ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Зых 32, 7–14 Пашкадуй і не рабі зла народу Твайму
Чытанне кнігі Зыходу.
У тыя дні:
Пан сказаў Майсею: Хутчэй ідзі ўніз, бо зграшыў твой народ, які ты вывеў з егіпецкай зямлі. Хутка адвярнуліся яны ад шляху, які Я ім наказаў, і зрабілі сабе адлітае цяля, і пакланіліся яму, і прынеслі яму ахвяры, кажучы: Вось бог твой, Ізраэль, які вывеў цябе з егіпецкай зямлі.
І зноў сказаў Пан Майсею: Я бачу народ гэты: гэта народ з цвёрдым каркам. А цяпер пакінь Мяне, каб запалаў гнеў Мой на іх і каб Я павынішчаў іх. З цябе ж Я зраблю вялікі народ.
Аднак Майсей пачаў маліць Пана Бога свайго, кажучы: Чаму разгарэўся Твой гнеў на Твой народ, які Ты вывеў з егіпецкай зямлі вялікаю моцай і магутнаю рукою? Навошта, каб егіпцяне казалі: На зло вывеў іх, каб пазабіваць у гарах і сцерці з аблічча зямлі. Адхілі полымя гневу Твайго, пашкадуй і не рабі зла народу Твайму. Успомні Абрагама, Ісаака і Ізраэля, слугаў Тваіх, якім Ты пакляўся самім сабою, кажучы: Памножу ваша патомства, як зоркі нябесныя; і ўсю гэту зямлю, пра якую казаў Я, дам нашчадкам вашым у вечную спадчыну.
І адступіўся Пан ад зла, якое думаў зрабіць народу свайму.
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Дз 5, 27–33 І мы сведкі гэтых слоў, і Дух Святы
Чытанне кнігі Дзеяў Апосталаў.
У тыя дні:
Калі слугі прывялі Апосталаў на месца пасяджэнняў, першасвятар спытаўся ў іх: Ці не строга забаранілі мы вам навучаць у імя гэтае? І вось вы напоўнілі ўвесь Ерузалем вучэннем вашым і хочаце абвінаваціць нас у крыві гэтага Чалавека.
Пётр і Апосталы адказалі: Трэба слухацца Бога больш, чым людзей. Бог айцоў нашых уваскрасіў Езуса, якога вы схапілі і павесілі на дрэве. Бог узвысіў Яго правіцаю сваёй як Уладара і Збаўцу, каб даць Ізраэлю пакаянне і адпушчэнне грахоў. І мы сведкі гэтых слоў, і Дух Святы, якога Бог даў тым, хто паслухмяны Яму.
Калі пачулі гэта, разгневаліся і вырашылі іх забіць.
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ 1 Сам 4, 1–11 Разбілі Ізраэль, і захоплены быў каўчэг запавету
Чытанне Першай кнігі Самуэля.
Сталася ў тыя дні:
Філістымляне сабраліся на вайну супраць Ізраэля. Ізраэль таксама вырушыў на бітву супраць філістымлянаў. І размясцілі стан каля Абэнэцэра. Тымчасам філістымляне прыбылі ў Афэк і выстраіліся супраць Ізраэля. І разгарнулася бітва, і быў разбіты Ізраэль філістымлянамі, якія забілі на полі бітвы каля чатырох тысяч чалавек.
Калі вярнуліся людзі ў лагер, старэйшыя Ізраэля казалі: Чаму Пан дазволіў разбіць нас сёння перад філістымлянамі? Возьмем да сябе з Сілома каўчэг запавету Пана, каб ішоў сярод нас і вызваліў нас ад рукі непрыяцеляў нашых. І паслаў народ у Сілом, і прынеслі адтуль каўчэг запавету Пана Магуццяў, які сядзіць на Хэрубінах. І былі з каўчэгам запавету Пана два сыны Элія, Офні і Фінхас.
Калі прынеслі каўчэг запавету Пана ў стан, увесь Ізраэль ўзняў вялікі крык і задрыжэла зямля. І пачулі філістымляне шум крыку, і казалі: Што гэта за шум моцнага крыку ў лагеры габрэяў? І даведаліся, што каўчэг запавету прыбыў у стан. І спалохаліся філістымляне, кажучы: Бог наведаў стан! І бедавалі са словамі: Гора нам! Бо не здаралася такога ні ўчора, ні яшчэ раней. Гора нам! Хто ж выратуе нас ад рукі гэтых магутных багоў? Гэта багі, якія спаслалі на Егіпет ўсялякую пошасць у пустыні. Мацуйцеся і будзьце мужнымі, філістымляне, каб не служыць габрэям, як і яны служылі нам. Будзьце адважнымі і змагайцеся.
І змагаліся філістымляне, і разбілі Ізраэль, і кожны ўцякаў да палаткі сваёй. І параза іх была вельмі вялікая: з ізраэльцян палегла трыццаць тысяч пяхоты. І захоплены быў каўчэг запавету, а два сыны Элія, Офні і Фінхас, загінулі.
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Зых 3, 13-20 Я ЁСЦЬ, ЯКІ ЁСЦЬ. ЯКІ ЁСЦЬ паслаў мяне да вас
Чытанне кнігі Зыходу.
У тыя дні:
Майсей пачуў з сярэдзіны куста голас Пана і сказаў Яму: Вось я прыйду да сыноў Ізраэля і скажу ім: Бог айцоў вашых паслаў мяне да вас. А калі яны спытаюцца ў мяне: Якое ў Яго імя? Што адказаць мне ім? Тады сказаў Бог Майсею: Я ЁСЦЬ, ЯКІ ЁСЦЬ. І сказаў: Так скажаш сынам Ізраэля: ЯКІ ЁСЦЬ паслаў мяне да вас.
І гаварыў далей Бог Майсею: Так скажаш сынам Ізраэля: Пан, Бог айцоў вашых, Бог Абрагама, Бог Ісаака і Бог Якуба паслаў мяне да вас. Гэта імя Маё навекі і гэта напамін пра Мяне з пакалення ў пакаленне.
Ідзі, збяры старэйшых Ізраэля і скажы ім: Пан, Бог айцоў вашых, Бог Абрагама, Бог Ісаака і Бог Якуба, аб’явіўся мне і сказаў: Я наведаў вас і ўбачыў усё, што адбываецца з вамі ў Егіпце. І сказаў: Я выведу вас з прыгнёту егіпецкага ў зямлю хананейцаў, хетэяў, амарэяў, фэрэзеяў, хевеяў і евусеяў – у зямлю, якая сочыцца малаком і мёдам. І яны паслухаюць твой голас, і ты разам са старэйшынамі Ізраэля пойдзеш да караля Егіпта і скажаш Яму: Пан, Бог габрэяў, сустрэўся з намі. А цяпер дазволь нам пайсці ў пустыню на тры дні хадзьбы, каб прынесці ахвяру Пану Богу нашаму.
Але Я ведаю, што кароль Егіпта не дазволіць вам пайсці, калі не будзе змушаны магутнаю рукою. Таму Я працягну сваю руку і ўдару Егіпет усімі цудамі сваімі, якія ўчыню сярод іх. Пасля гэтага ён адпусціць вас.
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Іс 26, 7–9. 12. 16–19 Абудзіцеся і ўзрадуйцеся вы, што спачываеце ў пыле
Чытанне кнігі прарока Ісаі.
Шлях справядлівага просты; Ты робіш простай дарогу яго. І на шляху Тваіх судоў, Пане, мы спадзяёмся на Цябе. Наша душа жадае імені Твайго і ўспаміну пра Цябе. Мая душа імкнецца да Цябе ўначы, мой дух унутры мяне Цябе шукае. Калі Твае суды здзяйсняюцца над зямлёю, жыхары свету вучацца справядлівасці. Пане, Ты дорыш нам спакой, бо ўсе нашыя справы Ты зрабіў для нас. Пане, яны шукалі Цябе ў нядолі, пралівалі малітву, калі пакаранне Тваё было над імі. Як цяжарная пры набліжэнні родаў курчыцца ад болю і крычыць, так мы былі перад Тваім абліччам, Пане. Мы зачалі і курчыліся ад болю, быццам нараджалі; толькі духа збаўлення не прынеслі зямлі і не нарадзіліся жыхары сусвету. Ажывуць памерлыя Твае, уваскрэснуць іхнія мёртвыя целы. Абудзіцеся і ўзрадуйцеся вы, што спачываеце ў пыле, бо Твая раса — гэта раса святла, і зямля выдасць памерлых.
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Быц 2, 18–25 Пан Бог узяў чалавека і пасяліў яго ў садзе Эдэн
Чытанне кнігі Быцця.
Не добра, каб чалавек быў адзін. Ствару адпаведную яму дапамогу. Пан Бог учыніў з зямлі ўсіх звяроў палявых і ўсіх птушак нябесных і прывёў іх да Адама, каб убачыць, як ён назаве іх. І як Адам назваў кожную жывую істоту, такім і было яе імя. І назваў Адам імёнамі сваімі ўсякую жывёлу, птушак нябесных і ўсякіх звяроў палявых, але для чалавека не знайшлося адпаведнай яму дапамогі. Тады Пан Бог спаслаў на Адама глыбокі сон. А калі той заснуў, вынуў адно з рэбраў ягоных, а месца тое закрыў целам. Потым з рабра, узятага з Адама, збудаваў Пан Бог жанчыну і прывёў яе да Адама. І сказаў Адам: Гэта косць ад касцей маіх і цела ад майго цела. Яна будзе названа жанчынай, бо ад мужчыны была ўзята. Таму пакіне мужчына бацьку свайго і маці сваю і прылепіцца да жонкі сваёй, і стануць яны адным целам.
І былі абодва голыя, Адам і жонка ягоная, але не саромеліся.
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ 1 Вал 11, 4–13 За тое, што ты не захаваў Майго запавету, Я забяру ў цябе каралеўства, але адно калена дам сыну твайму дзеля Давіда
Чытанне Першай кнігі Валадарстваў.
Калі Саламон састарэў, жонкі ягоныя схілілі сэрца яго да чужых багоў, і сэрца ягонае не было цалкам з Панам Богам, як сэрца яго бацькі Давіда. Пайшоў Саламон за Астартай, багіняй сідонскай, і Мільхомам, ідалам аманітаў. І рабіў Саламон благое ў вачах Пана, і не ішоў поўнасцю за Панам, як ягоны бацька Давід. І збудаваў Саламон капішча Хамосу, ідалу маабскаму, на гары, на ўсход ад Ерузалема, і Мільхому, ідалу аманітаў. Так зрабіў ён для ўсіх сваіх чужаземных жонак, якія кадзілі і прыносілі ахвяры сваім багам.
І разгневаўся Пан на Саламона за тое, што ён адвярнуў сэрца сваё ад Пана, Бога Ізраэля, які двойчы з’яўляўся яму і наказаў яму, каб ён не ішоў за іншымі багамі. Але ён не захаваў таго, што наказаў яму Пан. Тады Пан сказаў Саламону: За тое, што ты так зрабіў і не захаваў Майго запавету і Маіх пастановаў, якія Я даў табе, Я забяру ў цябе каралеўства і аддам яго твайму слузе. Аднак дзеля бацькі твайго Давіда Я не зраблю гэтага пры тваім жыцці, але вырву яго з рук твайго сына. Не адыму ўсяго каралеўства, але адно калена дам сыну твайму дзеля Давіда, слугі Майго, і дзеля Ерузалема, які Я выбраў.
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Гбр 10, 11–18 Ён адной ахвярай назаўсёды зрабіў дасканалымі асвячаных
Чытанне Паслання да Габрэяў.
Кожны святар штодзённа стаіць у служэнні і шмат разоў прыносіць адны і тыя ж ахвяры, якія ніколі не могуць знішчыць грахоў.
А Езус Хрыстус, прынёсшы адну ахвяру за грахі, назаўсёды сеў праваруч Бога, чакаючы таго часу, калі ворагі Ягоныя будуць пакладзены як падножжа ног Ягоных. Бо Ён адной ахвярай назаўсёды зрабіў дасканалымі асвячаных.
Пра гэта сведчыць нам і Дух Святы, бо сказана: Вось запавет, які ўстанаўлю з імі пасля гэтых дзён, — кажа Пан: укладу законы Мае ў іхнія сэрцы, і запішу іх у розуме іхнім, а грахоў і беззаконняў іх больш не ўспомню.
А дзе ёсць прабачэнне грахоў, там ужо няма ахвяры за іх.
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Сір 5, 1–8 Не марудзь навярнуцца да Пана
Чытанне кнігі Мудрасці Сіраха.
Не ўскладай надзеі на сваё багацце і не кажы: Гэтага мне дастаткова. Не спадзявайся на жыццё сваё і сілу, каб не хадзіць за жаданнямі свайго сэрца. І не кажы: Хто мае нада мною ўладу? Бо Пан напэўна цябе пакарае. Не кажы: Я зграшыў, і што мне стала? Бо Пан доўгацярплівы. Не злоўжывай прабачэннем, каб дадаваць грэх да граху. І не кажы: Вялікая літасць Яго, Ён даруе мне мноства маіх грахоў. Бо у Яго і міласэрнасць, і абурэнне, і на грэшнікаў сыдзе гнеў Ягоны. Не марудзь навярнуцца да Пана і не адкладай з дня на дзень, бо нечакана сыдзе гнеў Пана, і ты загінеш у часіну помсты. Не спадзявайся на несправядлівае багацце, бо яно нічым табе не дапаможа ў дзень нядолі.
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Зых 40, 16–21. 34–38 Воблака пакрыла шацёр спаткання і слава Пана напоўніла скінію
Чытанне кнігі Зыходу.
У тыя дні:
Майсей зрабіў усё так, як наказаў яму Пан. У першы месяц другога года, у першы дзень месяца была пастаўлена скінія. Майсей узнёс скінію, заклаў яе падмуркі, паставіў бярвёны, паклаў жэрдкі і ўстанавіў слупы. І расцягнуў над скініяй шацёр, і размясціў покрыва шатра над яе верхам, як загадаў Пан. Пасля ўзяў Сведчанне, паклаў яго ў каўчэг і ўставіў шасты ў кольцы каўчэга, а зверху над ім змясціў века. І ўнёс каўчэг у скінію, і павесіў перад ім заслону, і закрыў каўчэг сведчання, як Пан загадаў Майсею.
Тады воблака пакрыла шацёр спаткання і слава Пана напоўніла скінію. А Майсей не мог увайсці ў шацёр спаткання, бо воблака спачывала над ім і слава Пана напаўняла скінію. А калі воблака падымалася ад скініі, сыны Ізраэля рушылі ў далейшае падарожжа. Калі ж воблака не падымалася, то не выходзілі аж да дня, калі яно падымалася. Бо воблака Пана было над скініяй днём, а ноччу быў над ёй агонь на вачах усяго дому Ізраэля на працягу ўсяго іх падарожжа.
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Ер 18, 1–6 Як гліна ў руцэ ганчара, так вы ў Маёй руцэ
Чытанне кнігі прарока Ераміі.
Слова, якое Пан скіраваў да Ераміі: Устань і пайдзі ў дом ганчара, і там пачуеш словы Мае.
І я пайшоў у дом ганчара, калі той якраз працаваў пры коле. Калі начынне, што ён рабіў з гліны сваімі рукамі, развальвалася, ён зноў рабіў з яго іншае начынне, якое падабалася яму зрабіць.
Тады Пан скіраваў да мяне слова, кажучы: Ці не магу Я зрабіць з вамі, дом Ізраэля, як той ганчар? Вось, як гліна ў руцэ ганчара, так вы, дом Ізраэля, у Маёй руцэ.
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Быц 22, 1–19 Ахвяра патрыярха нашага Абрагама
Чытанне кнігі Быцця.
У тыя дні:
Выпрабоўваў Бог Абрагама і сказаў яму: Абрагаме. І ён адказаў: Гэта я. Бог сказаў: Вазьмі сына твайго адзінага, якога ты любіш, Ісаака, і ідзі ў зямлю Морыя, і там прынясі яго на ўсеспаленне на адной з гор, пра якую Я скажу табе. Абрагам устаў вельмі рана, асядлаў асла свайго, узяў з сабою двух слугаў сваіх і Ісаака, сына свайго; накалоў дроў на ўсеспаленне і, устаўшы, пайшоў да месца, пра якое сказаў яму Бог.
На трэці дзень Абрагам узняў вочы свае і ўбачыў здалёк тое месца. І сказаў Абрагам слугам сваім: Застаньцеся тут з аслом, а я і хлопец пойдзем туды і паклонімся, і вернемся да вас. Узяў Абрагам дровы на ўсеспаленне і ўсклаў на Ісаака, сына свайго. Узяў у рукі агонь і нож, і пайшлі абодва разам.
І сказаў Ісаак Абрагаму, айцу свайму: Айцец мой. А той адказаў: Гэта я, сыне мой. Ён сказаў: Вось агонь і дровы, дзе ж ягня на ўсеспаленне? Абрагам сказаў: Бог нагледзіць сабе ягня на ўсеспаленне, сыне мой. І яны ішлі абодва разам.
І прыйшлі на месца, пра якое сказаў яму Бог. Абрагам пабудаваў там ахвярнік, расклаў дровы і, звязаўшы сына свайго Ісаака, паклаў яго на ахвярнік паверх дроваў. І працягнуў Абрагам руку сваю, і ўзяў нож, каб закалоць сына свайго.
Але анёл Пана паклікаў яго з неба і сказаў: Абрагаме, Абрагаме. Ён адказаў: Гэта я. Анёл сказаў: Не падымай рукі тваёй на хлопца і не рабі з ім нічога, бо цяпер Я ведаю, што ты баішся Бога і не пашкадаваў сына свайго адзінага для Мяне. Узняў Абрагам вочы свае і ўбачыў за сабою барана, які заблытаўся ў гушчары рагамі сваімі. Абрагам пайшоў, узяў барана і прынёс яго на ўсеспаленне замест сына. І назваў Абрагам тое месца “Пан бачыць”. Таму і сёння гаворыцца: На гары Пан будзе бачны.
Анёл Пана другі раз паклікаў Абрагама з неба і сказаў: Прысягаю, - кажа Пан, — паколькі ты зрабіў гэта і не пашкадаваў сына свайго адзінага, то Я благаслаўлю цябе і памножу патомства тваё, як зоркі на небе і як пясок на беразе мора, і патомства тваё здабудзе брамы ворагаў тваіх. І атрымаюць благаслаўленне ў патомстве тваім усе народы зямлі, бо ты паслухаўся голасу Майго.
Вярнуўся Абрагам да сваіх слугаў, і яны ўсталі, і пайшлі разам у Бэршэбу. І жыў Абрагам у Бэршэбе.
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Ам 7, 10–17 Чытанне кнігі прарока Амоса.
Чытанне кнігі прарока Амоса.
У тыя дні:
Паслаў Амасія, святар з Бэтэль, да Ерабаама, караля ізраэльскага, сказаць: Амос у змове супраць цябе сярод дому Ізраэля. Зямля не можа цярпець усіх слоў ягоных. Бо так кажа Амос: Ад мяча памрэ Ерабаам, а Ізраэль пойдзе ў выгнанне з зямлі сваёй.
І сказаў Амасія Амосу: Празорца, ідзі, уцякай у зямлю Юды. Там еш хлеб і там прароч. А ў Бэтэль больш не прароч, бо ён — святыня караля і дом каралеўскі.
Адказваючы, Амос сказаў Амасію: Я — не прарок і не сын прарока, бо я пастух і збіральнік сікамораў. Але Пан забраў мяне ад авечак, і сказаў мне Пан: Ідзі, прароч народу Майму Ізраэлю.
Цяпер выслухай слова Пана. Ты кажаш: не прароч для Ізраэля і не прамаўляй слоў для дому Ісаака. Таму так кажа Пан: жонка твая будзе зняслаўлена ў горадзе, сыны і дочкі твае загінуць ад мяча, зямля твая будзе падзелена шнурам, а ты памрэш у зямлі нячыстай, а Ізраэль пойдзе ў выгнанне з зямлі сваёй.
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Рым 8, 31b–39 Ніякае стварэнне не зможа адлучыць нас ад любові Божай, якая ёсць у Хрысце
Чытанне Паслання святога апостала Паўла да Рымлянаў.
Браты:
Калi Бог за нас, хто ж супраць нас? Той, хто Сына свайго не пашкадаваў, але аддаў Яго за ўсiх нас, ці ж таксама не дасць нам разам з Iм усяго? Хто будзе абвiнавачваць выбраных Богам? Ці ж Бог, які апраўдвае? Хто будзе асуджаць іх? Ці ж Хрыстус, які памёр, а нават больш за тое, уваскрос, знаходзіцца праваруч Бога і заступаецца за нас. Хто адлучыць нас ад любові Хрыста; няшчасце ці прыгнёт, ці пераслед, ці голад, ці галеча, ці небяспека, ці меч? Як напісана: За цябе забіваюць нас увесь дзень, лічаць нас авечкамі, прызначанымі на зарэз.
Над усім гэтым мы атрымліваем поўную перамогу праз таго, хто палюбіў нас. Бо я перакананы, што ні смерць, ні жыццё, ні анёлы, ні ўлады, ні цяперашняе, ні будучае, ні сілы, ні вышыня, ні глыбіня, ні іншае якое стварэнне не зможа адлучыць нас ад любові Божай, якая ёсць у Хрысце Езусе, Пану нашым.
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Эф 6, 10–20 Прыміце зброю Божую, каб вы маглі, усё адолеўшы, выстаяць
Чытанне Паслання святога апостала Паўла да Эфесцаў.
Нарэшце, браты, мацуйцеся ў Пану магутнасцю сілы Ягонай. Апраніцеся ва ўсю зброю Божую, каб вы маглі супрацьстаяць ашуканствам д’ябла. Бо нашая барацьба не супраць крыві і цела, але супраць Панаванняў, супраць Уладаў, супраць гаспадароў цемры свету гэтага, супраць нябесных духаў злосці.
Дзеля гэтага прыміце ўсю зброю Божую, каб вы маглі супрацьстаяць у дзень ліхі і, усё адолеўшы, выстаяць.
Таму станьце, падперазаўшы сцёгны свае праўдаю, і апрануўшыся ў панцыр справядлівасці, і абуўшы ногі ў гатовасць дабравесціць спакой. А разам з усім вазьміце шчыт веры, якім зможаце пагасіць усе распаленыя стрэлы злога. І шлем збаўлення вазьміце, і меч духоўны, якім ёсць слова Божае.
Ва ўсялякай малітве і просьбе маліцеся ў Духу пры кожнай нагодзе. А дзеля гэтага дбайце з усёй стараннасцю і маліцеся за ўсіх святых і за мяне, каб мне дадзена было слова, і я мог адкрыць вусны свае, і адважна абвяшчаць таямніцу Евангелля, дзеля якога я стаў пасланнікам ў кайданах, каб смела прапаведаваў яго, як і належыць.
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Мдр 7, 22 — 8, 1 Гэта ззянне вечнага святла і беззаганнае люстра Божага дзеяння
Чытанне кнігі Мудрасці Саламона.
Ёсць у мудрасці дух разумны і святы, адзіны, разнастайны, далікатны, рухлівы, ясны, беззаганны, зразумелы, няшкодны, дабралюбны, востры, нястрыманы, дабрачынны, чалавекалюбны, пэўны, бяспечны, бесклапотны, усемагутны і ўсёбачны, які пранікае ва ўсе духі разумныя, чыстыя і найдалікатнейшыя. Мудрасць рухлівейшая за ўсякі рух; праходзіць і пранікае ва ўсё дзеля чысціні сваёй. Гэта дыханне Божай моцы, чыстае выпраменьванне славы Усемагутнага, і таму нічога бруднага ў яе не патрапіць. Гэта ззянне вечнага святла, і беззаганнае люстра Божага дзеяння, вобраз дабрыні Ягонай. Яна адна, але ўсё можа, заўсёды застаецца сабой, але ўсё аднаўляе, і праз пакаленні сыходзіць у душы святых, рыхтуе сяброў Божых і прарокаў. Бог любіць толькі таго, хто жыве ў мудрасці. Яна прыгажэйшая ад сонца і ўсялякага сузор’я. У параўнанні са святлом яна зойме першае месца, бо за святлом надыходзіць ноч, а зло не пераможа Мудрасці. Яна магутна разыходзіцца ад краю да краю, з дабрынёю распараджаецца ўсім.
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Флм 7–20 Ужо не як слугу, але як брата ўмілаванага, прымі яго
Чытанне Паслання святога апостала Паўла да Ціта.
Умілаваны:
Мы маем вялікую радасць і суцяшэнне ў любові тваёй, бо праз цябе, браце, заспакоены сэрцы святых. Таму, хоць і маю вялікую адвагу ў Хрысце загадваць табе тое, што трэба, хутчэй прашу цябе з любоўю. Я, Павел, будучы старцам, а цяпер і вязнем Езуса Хрыста, прашу цябе за майго сына Анісіма, якога нарадзіў я ў кайданах. Некалі ён быў бескарысны для цябе, а цяпер карысны і для цябе, і для мяне. Адсылаю яго да цябе, а ты прымі яго — гэта маё сэрца.
Я хацеў затрымаць яго пры сабе, каб ён замест цябе паслужыў мне ў кайданах за Евангелле. Але без тваёй згоды нічога не хацеў бы рабіць, каб добрая справа твая была не з прымусу, а з добрай волі. Бо, можа, ён дзеля таго аддаліўся ад цябе на пэўны час, каб ты прыняў яго назаўсёды ўжо не як слугу, але больш чым слугу, як брата ўмілаванага, асабліва для мне, а тым больш для цябе, і паводле цела, і ў Пану.
Таму, калі лічыш мяне супольнікам, то прымі яго, як мяне. Калі ж ён чым пакрыўдзіў цябе, або вінаваты табе, палічы гэта мне. Я, Павел, напісаў сваёю рукою: я адплачу, ужо не кажучы табе пра тое, што ты вінаваты мне больш за самога сябе. Так, браце, няхай я атрымаю ад цябе карысць ў Пану: заспакой маё сэрца ў Хрысце.
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Рым 14, 7–12 Ці жывём, ці паміраем, мы належым Пану
Чытанне Паслання святога апостала Паўла да Рымлянаў.
Браты:
Ніхто з нас не жыве для сябе і ніхто не памірае для сябе; бо калі мы жывём, то жывём для Пана, калі ж паміраем — для Пана паміраем. Таму ці жывём, ці паміраем, мы належым Пану. Бо дзеля гэтага Хрыстус і памёр, і ажыў, каб панаваць і над мёртвымі, і над жывымі.
А ты чаму асуджаеш брата свайго? Або і ты чаго пагарджаеш братам сваім? Усе мы станем перад судовым пасадам Бога. Бо напісана: Паколькі Я жыву, — кажа Пан, — перада Мною схіліцца кожнае калена, і кожны язык будзе вызнаваць Бога.
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Флп 3, 3–8а Што было для мяне набыткам, тое дзеля Хрыста я палічыў стратай
Чытанне Паслання святога апостала Паўла да Філіпянаў.
Браты:
Мы прымаем абразанне, калі служым у Божым Духу і ганарымся ў Хрысце Езусе, а не спадзяёмся на цела, хоць я магу спадзявацца і на цела. Калі хто іншы спадзяецца на цела, то тым больш я, абрэзаны на восьмы дзень, з роду Ізраэля, з пакалення Бэньяміна, габрэй ад габрэяў, паводле Закону — фарысей, паводле руплівасці — ганіцель Касцёла, паводле справядлівасці Закону — беззаганны.
Але што было для мяне набыткам, тое дзеля Хрыста я палічыў стратай. Ды і ўсё лічу стратаю дзеля перавагі пазнання Хрыста Езуса, Пана майго.
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ 1 Мак 2, 15–29 Будзем жыць паводле запавету айцоў нашых
Чытанне Першай кнігі Макабэяў.
У тыя дні:
Каралеўскія пасланцы, якія прымушалі да адступніцтва, прыбылі ў горад Мадэйн, каб наладзіць ахвярапрынашэнне. І шмат ізраэльцянаў прыйшло да іх. Сабраліся таксама Матація і ягоныя сыны. Тады звярнуліся каралеўскія пасланцы да Матаціі, кажучы: У гэтым горадзе ты першы, знакаміты і вялікі чалавек, які мае падтрымку сыноў і братоў. Цяпер падыдзі першы і ўчыні тое, што загадвае кароль, як зрабілі ўсе язычнікі, мужы Юды і тыя, хто застаўся ў Ерузалеме. Тады і ты, і твае сыны апынецеся ў ліку каралеўскіх сяброў і разам са сваімі сынамі будзеш ушанаваны срэбрам, золатам і шматлікімі дарамі.
І адказаў Матація, кажучы гучным голасам: Нават калі ўсе народы, якія знаходзяцца пад панаваннем караля, паслухаліся яго і кожны адступіў ад бацькоўскай рэлігіі, згаджаючыся з ягонымі загадамі, я, мае сыны і мае браты будзем жыць паводле запавету айцоў нашых. Барані Бог, каб мы пакінулі Закон і запаведзі. А каралеўскім загадам падпарадкоўвацца не будзем і не адступім ад нашай рэлігіі ні ўправа, ні ўлева.
Як толькі скончыў казаць гэтыя словы, адзін юдэй на вачах усіх падышоў, каб, паводле каралеўскага загаду, прынесці ахвяру на алтар у Мадэйне. І ўбачыў Матація, і напоўніўся руплівасцю, і задрыжэла сэрца ягонае, і запаліўся справядлівым гневам, і падбег, і забіў яго на алтары. Забіў у той момант таксама каралеўскага чалавека, які прымушаў прыносіць ахвяру, а сам алтар зруйнаваў. І напоўніўся руплівасцю аб Законе, як Фінээс зрабіў Замрэю, сыну Салома.
І закрычаў Матація ў горадзе гучным голасам: Кожны, хто рупіцца аб Законе і трымаецца запавету, няхай выходзіць за мною. Тады ён і сыны ягоныя ўцяклі ў горы і пакінулі ўсё, што яны мелі ў горадзе. А многія, хто шукаў справядлівасці і праўды, сышлі ў пустыню і заставаліся там.