Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 365-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:         

29 жніўня — успамін мучаніцтва св. Яна Хрысціцеля

Евангелле гэтага ўспаміну з’яўляецца ўласным

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Ер 1, 17–19
Скажаш ім усё, што Я табе загадаю. Не бойся іх

Чытанне кнігі прарока Ераміі.

У тыя дні:

Пан скіраваў да мяне сваё слова: Ты падпяражаш свае бёдры, устанеш і скажаш ім усё, што Я табе загадаю. Не бойся іх, інакш Я напоўню цябе страхам перад імі.

Вось Я зрабіў цябе сёння ўмацаваным горадам, жалезным слупом і меднымі мурамі супраць усёй зямлі, супраць каралёў юдэйскіх, супраць правадыроў іхніх, супраць святароў і народу гэтай зямлі.

Яны будуць ваяваць з табою, але не перамогуць цябе, бо Я з табою, — кажа Пан, — каб ратаваць цябе.

Гэта слова Божае.

29 ліпеня — успамін св. Марты

Евангелле гэтага ўспаміну з’яўляецца ўласным

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ 1 Ян 4, 7–16
Калі мы любім адзін аднаго, то Бог жыве ў нас

Чытанне Першага паслання святога апостала Яна.

Умілаваныя, будзем любіць адзін аднаго, бо любоў ад Бога і кожны, хто любіць, народжаны ад Бога і ведае Бога. Хто не любіць, той не ведае Бога, таму што Бог ёсць любоў.

Любоў Бога да нас адкрылася ў тым, што Бог паслаў у свет Сына свайго Адзінароднага, каб мы жылі праз Яго. У тым праявілася любоў, што не мы палюбілі Бога, а Ён сам палюбіў нас і паслаў Сына свайго як уміласціўленне за грахі нашыя.

Калі Бог так палюбіў нас, дык і мы павінны любіць адзін аднаго. Бога ніхто ніколі не бачыў. Калі мы любім адзін аднаго, то Бог жыве ў нас, і любоў Ягоная ў нас дасканалая. Па тым пазнаём, што мы жывём у Ім, а Ён у нас, што Ён даў нам ад свайго Духа. І мы бачылі, і сведчым, што Айцец паслаў Сына, Збаўцу свету. Хто вызнае, што Езус — Сын Божы, у тым жыве Бог, а ён у Богу. І мы пазналі, і паверылі ў любоў, якую мае да нас Бог.

Бог ёсць любоў, і хто жыве ў любові, той жыве ў Богу, і Бог у ім.

Гэта слова Божае.

29 снежня — пяты дзень у актаве Нараджэння Пана

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ 1 Ян 2, 3–11
Хто любіць брата свайго, той жыве ў святле

Чытанне Першага паслання святога апостала Яна.

Умілаваныя:

Па тым даведваемся, што мы пазналі Езуса, калі выконваем Ягоныя запаведзі. Хто кажа: Я ведаю Яго, — а не выконвае запаведзі Ягоныя, той ілгун і няма ў ім праўды. А хто выконвае слова Ягонае, у тым сапраўды любоў Божая дасканалая; і па гэтым пазнаем, што мы ў Ім. Хто кажа, што жыве ў Ім, той павінен паступаць так, як Ён паступаў.

Умілаваныя, пішу вам не новую запаведзь, а запаведзь даўнюю, якую вы мелі ад пачатку. Даўняй запаведдзю ёсць слова, якое вы чулі. Аднак новую запаведзь пішу вам, якая праўдзівая ў Ім і ў вас, бо цемра знікае і святло праўдзівае ўжо свеціць. Хто кажа, што ён у святле, а ненавідзіць брата свайго, той яшчэ ў цемры. Хто любіць брата свайго, той жыве ў святле і няма ў ім спакусы. А хто ненавідзіць брата свайго, той жыве ў цемры і ў цемры ходзіць, і не ведае, куды ідзе, бо цемра засляпіла яму вочы.

Гэта слова Божае.

29 чэрвеня — урачыстасць святых Пятра и Паўла, апосталаў

Імша ў вігілію

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Дз 3, 1–10
Што маю, тое даю табе: у імя Езуса, устань і хадзі 

Чытанне кнігі Дзеяў Апосталаў.

У тыя дні:

Пётр і Ян ішлі ў святыню на малітву а дзевятай гадзіне. І быў там чалавек, кульгавы ад нараджэння, якога насілі і садзілі штодня каля брамы святыні, што звалася Прыгожай, каб ён прасіў міласціну ў тых, хто ўваходзіў у святыню. Ён убачыў Пятра і Яна, якія збіраліся ўвайсці ў святыню, і папрасіў у іх міласціну.

Пётр з Янам зірнулі на яго і сказалі: Паглядзі на нас. І ён паглядзеў на іх, спадзеючыся што-небудзь атрымаць. Пётр сказаў: Срэбра і золата не маю, але што маю, тое даю табе: у імя Езуса Хрыста з Назарэту, устань і хадзі. І ўзяў яго за правую руку, і падняў яго. І адразу ўмацаваліся ногі яго і ступні. Ускочыў, устаў і пачаў хадзіць, і ўвайшоў з імі ў святыню, ходзячы, падскокваючы і славячы Бога.

Усе людзі бачылі, як ён хадзіў і славіў Бога. І пазналі яго, што гэта быў той самы, які сядзеў каля Прыгожай брамы святыні дзеля міласціны, і напоўніліся жахам і здзіўленнем ад таго, што сталася з ім.

Гэта слова Божае.

3 верасня — успамін св. Грыгорыя Вялікага, папы і доктара Касцёла

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ 2 Кар 4, 1–2. 5–7
Абвяшчаем Хрыста Езуса, а нас саміх — як слугаў вашых дзеля Езуса

Чытанне Першага паслання святога апостала Паўла да Карынцянаў.

Браты:

Таму, маючы з міласэрнасці Божай такое служэнне, мы не губляем адвагі. Наадварот, мы адракліся ад сарамлівых скрытых спраў, мы не паводзім сябе падступна і не скажаем слова Божага, але праз выяўленне праўды даручаем сябе сумленню кожнага чалавека перад Богам.

Мы не сябе абвяшчаем, але Хрыста Езуса як Пана, а нас саміх — як слугаў вашых дзеля Езуса. Таму што Бог, які загадаў святлу заззяць з цемры, асвятліў нашыя сэрцы, каб даць святло пазнання славы Божай у абліччы Езуса Хрыста.

Мы маем скарб у гліняных пасудзінах, каб веліч сілы была Божая, а не ад нас.

Гэта слова Божае.

3 ліпеня — свята св. Тамаша, апостала

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Эф 2, 19–22
Умацаваныя на падмурку апосталаў

Чытанне Паслання святога апостала Паўла да Эфесцаў.

Браты:

Вы ўжо не чужыя і не прыхадні, але суграмадзяне святых і дамачадцы Бога, умацаваныя на падмурку апосталаў і прарокаў, дзе сам Езус Хрыстус з’яўляецца вуглавым каменем, на якім кожны складзены разам будынак вырастае як святая ў Пану святыня. У ёй і вы разам будуецеся Духам, каб быць жыллём Бога.

Гэта слова Божае.

3 лістапада — успамін св. Марціна дэ Порэса, законніка

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Флп 4, 4–9
Што беззаганнае, пра гэта думайце

Чытанне Паслання святога апостала Паўла да Філіпянаў.

Браты:

Радуйцеся заўсёды ў Пану; яшчэ раз кажу: радуйцеся! Лагоднасць вашая няхай будзе вядомая ўсім людзям. Пан блізка. Ні пра што не турбуйцеся, але ў кожнай малітве і мальбе з удзячнасцю адкрывайце вашыя просьбы Богу.

І спакой Божы, які пераўзыходзіць усялякі розум, будзе аберагаць сэрцы вашыя і думкі вашыя ў Хрысце Езусе.

Нарэшце, браты, што ёсць праўдзівае, што годнае, што справядлівае, што беззаганнае, што ласкавае, што хвалебнае, калі гэта нейкая цнота або нешта годнае пахвалы — пра гэта думайце. Чаму навучыліся, і што прынялі, і пачулі, і ўбачылі ўва мне, тое чыніце, і Бог спакою будзе з вамі.

Гэта слова Божае.

3 студзеня – ІІ Нядзеля пасля Нараджэння Пана

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Сір 24, 1-2. 8-12
Мудрасць Божая жыве ў выбраным народзе

Чытанне кнігі Мудрасці Сіраха.

Пахвала мудрасці – у ёй самой,
і праслаўлена будзе яна сярод свайго народа.
На сходзе Найвышэйшага яна адкрые вусны свае
і перад Ягонай магутнасцю будзе ўсхваляць сябе:
Тады загадаў мне Стварыцель усяго,
той, хто стварыў мяне, вызначыў месца для майго шатра
і сказаў: У Якубе пасяліся
і ў спадчыну прымі Ізраэль.
Спрадвеку, з самага пачатку Ён стварыў мяне,
і ніколі я не перастану існаваць.
У святым шатры перад Ім я служыла
і так умацавалася на Сіёне.
Ён таксама даў мне адпачынак ва ўмілаваным горадзе,
у Ерузалеме ўлада мая.
Укаранілася я ў праслаўленым народзе,
ва ўласнасці Пана, у спадчыне Ягонай.

Гэта слова Божае.

3 студзеня — перыяд Нараджэння Пана

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ 1 Ян 2, 29 — 3, 6
Кожны, хто жыве ў Ім, не грашыць

Чытанне Першага паслання святога апостала Яна.

Умілаваныя:

Калі вы ведаеце, што Бог справядлівы, то ведайце і тое, што кожны, хто паступае справядліва, народжаны ад Яго.

Паглядзіце, якую любоў даў нам Айцец, каб мы называліся дзецьмі Божымі, і мы з’яўляемся імі. Таму свет не ведае нас, што не пазнаў Яго. Умілаваныя! Цяпер мы дзеці Божыя, але яшчэ не выявілася, чым будзем. Ведаем, што калі Ён аб’явіцца, мы будзем падобнымі да Яго, бо ўбачым Яго такім, якім ёсць. І кожны, хто мае такую надзею на Яго, чыніць сябе беззаганным, як Ён ёсць беззаганны.

Кожны, хто чыніць грэх, чыніць і беззаконне, бо грэх — гэта беззаконне. Вы ведаеце, што Ён аб’явіўся дзеля таго, каб забраць грахі, у Ім жа няма граху.

Кожны, хто жыве ў Ім, не грашыць, а кожны, хто грашыць, не бачыў Яго і не пазнаў Яго.

Гэта слова Божае.

30 верасня — успамін св. Гераніма, святара і доктара Касцёла

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ 2 Цім 3, 14–17
Усякае Пісанне натхнёнае Богам і карыснае для навучання

Чытанне Другога паслання святога апостала Паўла да Цімафея.

Умілаваны:

Трывай у тым, чаму навучыўся і што табе даручана, ведаючы, ад каго навучыўся. Бо ад дзіцячых гадоў ведаеш святыя пісанні, якія могуць навучыць цябе мудрасці дзеля збаўлення праз веру ў Хрысце Езусе. Усякае Пісанне натхнёнае Богам і карыснае для навучання, для пераконвання, для настаўлення, для выхавання ў праведнасці, каб Божы чалавек быў дасканалы, да ўсякай добрай справы гатовы.

Гэта слова Божае.

30 снежня — шосты дзень у актаве Нараджэння Пана

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ 1 Ян 2, 12–17
Хто выконвае Божую волю, той жыве вечна

Чытанне Першага паслання святога апостала Яна.

Пішу вам, дзеці,
бо дараваныя вам грахі дзеля імя Ягонага.
Пішу вам, айцы,
бо вы пазналі таго, хто ёсць ад пачатку.
Пішу вам, юнакі, бо вы перамаглі злога.
Пішу вам, дзеці, бо вы пазналі Айца.
Я напісаў вам, айцы,
бо вы пазналі таго, хто ёсць ад пачатку.
Я напісаў вам, юнакі,
бо вы моцныя,
і слова Божае жыве ў вас,
і вы перамаглі злога.

Не любіце свету ані таго, што ў свеце. Калі хто любіць свет, у тым няма любові Айца. Бо ўсё, што ў свеце: пажадлівасць цела, пажадлівасць вачэй і жыццёвая пыха – не ад Айца, але ад гэтага свету. І свет мінае, і пажадлівасць ягоная, а той, хто выконвае Божую волю, той жыве вечна.

Гэта слова Божае.

31 ліпеня — успамін св. Ігнацыя Лаёлы, святара

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ 1 Кар 10, 31—11, 1
Усё рабіце на славу Божую

Чытанне Першага паслання святога апостала Паўла да Карынцянаў.

Браты:

Ці ясце, ці п’яце, ці нешта робіце, усё рабіце на славу Божую. Не будзьце прычынай упадку ні для юдэяў, ні для грэкаў, ні для Касцёла Божага, як і я дагаджаю ўсім ва ўсім, не шукаючы сваёй карысці, але карысці многіх, каб яны былі збаўленыя. Наследуйце мяне, як і я наследую Хрыста.

Гэта слова Божае.

31 мая — свята Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Саф 3, 14–18
Пан, кароль Ізраэля, пасярод цябе

Чытанне кнігі прарока Сафоніі.

Радуйся, дачка Сіёна! Трыумфуй, Ізраэль! Весяліся і радуйся ад усяго сэрца, дачка Ерузалема! Адмяніў Пан прысуд над табою, прагнаў ворага твайго! Пан, кароль Ізраэля, пасярод цябе: ужо больш не ўбачыш зла.

У той дзень скажуць Ерузалему: Не бойся! – і Сіёну: Няхай жа не слабнуць рукі твае! Пан Бог твой сярод цябе, Магутны, Ён збавіць! Будзе вельмі радавацца табе, узрушаны ў любові сваёй, будзе цешыцца табою ў весялосці, як у святочны дзень.

Я забяру ад цябе нядолю, каб не было больш на табе сораму.

Гэта слова Божае.

31 снежня — сёмы дзень у актаве Нараджэння Пана

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ 1 Ян 2, 18–21
Маеце памазанне ад Святога і ўсё ведаеце

Чытанне Першага паслання святога апостала Яна.

Дзеці, настала апошняя гадзіна, і як вы чулі, што прыйдзе антыхрыст, так і цяпер з’явілася шмат антыхрыстаў. Па гэтым мы і пазнаём, што настала апошняя гадзіна. Яны выйшлі ад нас, але не належалі да нас; бо калі б яны належалі да нас, то заставаліся б з намі; але сталася гэта, каб выявілася, што яны не належаць да нас.

Вы ж маеце памазанне ад Святога і ўсё ведаеце. Я напісаў вам не таму, што вы не ведаеце праўды, а таму, што вы ведаеце яе, і што ўсялякі фальш не ад праўды.

Гэта слова Божае.

4 жніўня — успамін св. Яна Марыі Віянэя, святара

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Эзх 3, 16–21
Я ўстанавіў цябе вартаўніком дому Ізраэля

Чытанне кнігі прарока Эзэхіэля.

У тыя дні:

Пан скіраваў да мяне слова, кажучы: Сыне чалавечы, Я ўстанавіў цябе вартаўніком дому Ізраэля. Калі пачуеш слова з Маіх вуснаў, будзеш асцерагаць іх ад Майго імя. Калі Я скажу грэшніку: Напэўна памрэш, — а ты не асцеражэш яго і не скажаш, каб асцерагчы грэшніка ад яго грэшных паводзін дзеля ратунку ягонага, гэты грэшнік памрэ са сваёй віны, але за ягоную кроў Я спаганю з цябе. Аднак калі ты асцеражэш грэшніка, а ён не адвернецца ад свайго беззаконня і грэшных паводзін, ён памрэ са сваёй віны, але ты ўратуеш сваё жыццё.

Калі ж Я пастаўлю справядлівага перад выпрабаваннем, а ён адвернецца ад праведнасці сваёй і ўчыніць беззаконне, то ён памрэ, бо ты не асцярог яго ад граху ягонага. І справядлівыя справы яго, якія рабіў, забудуцца, а за ягоную кроў Я спаганю з цябе. Аднак калі ты асцеражэш справядлівага, каб ён не грашыў, і ён не зграшыць, то напэўна і ён будзе жыць, бо ты асцярог яго, і ты сам ўратуеш сваё жыццё.

Гэта слова Божае.

4 кастрычніка — успамін св. Францішка Асізскага

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Гал 6, 14–18
Праз якога свет укрыжаваны для мяне, а я — для свету

Чытанне Паслання святога апостала Паўла да Галатаў.

Браты:

Няхай я не буду хваліцца нічым, акрамя крыжа нашага Пана Езуса Хрыста, праз якога свет укрыжаваны для мяне, а я — для свету. Бо ні абразанне нічога не значыць, ні адсутнасць абразання, але толькі новае стварэнне. І над усімі, хто будзе паступаць паводле гэтага правіла, спакой і міласэрнасць, а таксама над Ізраэлем Божым. Урэшце, няхай ніхто не абцяжарвае мяне, бо я нашу на целе сваім раны Езуса.

Ласка нашага Пана Езуса Хрыста з духам вашым, браты. Амэн.

Гэта слова Божае.

4 лістапада — успамін св. Караля Барамэя, біскупа

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Рым 12, 3–13
Паводле дадзенай ласкі, маем розныя дары

Чытанне Паслання святога апостала Паўла да Рымлянаў.

Браты:

Дзякуючы дадзенай мне ласцы, я кажу кожнаму, хто ёсць сярод вас: не думайце пра сябе лепш, чым трэба думаць, але ацэньвайце сябе цвяроза, паводле меры ўздзеленай кожнаму Богам веры. Бо як у адным целе маем шмат частак, і не ўсе часткі выконваюць тыя самыя функцыі, так і мы, многія, складаем адно цела ў Хрысце, а паасобку адзін для аднаго — члены. Так, паводле дадзенай ласкі, маем розныя дары: калі гэта прароцтва, мы павінны прарочыць згодна з вераю; калі служэнне — служыць; калі настаўніцтва — павучаць; калі заахвочванне — падбадзёрваць; калі размеркаванне — раздаваць у прастаце; калі кіраванне — кіраваць старанна; калі міласэрнасць — быць ласкавымі.

Любоў — некрывадушная. Майце нянавісць да зла, гарніцеся да дабра; любіце адзін аднаго братняю любоўю, апярэджвайце адзін аднаго ў ветлівасці, у руплівасці не слабніце, духам палымнейце, служыце Пану; цешцеся надзеяй, ва ўціску будзьце цярплівыя, у малітве — трывалыя; у патрэбах святых бярыце ўдзел; дбайце пра гасціннасць.

Гэта слова Божае.

4 студзеня — перыяд Нараджэння Пана

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ 1 Ян 3, 7–10
Не можа грашыць, бо народжаны ад Бога

Чытанне Першага паслання святога апостала Яна.

Дзеці, няхай ніхто не зводзіць вас. Хто паступае справядліва, той справядлівы, як і Ён ёсць справядлівым. Хто чыніць грэх — той ад д’ябла, бо д’ябал грашыць ад пачатку. Дзеля таго і аб’явіўся Сын Божы, каб знішчыць справы д’ябла.

Кожны, хто нарадзіўся ад Бога, не чыніць граху, бо насенне Ягонае жыве ў ім, і ён не можа грашыць, бо народжаны ад Бога. Па гэтым можна пазнаць дзяцей Божых і дзяцей д’ябла: кожны, хто паступае несправядліва, той не ад Бога, як і той, хто не любіць брата свайго.

Гэта слова Божае.

5 студзеня — перыяд Нараджэння Пана

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ 1 Ян 3, 11–21
Мы перайшлі ад смерці да жыцця, таму што любім братоў

Чытанне Першага паслання святога апостала Яна.

Умілаваныя:

Такая ёсць воля Божая, якую вы чулі ад пачатку, каб мы любілі адно аднаго. Не так, як Каін, які быў ад злога і забіў свайго брата. А дзеля чаго забіў яго? Бо ўчынкі яго былі благія, а брата ягонага — справядлівыя. І не здзіўляйцеся, браты, калі свет ненавідзіць вас. Мы ведаем, што перайшлі ад смерці да жыцця, таму што любім братоў. Хто не любіць, застаецца ў смерці.

Кожны, хто ненавідзіць брата свайго, той чалавеказабойца, а ведаеце, што ніводзін чалавеказабойца не мае ў сабе жыцця вечнага. Па гэтым пазналі мы любоў, што Ён аддаў за нас сваё жыццё. І мы павінны аддаць жыццё сваё за братоў. Калі хтосьці мае дастатак у свеце і бачыць брата свайго ў нястачы, і закрывае перад ім сваё сэрца, то як любоў Божая можа жыць у ім?

Дзеці, не будзем жа любіць словам ці моваю, але ўчынкам і праўдаю. І па гэтым пазнаем, што мы ад праўды, і супакоім перад Ім нашыя сэрцы. Бо калі сэрца нашае асуджае нас, то Бог большы за сэрца нашае і ведае ўсё. Умілаваныя, калі сэрца нашае не асуджае нас, то мы маем адвагу перад Богам.

Гэта слова Божае.

6 жніўня — свята Перамянення Пана

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Дан 7, 9–10. 13–14
Адзенне Ягонае было белае, як снег

Чытанне кнігі прарока Даніэля.

Я бачыў, як ставілі троны, і Старадаўні сеў. Адзенне Ягонае было белае, як снег, а валасы на галаве Ягонай, як чыстая воўна. Трон Ягоны быў, як полымя агню, а колы, як палаючы агонь. Вогненная рака разлівалася і выцякала ад Яго. Тысячы тысячаў служылі Яму, і дзесяць тысяч дзесяткаў тысяч стаялі перад Ім. Суд сеў, і разгарнуліся кнігі.

Бачыў я ў начных візіях: вось разам з аблокамі нябеснымі ішоў нібы Сын Чалавечы, наблізіўся Ён да Старадаўняга, і быў падведзены да Яго. І дадзена Яму была ўлада, і гонар, і валадарства. І ўсе народы, плямёны і мовы служылі Яму. Улада Ягоная – вечная ўлада, якая не адымецца. І валадарства Ягонае не будзе знішчана.

Гэта слова Божае.