Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 365-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:         

Паэтычнае слова ў Дзень маці і заканчэння перэгрынацыі фігуры Маці Божай з нагоды святкавання 100-годдзя аб’яўленняў у Фаціме

У нядзелю 15 кастрычніка ў бібліятэцы Чырвонага касцёла перад вучнямі нядзельнай школы выступілі з чытаннем вершаў паэткі Вольга Шпакевіч і Ядвіга Рай.

Вольга Цімафееўна Шпакевіч, сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў, прачытала свае вершы “ Размова з маці”, “Хлеб дзяцінства”, “Любіце родных” і іншыя. Вольга Цімафееўна працавала настаўніцай у школе, таму яна ведае, як шчырым беларускім словам абудзіць добрыя пачуцці ў дзяцей, як скіраваць іх думкі для роздуму пра месца ў іх жыцці галоўнага чалавека – матулі, пра яе любоў і адвечны клопат пра сваіх дзяцей.

Вольга Шпакевіч у бібліятэцы Чырвонага касцёла

Паэтка падзялілася душэўнымі ўспамінамі пра сваю матулю, якой сёння ўжо 80 гадоў і жыве на Берасцейшчыне. Звычайная сувязь з мамай праз тэлефон надае добрага настрою на цэлы дзень. Мама і бабуля вучылі Вольгу з дзяцінства верыць і маліцца, любіць людзей і сваю Радзіму, і сёння паэтка імкнецца перадаць такія ж пачуцці сваёй дачцэ і іншым дзецям.

Ядвіга Іванаўна Рай – маці чатырох дзяцей. У гэтым годзе яна ўдзельнічала ў канферэнцыі міжнароднага руху “Маці ў малітве” у Кракаве. Ужо дзесяць гадоў яна піша вершы на духоўныя тэмы і з’яўляецца аўтарам кніг “Сцежкі пілігрыма на скрыжаваннях часу”, “Кропелька неба”, “ Малітва ў дарозе”, “ Дыханне цішыні”. Уражлівая паэтычная душа збірае ў пілігрымках да святынь каштоўныя вобразы, дзеліцца імі са сваімі чытачамі, вучыць братоў і сясцёр жыць у лагодзе і спакоі, ставіцца адзін да аднаго з пяшчотай і даверам, шанаваць сваіх матуль, якія штодзённай працай і малітвай падтрымліваюць радзінны човен у Божым накірунку.

Ядвіга Рай у бібліятэцы Чырвонага касцёла

Паэтычнае слова, якое прагучала ў бібліятэцы касцёла, надало важны сэнс ўрачыстым восеньскім дням, у якія ўспамінаецца любоў Маці Божай да нас і пяшчота кожнай матулі да сваіх дзяцей.

Эла Дзвінская, фота аўтара

Меткі: біб, Бібліятэка