі экзарцызму ўскладваюць на іх рукі. Адсюль таксама і пры абрадзе хросту малітва экзарцызму звязана з ускладаннем рук, што з'яўляецца знакам абароны новаахрышчанага ад нападаў сатаны, які з'яўляецца гаспадаром усяго зла. Гэта таксама азначае развіццё атрыманага дару жыцця Божага, або асвячальнай ласкі, якая даручаецца бацькам і хросным.

У часе святой Імшы святар выцягвае рукі над ахвярнымі дарамі падчас малітвы, скіраванай да Бога Айца, просячы аб спасланні Святога Духа, каб гэтыя дары "сталі Целам і Крывёю Пана нашага Езуса Хрыста". Таксама і напрыканцы святой Імшы, калі святар удзяляе бласлаўленне ва ўрачыстай форме (малітва над людам – oratio super populum), выцягвае рукі над вернікамі, гаворачы словы бласлаўлення.

Варта таксама адзначыць, што ў момант канфірмацыі сведак кладзе правую руку на плячо асобы, прымаючай гэты сакрамэнт, што таксама з'яўляецца жэстам ускладання рук. Гэта, як узяць на сябе адказнасць за гэтага чалавека.

Жэст ускладання, у форме выцягнутай рукі, таксама суправаджае формулу адпушчэння грахоў, якую вымаўляе святар падчас споведзі.


Развядзенне рук

Разлажэнне рукРазвядзенне рук і ўзнясенне іх крыху ўверх, так як гэта робіць святар у часе адмаўлення імшальных малітваў, – гэта найстарэйшая форма малітоўнай паставы, перададзенай праз літургію. Гэты жэст паказвае, што адрэсатам малітвы ёсць Пан Бог. Сімвалізуе чалавека, які з поўным даверам звяртаецца да Бога і чакае ад яго дапамогі. 

Першыя хрысціяне таксама ў гэтым жэсце прымячалі падабенства да Збаўцы, які маліўся на крыжы. Тэртуліан (III ст.) пісаў аб гэтым: "Мы не толькі падносім рукі, але і раскладваем іх, беручы прыклад з цярпенняў Пана Езуса, і вызнаём Яго ў малітве". Таксама на малюнках у катакомбах прадстаўлены лічныя вобразы людзей у гэтай малітоўнай паставе (orantes). Развядзенне рук у старажытным хрысціянстве практыкавалася паўсюдна. 

У сучаснай літургіі святой Імшы святар з разведзенымі рукамі чытае малітвы, у якіх ён звяртаецца да Бога ад імя ўсіх вернікаў:

  • калекта,
  • малітва над дарамі,
  • Эўхарыстычная малітва,
  • малітва "Ойча наш...",
  • малітва пасля камуніі.

З Развядзеннымі рукамі святар звяртаецца да вернікаў, калі іх вітае ("Пан з вамі"), звяртаючы іх увагу на прысутнасць Госпада, і заахвочвае іх маліцца аб прыняцці Богам ахвярных дароў ("маліцеся, каб мая і ваша ахвяра..."). Ні вернікі, ні прыслугоўваючыя не выконваюць жэст развядзенне рук. Дыякан выконвае гэты жэст толькі тады, калі вітае вернікаў па-за святой Імшой (напрыклад, перад бласлаўленнем).


Складанне рук

Складанне рукЗ XIII стагоддзя пачаў распаўсюджвацца новы звычай складання рук з выпраставанымі пальцамі. Гэты звычай практыкуецца як у літургіі, так і па-за ёй. Гэты спосаб складання рук паходзіць з франконскай формы аддання пашаны кіраўніку. Васал са складзенымі рукамі выступаў перад сваім суверэнэм, каб атрымаць ад таго знак інвестытуры. Гэты абрад увайшоў у цырымонію святарскіх пасвячэнняў, дзе новапрэзбітар свае складзеныя рукі ўкладае ў рукі біскупа, абяцаючы яму і яго пераемнікам паслухмянасць і павагу. У літургіі святой Імшы, напрыклад, святар трымае складзеныя рукі падчас працэсіі да алтара, абраду пакаяння, гімну "Хвала на вышынях Богу", вызнання веры. Вернікі ў гэты спосаб  складаюць рукі пры малітве, падчас літургіі і па-за ёй.

Складанне рук пры малітве сімвалізуе ўзнясенне да Бога і адданне Яму ў веры. Гэта знак падпарадкавання Яго волі, як нашаму Госпаду.

Складанне рук са сплеценымі пальцамі, паводле Плінія і Авідія, у старажытнасці мела магічнае значэнне: павінна было абараніць ад дэманаў і таямнічых сіл. У раннім хрысціянстве толькі ў асобных выпадках выступаў у якасці малітоўнага жэсту і то ў прыватнай малітве, радзей у літургіі.

Складанне скрыжаваных рук на грудзях у літургіі мела асаблівае значэнне (напрыклад, Suscipe ("Няхай Пан Бог прыме ахвяру з рук тваіх") у літургіі бенедыктынаў). Гэты спосаб часам практыкуецца ў прыватным парадку як пастава, аблягчаючая сканцэнтраванне на малітве.

Калі міністрант не нясе ніякай рэчы, альбо не нясе ў руках малітоўніка-спеўніка, ён павінен скласці свае рукі. Яны заўсёды павінны быць складзенымі на вышыні грудзей і ўвесь час скіраваны ўверх. Калі мы злучаем нашыя рукі і складаем іх у малітве, то гэта значыць, што мы збіраемся і звяртаемся да Бога, аддаем Яму сябе саміх!


Біццё сябе ў грудзі

Біццё сябе ў грудзіГэта знак пакоры і шчырага пакаяння. Пры выкананні гэтага жэсту паказваюць на чалавечае сэрца, таму што "з сэрца выходзяць ліхія думкі, забойствы, чужаложства, распуста, крадзеж, фальшывыя сведчанні, блюзнерствы"  (Мц 15:19). У Бібліі згадванне аб біцці сябе ў грудзі сустракаецца ў Евангеллі паводле Лукі (пар. Лк 23, 48), дзе натоўпы, якія вярталіся з Галгофы пасля укрыжавання Езуса, "білі сябе ў грудзі" на знак віны і шкадавання. У Эўхарыстыі мы робім гэты жэст падчас акту пакаяння на словах: "Мая віна, мая віна, мая вельмі вялікая віна". Святары выконваюць гэты жэст падчас святой Імшы, калі выкарыстоўваецца Рымскі Канон (першая эўхарыстычная малітва) на словах: "Таксама і нам, грэшным слугам Тваім...". 

Калісьці жэст біцця сябе ў грудзі быў больш распаўсюджаны; і сёння многія людзі б'юць сабе ў грудзі на словах "Пане, я не годны..." перад святой Камуніяй, нягледзячы на ​​тое, што гэты жэст не прадпісаны ў літургічных нормах, але гэта ёсць выразам асабістай адданасці і можна яго захаваць. Гэты жэст азначае ачышчэнне нашага сэрца. Акрамя таго ён з'яўляецца свайго роду "абуджэннем сумлення", якое можа яшчэ спіць.


Абмыванне рук

абмыццё рукАбмыванне рук святара – гэта жэст, які сімвалізуе ўнутраннае абмыванне ад чалавечай недасканаласці. Але паходжанне гэтага жэсту крыху іншае. У першых стагоддзях хрысціянства падчас ахвяравання збіралі не грошы, а якія-небудзь дары прыроды: садавіну, хлеб, быдла і г. д. Святар павінен быў хаця б дакрануцца да кожнай ахвяры. І на канцы прыняцця дароў меў, як правіла, брудныя рукі. Адсюль паходзіць звычай абмывання рук, які з цягам часу прыняў сімвалічнае значэнне.

У Агульных ўводзінах для Рымскага Імшала, у пункце 76 напісана "Затым святар абмывае рукі збоку алтара. Гэты абрад выражае жаданне ўнутранага ачышчэння". Падчас абмывання рук святар вымаўляе словы: "Змый з мяне, Пане, віну маю і ачысці мяне ад граху майго" . Таксама пасля святой Камуніі абавязкова абмыванне рук тых, хто яе ўдзяляў.


Знак крыжа

Знак крыжа з'яўляецца жэстам, які вельмі часта выконваецца каталікамі. Ён сімвалізуе крыж, на якім памёр Хрыстус. Для габрэяў гэта была ганьба, для рымлянаў і грэкаў – глупства, для хрысціянаў жа азначае выратаванне. Знак крыжа з'яўляецца вызнаннем веры ў Бога ў Тройцы Адзінага – Айца, Сына і Духа Святога. 

знак крыжа

Ёсць два тыпы сімвала крыжа: вялікі і малы. Падчас святой Імшы мы робім вялікі знак крыжа:

- на пачатку Эўхарыстыі ў словах:"У імя + Айца і Сына, і Духа Святога"(Робіць яго таксама і святар);
- падчас акраплення святой вадой, што замяняе абрад пакаяння;
- падчас заключнага бласлаўлення: "Няхай вас благаславіць Бог усемагутны, Айцец і Сын, + і Дух Святы".

Святар выконвае знак крыжа над людзьмі падчас заключнага бласлаўлення. Біскуп бласлаўляе людзей, робячы тройчы знак крыжа [Агульныя ўводзіны для Рымскага Імшала, 167]. Акрамя таго, вялікі знак крыжа на сабе выконвае цэлебранс і канцэлебрансы ў Рымскім Каноне (Першая эўхарыстычная малітва) на словах: "атрымалі шчодрае нябеснае бласлаўленне і ласку".

Малы знак крыжа выконваем перад Евангеллем, адзначаючы вялікім пальцам маленькія знакі крыжа на ілбе, роце і грудзях падчас слоў, якія вымаўляе святар або дыякан "Чытанне Святога Евангелля паводле...".

Знак крыжа на лбе дзіцяці робяць бацькі, благаслаўляючы яго, або ў літургіі хросту, калі святар прамаўляе "N (імя), хрысціянская супольнасць прымае вас з вялікай радасцю. Ад яе імя я пазначаю вас знакам крыжа, а пасля мяне гэтым жа знакам Хрыста Збаўцы вас пазначаць бацькі і хросныя". Таксама знак крыжа робяць праходзячы каля касцёла. Адным словам, гэтым мы заўсёды сведчым аб веры, якая пранізвае нашае жыццё.

Трэба адзначыць, што такія дзеянні, як звон ці ўдары ў гонг, не з'яўляюцца літургічнымі жэстамі.

Меткі: Літургія, Міністрант, Хрысціянства