Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 365-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:         

Субота — дванаццаты звычайны тыдзень, Год І

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Быц 18, 1–15
Ёсць што-небудзь немагчымае для Пана? Вярнуся да цябе, а Сарра будзе мець сына

Чытанне кнігі Быцця.

У тыя дні:

Аб’явіўся Пан Абрагаму каля дубоў Мамрэ, калі той сядзеў пры ўваходзе ў шацёр у ча

дзённай спякоты. Абрагам узняў вочы свае і ўбачыў: вось тры мужы былі насупраць яго. Убачыўшы іх, ён пабег ад ўваходу ў шацёр насустрач ім і, пакланіўшыся да зямлі, сказаў: Пане, калі я знайшоў ласку ў вачах тваіх, не абмінай свайго слугі. Прынясу крыху вады, і вы абмыйце свае ногі, і адпачніце пад гэтым дрэвам. Я ж прынясу трохі хлеба, і вы падмацуеце сэрцы вашыя, а потым пойдзеце, бо дзеля гэтага праходзіце каля слугі вашага. А яны сказалі: Зрабі так, як сказаў.

Абрагам паспяшыў у шацёр да Сары і сказаў: Хутчэй замясі тры саты лепшай мукі і зрабі ляпёшкі. Потым Абрагам пабег да статка і, выбраўшы тоўстае і прыгожае цяля, даў слузе, каб той хутка яго прыгатаваў. Затым узяў масла і малако, і прыгатаванае цяля і паставіў перад імі. Сам жа стаяў каля іх пад дрэвам. А яны елі.

І спыталі яго: Дзе твая жонка Сарра?

Ён адказаў ім: Вось у шатры.

Сказаў яму дзін з іх: Праз год у той самы час я вярнуся да цябе. А ў Сарры, жонкі тваёй, будзе сын.

Сарра прыслухоўвалася каля ўваходу ў шацёр, які быў за Абрагамам. Абрагам і Сарра былі ўжо вельмі старыя. Таму засмяялася Сарра сама сабе, кажучы: Цяпер, калі я састарэла, і гаспадар мой стары, як магу мець суцяшэнне?

Але Пан сказаў Абрагаму: Чаму Сарра смяецца, кажучы: ці сапраўды змагу нарадзіць, калі я састарэла? Ці ёсць што-небудзь немагчымае для Пана? Праз год у вызначаны час я вярнуся да цябе, а Сарра будзе мець сына.

Сарра ж, таму што спалохалася, адмаўлялася, кажучы: Я не смяялася. Але Пан адказаў: Не, ты смяялася.

Гэта слова Божае.

15 ліпеня — успамін св. Бонавэнтуры, біскупа і доктара Касцёла

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Эф 3, 14–19
Спазнаць любоў Хрыста, якая перавышае ўсялякае разуменне

Чытанне Паслання святога апостала Паўла да Эфесцаў.

Браты:

Я схіляю калені мае перад Айцом Пана нашага Езуса Хрыста, ад якога бярэ сваю назву кожны народ на нябёсах і на зямлі, каб Ён даў вам, паводле багацця славы сваёй, умацаваць сілы Духам Ягоным дзеля духоўнага чалавека, каб праз веру Хрыстус пасяліўся ў сэрцах вашых, каб вы, укараніўшыся і ўмацаваўшыся ў любові, змаглі зразумець з усімі святымі, чым ёсць шырыня і даўжыня, і вышыня, і глыбіня, і спазнаць любоў Хрыста, якая перавышае ўсялякае разуменне, каб вы напоўніліся ўсёй паўнатою Божай.

Гэта слова Божае.

16 верасня — успамін св. Карнэлія, папы, і Кіпрыяна, біскупа, мучанікаў

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ 2 Кар 4, 7–15
Заўсёды носім у целе кананне Езуса

Чытанне Другога паслання святога апостала Паўла да Карынцянаў.

Браты:

Мы маем скарб у гліняных пасудзінах, каб веліч сілы была Божая, а не ад нас. Усяляк уціскаюць нас, але мы не прыгнечаныя. Мы ў разгубленасці, але не паддаёмся роспачы. Нас пераследуюць, але мы не пакінутыя. Знішчаюць нас, але мы не гінем. Заўсёды носім у целе кананне Езуса, каб і жыццё Есуса аб’явілася ў целе нашым. Бо мы, жывыя, няспынна ідзём на смерць дзеля Езуса, каб і жыццё Езуса аб’явілася ў нашым смяротным целе. Так што смерць дзейнічае ў нас, а жыццё — у вас.

Маючы той самы дух веры, як напісана: Я паверыў, таму гаварыў, — і мы верым, таму і кажам, ведаючы, што той, хто ўваскрасіў Пана Езуса, і нас уваскрасіць разам з Езусам і паставіць перад сабою разам з вамі.

Бо ўсё дзеля вас, каб памнажэнне ласкі ў многіх выклікала шчодрую падзяку дзеля Божай славы.

Гэта слова Божае.

24 чэрвеня — урачыстасць Нараджэння св. Яна Хрысціцеля

Імша ў вігілію

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Ер 1, 4–10
Раней, чым сфармаваў цябе ва ўлонні, Я пазнаў цябе

Чытанне кнігі прарока Ераміі.

У дні Ёсіі:

Cкіраваў да мяне Пан слова, кажучы: Раней, чым сфармаваў цябе ва ўлонні, Я пазнаў цябе, і раней, чым ты выйшаў з улоння, Я асвяціў цябе, устанавіў цябе прарокам для народаў.

І адказаў я: О, Пане Божа, я не ўмею гаварыць, бо я яшчэ дзіця.

Але Пан сказаў мне: Не кажы: «я дзіця», бо да ўсіх, да каго Я пашлю цябе, пойдзеш, і ўсё, што загадаю табе, скажаш. Не бойся іх, бо Я з табою, каб ратаваць цябе, — сказаў Пан.

І выцягнуў Пан руку сваю, і дакрануўся да вуснаў маіх, і сказаў мне Пан: Вось Я ўклаў словы Мае ў вусны твае. Глядзі, Я паставіў цябе ў гэты дзень над народамі і валадарствамі, каб вырываць і бурыць, знішчаць і руйнаваць, будаваць і садзіць.

Гэта слова Божае.

25 сакавіка — урачыстасць Звеставання Пана

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Іс 7, 10–14
Вось Дзева зачне і народзіць Сына

Чытанне кнігі прарока Ісаі.

У тыя дні:

Пан прамовіў да Ахаза такімі словамі: Прасі Пана, Бога твайго, каб даў табе знак ці глыбока ў адхлані, ці высока ўгары.
Але Ахаз адказаў: Не буду прасіць і не буду выпрабоўваць Пана.
Тады сказаў Ісая:
Паслухайце ж, дом Давідаў:
ці мала вам, што дакучаеце людзям,
дык вы яшчэ дакучаеце майму Богу?
Таму Пан сам дасць вам знак:
Вось Дзева зачне і народзіць Сына,
і дасць Яму імя Эммануэль,
што значыць Бог з намі.

Гэта слова Божае.

29 ліпеня — успамін св. Марты

Евангелле гэтага ўспаміну з’яўляецца ўласным

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ 1 Ян 4, 7–16
Калі мы любім адзін аднаго, то Бог жыве ў нас

Чытанне Першага паслання святога апостала Яна.

Умілаваныя, будзем любіць адзін аднаго, бо любоў ад Бога і кожны, хто любіць, народжаны ад Бога і ведае Бога. Хто не любіць, той не ведае Бога, таму што Бог ёсць любоў.

Любоў Бога да нас адкрылася ў тым, што Бог паслаў у свет Сына свайго Адзінароднага, каб мы жылі праз Яго. У тым праявілася любоў, што не мы палюбілі Бога, а Ён сам палюбіў нас і паслаў Сына свайго як уміласціўленне за грахі нашыя.

Калі Бог так палюбіў нас, дык і мы павінны любіць адзін аднаго. Бога ніхто ніколі не бачыў. Калі мы любім адзін аднаго, то Бог жыве ў нас, і любоў Ягоная ў нас дасканалая. Па тым пазнаём, што мы жывём у Ім, а Ён у нас, што Ён даў нам ад свайго Духа. І мы бачылі, і сведчым, што Айцец паслаў Сына, Збаўцу свету. Хто вызнае, што Езус — Сын Божы, у тым жыве Бог, а ён у Богу. І мы пазналі, і паверылі ў любоў, якую мае да нас Бог.

Бог ёсць любоў, і хто жыве ў любові, той жыве ў Богу, і Бог у ім.

Гэта слова Божае.

Аўторак XXX звычайнага тыдня, год ІІ

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Эф 5, 21–32
Вялікая таямніца гэта, а кажу я ў дачыненні да Хрыста і да Касцёла

Чытанне Паслання святога апостала Паўла да Эфесцаў.

Браты:

Падпарадкоўвайцеся адзін аднаму ў боязі Хрыстовай.

Жонкі, падпарадкоўвайцеся мужам сваім, як Пану, бо муж — галава жонкі, як і Хрыстус — галава Касцёла. Ён — Збаўца Цела. Таму, як Касцёл падпарадкоўваецца Хрысту, так і жонкі падпарадкоўваюцца мужам ва ўсім.

Мужы, любіце сваіх жонак, як і Хрыстус палюбіў Касцёл і аддаў сябе за яго, каб асвяціць яго, ачысціўшы купеллю вады ў слове, каб Ён з’явіўся перад Ім слаўным Касцёлам, які не мае плямы, ці заганы, ці чаго-небудзь падобнага, і каб ён быў святы і беззаганны.

Так павінны мужы любіць сваіх жонак, як сваё цела. Хто любіць сваю жонку, любіць самога сябе. Бо ніхто ніколі не меў нянавісці да свайго цела, але корміць і даглядае яго, як і Хрыстус свой Касцёл; бо мы члены Цела Ягонага.

Таму пакіне мужчына бацьку свайго і маці і злучыцца з жонкай сваёй, і будуць двое адным целам. Вялікая таямніца гэта, а кажу я ў дачыненні да Хрыста і да Касцёла.

Гэта слова Божае.

Вігілія Спаслання Духа Святога

  ІМША Ў ВІГІЛІЮ

Гэтыя чытанні выкарыстоўваюцца на Імшы, якая цэлебруецца вечарам у суботу перад ці пасля
І Нешпараў нядзелі Спаслання Духа Святога

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Быц 11, 1–9
Таму дадзена яму імя: Бабілён, бо там змяшаў Пан мову ўсёй зямлі

Чытанне кнігі Быцця.

На ўсёй зямлі была адна мова і аднолькавыя словы. Рушыўшы з усходу, людзі знайшлі ў зямлі Сэнаар раўніну і пасяліліся там. І сказалі адзін аднаму: Давайце наробім цэглы і абпалім агнём. І стала ў іх цэгла замест камянёў, а земляная смала замест вапны. І сказалі яны: Давайце збудуем сабе горад і вежу, вяршыня якой узнясецца да нябёсаў, і зробім сабе знак, каб не рассеяцца па паверхні ўсёй зямлі. І сышоў Пан паглядзець горад і вежу, што будавалі сыны чалавечыя.

І сказаў Пан: Вось адзін народ і адна ва ўсіх мова; і вось што пачалі рабіць, і не адступяцца яны ад таго, што задумалі ўчыніць. Сыдзем жа і змяшаем там мову іхнюю, так каб адзін не разумеў мовы другога. І рассеяў іх Пан адтуль па паверхні ўсёй зямлі, і яны перасталі будаваць горад. Таму дадзена яму імя: Бабілён, бо там змяшаў Пан мову ўсёй зямлі, і адтуль рассеяў іх Пан па паверхні ўсёй зямлі.

Гэта слова Божае.

Пасхальная вігілія ў святую ноч

На Пасхальную вігілію пададзена дзевяць чытанняў са Святога Пісання: сем са Старога Запавету і два з Новага Запавету. Калі гэта неабходна, можна зменшыць колькасць чытанняў. Перад эпісталай і Евангеллем, аднак, павінна быць не менш за тры чытанні са Старога Запавету, а ў крайнім выпадку — два. Ні ў якім разе нельга прапусціць трэцяе чытанне з кнігі Зыходу пра пераход праз Чырвонае мора.

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Быц 1, 1. 26–31а
Убачыў Бог усё, што Ён стварыў; і было яно вельмі добрым

Чытанне кнігі Быцця.

На пачатку стварыў Бог неба і зямлю. І сказаў Бог: Учынім чалавека паводле Нашага вобразу і Нашага падабенства. Няхай пануе над рыбамі марскімі, над птаствам нябесным, над жывёламі, над усёю зямлёю і над усялякім паўзуном, што поўзае па зямлі. І стварыў Бог чалавека паводле свайго вобразу, паводле Божага вобразу стварыў яго, стварыў мужчыну і жанчыну.

І благаславіў іх Бог, і сказаў ім: Пладзіцеся і размнажайцеся, напаўняйце зямлю і валодайце ёю; пануйце над рыбамі марскімі, над птаствам нябесным і над усімі жывымі істотамі, якія рухаюцца па зямлі. І сказаў Бог: Вось Я даю вам усялякую траву, што рассявае насеннне па ўсёй зямлі, і ўсялякае дрэва, плод якога рассявае насенне, каб яны былі вам на спажытак. А ўсім жывым істотам на зямлі і ўсялякаму нябеснаму птаству, і ўсяму, што поўзае па зямлі і мае ў сабе дыханне жыцця, Я даю на спажытак усялякую зеляніну. І так сталася. І ўбачыў Бог усё, што Ён стварыў; і было яно вельмі добрым.

Гэта слова Божае.

Пятніца — VI Велікодны тыдзень

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Дз 18, 9–18
Вялікі народ Мой у гэтым горадзе

Чытанне кнігі Дзеяў Апосталаў.

Калі Павел быў у Карынце, Пан ноччу ў аб’яўленні сказаў Паўлу: Не бойся, але кажы і не маўчы, таму што Я з табою і ніхто не адважыцца зрабіць табе зло, бо вялікі народ Мой у гэтым горадзе. І прабыў год і шэсць месяцаў, навучаючы іх слову Божаму.

Калі Галіён быў праконсулам у Ахаі, юдэі аднадушна паўсталі супраць Паўла, прывялі яго ў суд, кажучы: Ён намаўляе людзей шанаваць Бога нязгодна з Законам.

Калі Павел хацеў адкрыць вусны, Галіён сказаў юдэям:

Юдэі, калі б размова ішла пра нейкую крыўду ці несправядлівы ўчынак, я б выслухаў вас, але калі спрэчка ідзе пра слова і пра імёны, і пра ваш Закон, то разглядайце самі. Я не хачу быць суддзёю ў гэтых справах. І выгнаў іх з суда.

Схапіўшы кіраўніка сінагогі Састэна, усе білі яго перад судом. А Галіёну не было да гэтага ніякай справы.
Павел жа прабыў там яшчэ даволі шмат дзён і, развітаўшыся з братамі, паплыў у Сірыю, а з ім Прысцыла і Аквіла.

У Кенхрах ён абстрыг сабе галаву, бо даў такое абяцанне.

Гэта слова Божае.

Субота — дваццаць дзявяты звычайны тыдзень, Год ІІ

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Эф 4, 7–16
Хрыстус – Галава, дзякуючы якой усё цела атрымлівае ўзрастанне

Чытанне Паслання святога апостала Паўла да Эфесцаў.

Браты:

Кожнаму з нас дадзена ласка паводле меры Хрыстовага дару.

Таму і сказана: Узышоўшы на вышыні, паланіў палонных і даў людзям дары. А што азначае «ўзышоўшы», калі не тое, што ён сышоў да найніжэйшых частак зямлі. Той, хто сышоў, ёсць і тым, хто ўзышоў вышэй за ўсе нябёсы, каб напоўніць усё.

І Ён паставіў адных апосталамі, другіх прарокамі, іншых евангелістамі, іншых пастырамі і настаўнікамі дзеля выхавання святых для справы служэння, для будавання Хрыстовага Цела, пакуль усе мы прыйдзем да еднасці веры і пазнання Сына Божага, да чалавека дасканалага, да меры сталасці паводле Хрыстовай паўнаты. Таму мы больш не павінны быць немаўлятамі, якіх хістае і захапляе кожны вецер вучэнняў, каб падманам людскім, хітрым штукарствам увесці ў зман. Але, кажучы праўду ў любові, усё павінна ўзрастаць у тым, хто з’яўляецца Галавою, — у Хрысце. З Яго ўсё цела, якое складаецца і злучаецца праз розныя ўзаемныя сувязі, у меру дзеяння кожнай асобнай часткі, атрымлівае ўзрастанне цела для будавання самога сябе ў любові.

Гэта слова Божае.

Субота — III тыдзень Вялікага посту

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Ос 6, 1–6
Міласэрнасці хачу, а не ахвяры

Чытанне кнігі прарока Осіі.

Так кажа Пан:

Хадзіце, вернемся да Пана.
Ён нас параніў, Ён і загоіць.
Ён ударыў, Ён і перавяжа нам раны.
Праз два дні ажывіць нас,
на трэці дзень уздыме нас,
і мы будзем жыць перад абліччам Ягоным.
Пазнаем жа і будзем імкнуцца пазнаць Пана.
Прыйсце Яго пэўнае, як надыход світання.
Ён прыйдзе да нас, як лівень,
як веснавы дождж, які напоіць зямлю.
Што ж зрабіць мне табе, Эфраім,
што ж зрабіць мне табе, Юда?
Міласэрнасць вашая, нібы ранішні туман
і раса, што хутка знікае.
Таму Я ўдараў іх прарокамі,
таму я забіваў іх словамі вуснаў Маіх,
таму суд Мой заяснее, як світанне.
Бо міласэрнасці хачу, а не ахвяры,
пазнання Бога, а не ўсеспалення.

Гэта слова Божае.

Субота — V Велікодны тыдзень

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Дз 16, 1–10
Прыйдзі ў Македонію і дапамажы нам

Чытанне кнігі Дзеяў Апосталаў.

У тыя дні:

Павел прыбыў у Дэрбэ і Лістру. І вось, быў там адзін вучань, па імені Цімафей, сын жанчыны юдэйкі, якая паверыла, і бацькі грэка. Браты ў Лістры і Іконіі добра сведчылі пра яго. Таму Павел захацеў узяць яго з сабою, і ўзяўшы, абрэзаў яго дзеля юдэяў, якія былі ў тых мясцінах. Бо ўсе ведалі, што бацька ягоны быў грэкам. Калі праходзілі праз гарады, наказвалі вернікам захоўваць пастановы, прынятыя Апосталамі і старэйшымі ў Ерузалеме. Касцёлы ж умацоўваліся ў веры і штодня ўзрасталі ў колькасці.

Прайшлі Фрыгію і краіну Галатаў, і Дух Святы стрымліваў іх ад абвяшчэння слова ў Азіі. Прыйшоўшы ў Мізію, спрабавалі ісці ў Бітынію, але Дух Езуса не дазволіў ім. Тады яны прайшлі Мізію і сышлі ў Трааду. І меў Павел уначы аб’яўленне: стаяў перад ім чалавек, нейкі македонец, і прасіў яго, кажучы: Прыйдзі ў Македонію і дапамажы нам.

Пасля гэтага аб’яўлення мы адразу вырашылі адправіцца ў Македонію, упэўненыя, што Бог паклікаў нас абвяшчаць там Евангелле.

Гэта слова Божае.

Субота — V Тыдзень Вялікага посту

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Эзх 37, 21–28
Я зраблю іх адным народам

Чытанне кнігі прарока Эзэхіэля.

Так кажа Пан Бог:

Вось Я вазьму сыноў Ізраэля з народаў, між якімі разышліся, і збяру іх адусюль, і прывяду іх да зямлі іх. Я зраблю іх адным народам на зямлі, на гарах Ізраэля, і адзін кароль будзе каралём над імі ўсімі, і яны больш не будуць двума народамі, і больш не будуць падзеленыя на два каралеўствы.

І ўжо не будуць апаганьваць сябе сваімі ідаламі, ні брыдотай сваёй, ні праступкамі сваімі. Я вызвалю іх з усіх іхніх паселішчаў, дзе яны грашылі, і ачышчу іх. Яны будуць Маім народам, а Я буду іх Богам.

Слуга Мой, Давід, будзе каралём над імі, і адзін пастыр будзе над усімі імі. Яны будуць паступаць паводле Маіх законаў і наказы Мае будуць захоўваць і выконваць. І будуць жыць на зямлі, якую Я даў слузе Майму Якубу, на якой жылі бацькі вашыя. Там будуць жыць яны і дзеці іхнія, і дзеці дзяцей іх навекі. А Давід, слуга Мой, будзе правадыром іх назаўсёды.

І заключу з імі запавет спакою: гэта будзе вечны запавет з імі. Я ўмацую іх і памножу, і пастаўлю Маю святыню сярод іх навекі. Жыллё Маё будзе сярод іх, Я буду іх Богам, а яны будуць Маім народам. І даведаюцца народы, што Я, Пан, асвячаю Ізраэль, калі Мая святыня будзе сярод іх назаўсёды.

Гэта слова Божае.

Субота — VI Велікодны тыдзень

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Дз 18, 23–28
Аполас публічна даказваў праз Пісанні, што Езус — гэта Месія

Чытанне кнігі Дзеяў Апосталаў.

У тыя дні:

Павел, правёўшы пэўны час у Антыёхіі, выйшаў і праходзіў па чарзе краіну галатаў і Фрыгію, умацоўваючы ўсіх вучняў.

Адзін юдэй, па імені Аполас, родам з Александрыі, чалавек красамоўны і знаўца Пісанняў, прыйшоў у Эфес. Быў ён настаўлены на шлях Пана і з запалам прамаўляў і вучыў старанна пра Езуса, хоць і ведаў толькі хрост Яна. Ён пачаў адважна прамаўляць у сінагозе. Калі яго пачулі Прысцыла і Аквіла, узялі яго і навучылі яго дакладней шляху Божаму.

А калі ён збіраўся ісці ў Ахаю, браты напісалі вучням і папрасілі прыняць яго. Калі ён прыйшоў туды, шмат дапамагаў тым, хто паверыў дзякуючы ласцы. Ён адважна пераконваў юдэяў, публічна даказваючы праз Пісанні, што Езус — гэта Месія.

Гэта слова Божае.

Субота — VII Велікодны тыдзень

 РАНІШНЯЯ ІМША

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Дз 28, 16–20. 30–31
Застаўся ў Рыме, прапаведуючы Божае Валадарства

Чытанне кнігі Дзеяў Апосталаў.

Калі мы прыйшлі ў Рым, Паўлу дазволілі жыць асобна з жаўнерам, які яго вартаваў.

Праз тры дні Павел склікаў да сябе самых знакамітых юдэяў і, калі яны сышліся, сказаў ім: Браты, я не зрабіў нічога супраць народа ці звычаяў айцоў, аднак мяне як вязня перадалі ў рукі рымлянаў. Яны дапыталі мяне і хацелі адпусціць, бо ў мяне не было ніякай смяротнай віны.

Калі юдэі пярэчылі гэтаму, я вымушаны быў звярнуцца да цэзара, але не для таго, каб у нечым вінаваціць свой народ. Таму я паклікаў вас, каб пабачыцца і паразмаўляць з вамі, бо за надзею Ізраэля я закаваны ў гэтыя кайданы.

Жыў Павел цэлыя два гады ў нанятым ім доме і прымаў усіх, хто прыходзіў да яго, прапаведуючы Божае Валадарства і навучаючы пра Пана Езуса Хрыста, без перашкоды і з усёй адвагай.

Гэта слова Божае.

Субота — адзінаццаты звычайны тыдзень, Год І

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ 2 Кар 12, 1-10
Найбольш ахвотна буду хваліцца сваёй слабасцю

Чытанне Другога паслання святога апостала Паўла да Карынцянаў.

Браты:

Калі трэба хваліцца, хоць гэта і некарысна, то перайду да бачанняў і аб’яўленняў Пана. Ведаю чалавека ў Хрысце, які чатырнаццаць гадоў таму (ці ў целе, не ведаю, ці па-за целам, не ведаю, ведае Бог) быў забраны аж да трэцяга неба. І ведаю, што гэты чалавек (ці ў целе, ці па-за целам, не ведаю, ведае Бог) быў забраны ў рай і чуў невыказныя словы, якіх чалавеку нельга перадаць.

Гэтым буду хваліцца, а сабою не пахвалюся, хіба што слабасцю маёй. Калі захачу пахваліцца, не буду неразважлівым, бо скажу праўду. Але я ўстрымліваюся, каб хто не падумаў пра мяне болей, чым ува мне бачыць або чуе ад мяне.

Каб я не хваліўся нязвыкласцю аб’яўленняў, дадзена мне джала ў цела, пасланец сатаны, каб біць мяне. Таму я тройчы маліў Пана аб тым, каб адвёў яго ад мяне. Але Пан сказаў мне: Хопіць табе Маёй ласкі, бо моц удасканальваецца ў слабасці.

Найбольш ахвотна буду хваліцца сваёй слабасцю, каб жыла ўва мне моц Хрыста. Таму ўпадабаў я слабасць, пагарду, нястачы, ганенні, уціск за Хрыста, бо, калі я слабы, тады моцны.

Гэта слова Божае.

Субота — адзінаццаты звычайны тыдзень, Год ІІ

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ 2 Кр 24, 17–25
Захарыя, якога вы забілі паміж святыняй і ахвярнікам

Чытанне Першай кнігі Кронікаў.

Пасля таго, як памёр Ёад, прыйшлі старэйшыны юдэйскія і пакланіліся каралю. Тады кароль пачаў слухацца іх. І пакінулі дом Пана, Бога айцоў іхніх, і пачалі служыць дрэвам і ідалам. І сышоў гнеў Божы на Юду і Ерузалем за гэтую правіну. І паслаў Пан да іх прарокаў, каб навярнуліся да Пана, і яны пераконвалі іх, але тыя не слухалі.

Тады Дух Божы ахінуў Захарыя, сына святара Ёада, і ён стаў на ўзвышэнні перад народам, і сказаў ім: Так кажа Бог: навошта вы пераступаеце наказы Пана? Не будзе вам шчасціць, бо вы пакінулі Пана, і Ён пакіне вас. І змовіліся супраць яго, і каменавалі яго паводле загаду караля на дзядзінцы дома Пана. І не ўспомніў кароль Яас дабрадзейства, якое ўчыніў яму Ёад, айцец Захарыі, і забіў сына яго. Паміраючы, Захарыя сказаў: Няхай бачыць Пан і няхай адпомсціць!

У канцы года выступіла супраць Яааса войска сірыйскае, і ўвайшлі ў Юдэю і ў Ерузалем, і знішчылі ўсіх старэйшынаў народа, і ўсю здабычу паслалі каралю ў Дамаск. Хоць з невялікай колькасьцю людзей прыходзіла сірыйскае войска, Пан даў у рукі ім вельмі магутнае войска, бо тыя пакінулі Пана, Бога айцоў сваіх. Так выканалі яны над Яасам прысуд. І, адыходзячы, пакінулі яго ў цяжкіх хваробах, а слугі ягоныя змовіліся супраць яго, каб адпомсціць за кроў сына святара Ёада. І забілі яго на ложку ягоным, і ён памёр. Пахавалі яго ў горадзе Давіда, але не паклалі яго ў каралеўскіх грабніцах.

Гэта слова Божае.

Субота — васемнаццаты звычайны тыдзень, Год І

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Дрг 6, 4–13
Слухай, Ізраэль, любі Пана Бога твайго ўсім сэрцам тваім

Чытанне кнігі Другазаконня.

Майсей прамовіў да народа, кажучы:

Слухай, Ізраэль: Пан, Бог наш, Пан адзіны. Любі Пана Бога твайго ўсім сэрцам тваім, усёй душою тваёю, усім розумам сваім і з усіх сіл тваіх. Няхай гэтыя словы, якія сёння я наказваю табе, будуць у сэрцы тваім. І будзеш навучаць ім дзяцей сваіх і гаварыць пра іх, калі будзеш дома, падчас твайго падарожжа, кладучыся спаць і ўстаючы. Прывяжаш іх, як знак, да рукі сваёй, і яны будуць табе як павязка паміж вачыма тваімі. І напішаш іх на вушаках дому свайго і на брамах сваіх.

І прывядзе цябе Пан Бог твой у зямлю, якую абяцаў айцам тваім Абрагаму, Ісааку і Якубу, што дасць табе разам з вялікімі і добрымі гарадамі, якіх ты не будаваў, з дамамі, поўнымі ўсялякага дабра, якіх ты не напаўняў, са студнямі, якіх ты не капаў, з вінаграднікамі і аліўкамі, якіх ты не садзіў. Ты будзеш спажываць і насыцішся. Сцеражыся тады, каб не забыцца пра Пана, які вывеў цябе з егіпецкай зямлі, з дому няволі. Будзеш баяцца Пана Бога твайго, і служыць Яму, і клясціся Ягоным імем.

Гэта слова Божае.

Субота — васемнаццаты звычайны тыдзень, Год ІІ

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Абк 1, 12 — 2, 4
Праведны будзе жыць дзякуючы сваёй вернасці

Чытанне кнігі прарока Абакума.

Хіба не Ты спрадвечны, Пане мой Божа, святы мой? Мы не памром! Пане, Ты прызначыў халдэйскі народ для суда, скала мая! Ты захаваў яго для пакарання. Чыстыя вочы Твае не могуць бачыць зла, і глядзець на няшчасце Ты не можаш. Чаму ж Ты глядзіш на тых, хто паступае несправядліва, і маўчыш, калі бязбожны паглынае больш справядлівага, чым ён?

Ты абыходзішся з людзьмі, як з рыбамі у моры, як з паўзунамі, што не маюць гаспадара. Халдэі падымаюць іх вудай, цягнуць іх у бродніку сваім і збіраюць у сетку сваю, і радуюцца гэтаму, і весяляцца. За гэта прыносяць ахвяру нерату свайму і кадзяць сваёй сетцы, бо ад іх пажыўная доля іхняя і спажытак тлусты. Ці яны будуць зноў спаражняць свае сеткі і далей бязлітасна забіваць народы?

Я стану на сваёй варце, і падымуся на вежу, і буду пільна сачыць, што скажа мне і што адкажа на скаргу маю.

І сказаў мне Пан у адказ: Запішы, што бачыш, і растлумач на табліцах, каб чытач мог лёгка прачытаць. Бо тое, што бачыш, прызначана яшчэ на пэўны час і гаворыць пра канец, і не ашукае. Калі нават будзе марудзіць, чакай, бо прыйдзе абавязкова, не спозніцца. Вось знемагае той, у каго несправядлівая душа, а праведны будзе жыць дзякуючы сваёй вернасці.

Гэта слова Божае.