ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Ер 20, 7–9 Слова Пана стала прычынаю кпінаў з мяне
Чытанне кнігі прарока Ераміі.
Ты намаўляў мяне, Пане, і я паддаўся намове; Ты быў мацнейшы і перамог мяне. Я станаўлюся пасмешышчам кожны дзень, і ўсе кпяць з мяне. Бо калі толькі пачынаю гаварыць, крычу аб насіллі, абвяшчаю спусташэнне, таму што слова Пана стала прычынаю штодзённых кпінаў і насмешак з мяне. І я сказаў сабе: Не буду ўспамінаць Яго і не буду больш прамаўляць ў імя Ягонае. Але ў маіх касцях з’явіўся нібы палаючы агонь, што быў замкнёны ў касцях маіх; я стаміўся цярпець яго, і больш не магу.
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Дз 15, 7–21 Я лічу, што не трэба абцяжарваць тых язычнікаў, якія навяртаюцца да Бога
Чытанне кнігі Дзеяў Апосталаў.
У тыя дні:
Калі паўстала вялікая спрэчка, Пётр устаў і сказаў Апосталам і прэзбітэрам: Браты, вы ведаеце, што з даўніх дзён Бог выбраў мяне сярод вас, каб язычнікі з маіх вуснаў пачулі слова Евангелля і паверылі. І Бог, які ведае сэрцы, засведчыў перад імі, даўшы ім, як і нам, Духа Святога. І не зрабіў ніякай розніцы паміж намі ды імі і праз веру ачысціў іхнія сэрцы.
Навошта ж цяпер выпрабоўваеце Бога, ускладаючы вучням на шыю ярмо, якое не маглі несці ні айцы нашыя, ні мы? Але мы верым, што ласкаю Пана Езуса мы будзем збаўленыя таксама, як і яны.
Замоўклі ўсе сабраныя і слухалі апавяданне Барнабы і Паўла пра тое, як шмат знакаў і цудаў учыніў Бог праз іх сярод язычнікаў.
Калі яны скончылі, загаварыў Якуб, кажучы: Браты, паслухайце мяне. Сымон расказаў, як Бог спачатку паглядзеў на язычнікаў, каб выбраць з іх народ для свайго імя. І з гэтым згаджаюцца словы прарокаў, як напісана:
Потым вярнуся і адбудую заняпалы шацёр Давіда, і адбудую руіны яго і пастаўлю нанова, каб астатнія людзі шукалі Пана, і ўсе народы, над якімі заклікаюць імя Маё, — кажа Пан, які чыніць гэтыя справы, вядомыя спрадвеку. Таму я лічу, што не трэба абцяжарваць тых язычнікаў, якія навяртаюцца да Бога, але трэба напісаць ім, каб яны ўстрымліваліся ад брыдоты ідалаў, ад распусты, ад таго, што задушана, і ад крыві. Бо з даўніх часоў ёсць у кожным горадзе тыя, хто кожную суботу абвяшчае і чытае Майсея ў сінагогах.
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Дз 18, 18 Заставаўся ў іх і працаваў, і прамаўляў у сінагозе
Чытанне кнігі Дзеяў Апосталаў.
У тыя дні:
Павел пакінуў Афіны і прыбыў у Карынт. І знайшоў аднаго юдэя па імені Аквіла, родам з Понту, які нядаўна прыйшоў з Італіі, і Прысцылу, жонку ягоную, бо Клаўдзій загадаў усім юдэям пакінуць Рым. Прыйшоў да іх, і таму, што займаўся адным рамяством, заставаўся ў іх і працаваў. Яны ж займаліся вырабам палатак. Кожную суботу ён прамаўляў у сінагозе і пераконваў юдэяў і грэкаў.
Калі прыйшлі з Македоніі Сіла і Цімафей, Павел заняўся словам і сведчыў юдэям, што Езус ёсць Месіяй. А калі яны пярэчылі і блюзнерылі, ён абтрос сваю вопратку і сказаў ім:
Кроў вашая на галаву вашую, я – чысты. Адгэтуль я іду да язычнікаў.
Адышоўшы адтуль, прыйшоў у дом аднаго пабожнага чалавека па імені Ціт Юст, дом якога быў побач з сінагогай. Крысп, кіраўнік сінагогі, паверыў ў Пана з усім домам сваім. І шмат хто з карынцянаў, якія слухалі, паверылі і ахрысціліся.
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Дз 22, 30; 23, 6–11 Ты павінен сведчыць і ў Рыме
Чытанне кнігі Дзеяў Апосталаў.
У тыя дні:
Тысячнік, жадаючы дакладна ведаць, у чым юдэі абвінавачваюць Паўла, вызваліў яго і загадаў сабрацца першасвятарам і ўсёй Вялікай радзе. Потым прывёў Паўла і паставіў перад імі.
Павел, ведаючы, што адна частка складалася з садукеяў, а другая — з фарысеяў, усклікнуў у Высокай радзе: Браты, я фарысей і сын фарысея, мяне судзяць за надзею на ўваскрашэнне мёртвых.
Калі ён сказаў гэта, распачалася спрэчка паміж фарысеямі і садукеямі, і падзяліўся сход. Бо садукеі кажуць, што няма ўваскрашэння, ні анёла, ні духа, а фарысеі прызнаюць адно і другое. Узняўся вялікі крык. І ўсталі некаторыя кніжнікі з боку фарысеяў, і пратэставалі, кажучы: Нічога благога мы не знаходзім у гэтым чалавеку. А раптам з ім размаўляў дух ці анёл?
Калі спрэчка абвастрылася, тысячнік спалохаўся, што разарвуць Паўла, і загадаў жаўнерам спусціцца, забраць яго ад іх і завесці ў крэпасць. А ў наступную ноч Пан з’явіўся яму і сказаў: Будзь адважны, бо, як ты сведчыў пра Мяне ў Ерузалеме, так ты павінен сведчыць і ў Рыме.
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ 2 Кар 11, 1–11 Бескарысліва прапаведаваў вам Евангелле Божае
Чытанне Другога паслання святога апостала Паўла да Карынцянаў.
Браты:
Калі б вы хоць крыху былі паблажлівыя да маёй неразважлівасці. Але вы і так паблажлівыя да мяне. Бо я руплюся аб вас рупнасцю Божаю, бо я заручыў вас з адзіным мужам, каб паставіць вас перад Хрыстом, як чыстую дзеву. Аднак баюся, каб так, як змей хітрасцю сваёй падмануў Еву, не былі зведзеныя думкі вашыя ад прастаты і беззаганнасці, што ў Хрысце. Бо, калі б хто прыйшоў і пачаў прапаведаваць іншага Езуса, якога мы не прапаведавалі, ці калі б атрымалі іншага Духа, якога не атрымлівалі, ці іншае Евангелле, якога не прымалі, – то вы ахвотна згаджаецеся. Але думаю, што я зусім не ніжэйшы за найвышэйшых Апосталаў. Хоць я і невук у красамоўстве, але не ў пазнанні. Урэшце, усяляк і ва ўсім мы адкрыліся вам.
Ці зграшыў я тым, што прыніжаў сябе, каб узвысіць вас, бо бескарысліва прапаведаваў вам Евангелле Божае? Іншыя Касцёлы абабраў, прымаючы плату для служэння вам. Будучы ў вас ды церпячы нястачу, нікому не дакучаў, бо патрэбы мае пакрылі браты, якія прыйшлі з Македоніі. Ды і ва ўсім я стараўся і стараюся не быць для вас цяжарам. Як ёсць ува мне праўда Хрыстовая, так гэтая пахвала мая не сціхне ў землях Ахаі. Чаму? Ці таму, што не люблю вас? Бог ведае.
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Сір 48, 1-15 Калі Іллю схавала віхура, Елісей напоўніўся ягоным духам
Чытанне кнігі Мудрасці Сіраха.
У тыя дні:
З’явіўся Ілля, прарок, як агонь, і слова ягонае палала, як паходня. Ён наклікаў на іх голад, і стараннасцю сваёю зменшыў іх колькасць. Словам Пана ён замкнуў неба, і тройчы спасылаў з яго агонь. Як праславіўся ты, Ілля, сваімі цудамі, і хто можа пахваліцца, што ён роўны табе? Ты ўваскрасіў мёртвага са смерці і вывеў з адхлані словам Найвышэйшага. Прывёў каралёў да згубы, а знатных скінуў з іх ложа. На Сінаі ты пачуў абвінавачанне, а на Горэбе — выкананне правасуддзя. Ты намасціў каралёў для помсты і прарока — сваім паслядоўнікам. Ты, які быў забраны ў агністай віхуры, у калясніцы вогненых коней. Пра цябе напісана, што ты захаваны для адпаведных часоў, каб суняць гнеў, перш чым ён стане шаленствам, каб звярнуць сэрца бацькі да сына і аднавіць пакаленні Якуба. Шчаслівыя тыя, хто бачыў цябе, і хто ў любові заснуў, бо і мы напэўна жыць будзем. Калі Іллю схавала віхура, Елісей напоўніўся ягоным духам. У дні свае ён не баяўся ніякага ўладара, і моцай ніхто яго не перамог. Не было для яго нічога цяжкага, і мёртвае цела ягонае прарочыла. У жыцці сваім чыніў ён цуды, і пасля смерці былі дзіўныя справы ягоныя.
Сыны Ізраэля і ўвесь сход прыйшлі на пустыню Сін у першым месяцы, і народ заставаўся ў Кадэшы. І там памерла Мірыям, і была там пахавана.
І не было там вады для супольнасці, таму яны сабраліся супраць Майсея і Аарона. Людзі сварыліся з Майсеем, кажучы: Няхай бы мы таксама памерлі, калі паміралі браты нашы перад абліччам Пана. Навошта вы прывялі сход Пана ў пустыню, каб мы памерлі разам з жывёламі нашымі? Навошта вы прымусілі нас пакінуць Егіпет, каб прыйсці ў гэтае нягоднае месца, дзе нельга сеяць, дзе не растуць ні смоквы, ні вінаград, ні яблыкі гранату, тут няма нават вады для піцця?
Пакінуўшы супольнасць, Майсей з Ааронам адышлі да ўваходу ў шацёр спаткання і ўпалі ніцма на зямлю, і з’явілася над імі слава Пана. І Пан прамовіў да Майсея, кажучы: Вазьмі жазло і збяры супольнасць, ты і Аарон, брат твой, і ў іх прысутнасці скажыце скале, і яна выдасць з сябе ваду. Так ты здабудзеш ім ваду і дасі піць сходу і жывёлам іхнім.
І ўзяў Майсей жазло перад абліччам Пана, як Ён загадаў яму. І сабраў Майсей з Ааронам народ перад скалою, і сказаў ім: Слухайце, бунтаўнікі! Ці мы здабудзем для вас ваду са скалы гэтай? Тады Майсей узняў сваю руку і двойчы ўдарыў у скалу жазлом. І пацякло мноства вады, і напілася ўся супольнасць і жывёла іхняя.
А Пан сказаў Майсею і Аарону: За тое, што вы не паверылі ў Мяне, каб асвяціць Мяне ў вачах сыноў Ізраэля, не вы ўвядзеце гэтую супольнасць ў святую зямлю, якую дам ім. Гэта воды Мэрыбы, дзе сыны Ізраэля спрачаліся з Панам, і Ён паказаў сярод іх сваю святасць.
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Ер 31, 31–34 Устанаўлю новы запавет і грахоў не буду ўспамінаць
Чытанне кнігі прарока Ераміі.
Вось надыходзяць дні, — кажа Пан, — калі ўстанаўлю з домам Ізраэля і з домам Юды новы запавет. Не паводле запавету, які Я ўстанавіў з іх продкамі ў дзень, калі ўзяў іх за руку, каб вывесці з зямлі егіпецкай. Той запавет Мой яны парушылі, хоць Я быў іх Валадаром, — кажа Пан.
Але вось запавет, які ўстанаўлю з домам Ізраэля пасля гэтых дзён, — кажа Пан. Укладу закон Мой у нутро іхняе і напішу яго на іхніх сэрцах, і буду ім Богам, а яны будуць Маім народам. І больш не будуць вучыць яны бліжняга свайго ці брата, кажучы: Пазнайце Пана! Бо ўсе, ад найменшага да найбольшага з іх, пазнаюць Мяне, — кажа Пан, — таму што дарую ім правіны і грахоў іхніх больш не буду ўспамінаць.
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ 2 Вал 24, 8-17 Ехонію і ўсё адважнае войска вывеў кароль бабілёнскі ў няволю ў Бабілён
Чытанне Другой кнігі Валадарстваў.
Васемнаццаць гадоў было Ехоніі, калі стаў каралём. Ён валадарыў у Ерузалеме тры месяцы. Маці ягоную звалі Нэхушта, была яна дачкой Эльнафана з Ерузалема. І рабіў Ехонія благое ў вачах Пана ва ўсім, як айцец ягоны.
У той час падступіліся слугі Навухаданосара, караля бабілёнскага, да Ерузалема, і трапіў горад у аблогу. Прыйшоў Навухаданосар, кароль бабілёнскі, да горада, калі слугі ягоныя акружылі яго.
І выйшаў Ехонія, кароль юдэйскі, да караля бабілёнскага, ён і маці ягоная, і слугі ягоныя, і кіраўнікі ягоныя, і еўнухі ягоныя. І захапіў яго кароль бабілёнскі на восьмым годзе свайго панавання. Вывез адтуль усе скарбы дома Пана і скарбы каралеўскага дома. Паламаў увесь залаты посуд, які Саламон, кароль ізраэльскі, зрабіў у святыні Пана, як сказаў Пан. Перасяліў увесь Ерузалем, і ўсіх кіраўнікоў, і ўсё адважнае войска, — дзесяць тысяч было пераселеных, — і ўсіх цесляроў і кавалёў; нікога не засталося, апрача беднага люду зямлі. І перасяліў ён Ехонію ў Бабілён. І маці караля, і жонак караля, і еўнухаў ягоных, і моцных зямлі вывеў у няволю з Ерузалема ў Бабілён.
Усё войска, сем тысяч, і ўмельцаў, і будаўнікоў тысячу, усіх адважных, якія ходзяць на вайну, вывеў кароль бабілёнскі ў няволю ў Бабілён. А каралём зрабіў бабілёнскі кароль Матанію, дзядзьку Ехоніі, замест яго, і замяніў імя ягонае на Сэдэкію.
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Суд 11, 29-39а Ахвярую ва ўсеспаленне Пану першае, што выйдзе мне насустрач з дому
Чытанне кнігі Суддзяў.
У тыя дні:
Дух Пана быў над Ефтаем, і ён прайшоў зямлю Гілеада і Манасэса, і прайшоў гілеадскую Міцпу, а з гілеадскай Міцпы рушыў супраць аманіцянаў. Ефтай пакляўся Пану, кажучы: Калі Ты аддасі аманіцянаў у мае рукі і я вярнуся з мірам ад аманіцянаў, тады ахвярую ва ўсеспаленне Пану першае, што выйдзе мне насустрач з варотаў майго дому.
І прыйшоў Ефтай да аманіцянаў, каб ваяваць з імі, і Пан аддаў іх у рукі ягоныя. І ён нанёс ім вельмі вялікае паражэнне, пачынаючы ад Араэра аж да ўваходу ў Мініт, дваццаць гарадоў да Абэль-Харміна. І аманіцяне скарыліся перад сынамі Ізраэля.
А калі Ефтай вяртаўся да свайго дому ў Міцпу, выйшла яму насустрач адзіная дачка ягоная з бубнамі і танцамі. І не было ў яго іншых дзяцей. Убачыўшы яе, Ефтай разарваў шаты свае і сказаў: Гора мне, дачка мая, якое няшчасце ты спаслала на мяне! Ты пазбавіла мяне спакою! Бо я пакляўся перад Панам і не змагу ўчыніць інакш.
Яна адказала яму: Ойча мой, калі ты пакляўся перад Панам, то рабі са мной тое, што паабяцаў, таму што Пан дазволіў табе адпомсціць тваім ворагам, аманіцянам. І сказала бацьку: Дазволь мне папрасіць толькі аб адным: адпусці мяне на два месяцы падняцца ў горы, каб аплакаць маё дзявоцтва з маімі сяброўкамі. Ён адказаў: Ідзі, – і адпусціў яе на два месяцы. Яна пайшла з сяброўкамі сваімі і аплаквала ў гарах сваё дзявоцтва разам са сваімі сяброўкамі.
Калі ж мінула два месяцы, яна вярнулася да свайго бацькі, і ён зрабіў з ёю так, як пакляўся.
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Эзх 36, 23–28 Дам вам сэрца новае і дух новы ў нутро вашае
Чытанне кнігі прарока Эзэхіэля.
Так кажа Пан:
Я асвячу вялікае імя Маё, зняслаўленае сярод народаў, у якіх вы зганьбілі яго, і даведаюцца народы, што Я — Пан, — кажа Пан Бог, — калі Мая святасць праявіцца ў вас перад вачыма іхнімі. I Я вазьму вас з народаў, і збяру з усіх земляў, і прывяду вас у зямлю вашую. I акраплю вас вадою чыстаю, і будзеце ачышчаны ад ўсяго бруду вашага, і ад ўсіх ідалаў вашых Я ачышчу вас. I дам вам сэрца новае і дух новы ў нутро вашае, і забяру сэрца каменнае з цела вашага, і дам вам сэрца з плоці. I дух Мой удыхну ў нутро вашае, і зраблю так, што вы будзеце хадзіць у Законе Маім, захоўваць пастановы Мае і выконваць іх. I будзеце жыць на зямлі, якую Я даў айцам вашым, і будзеце народам Маім, а Я буду вашым Богам.
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Рым 3, 21–29 Чалавек апраўдваецца вераю незалежна ад учынкаў Закону
Чытанне Паслання святога апостала Паўла да Рымлянаў.
Браты:
Цяпер незалежна ад Закону з’явілася Божая справядлівасць, пра якую сведчаць Закон і прарокі. Справядлівасць Божая праз веру ў Езуса Хрыста для ўсіх, хто верыць, таму што няма розніцы. Бо ўсе зграшылі і пазбаўлены славы Божай, але атрымліваюць апраўданне дарма, паводле ласкі Ягонай, праз адкупленне ў Езусе Хрысце. Яго Бог устанавіў у моцы Ягонай крыві як уміласціўленне праз веру, каб паказаць справядлівасць Яго ў адпушчэнні грахоў, учыненых раней — у час доўгацярплівасці Божай — каб выявіць справядлівасць Ягоную ў цяперашні час, каб з’явіўся Ён справядлівым і апраўдаў таго, хто верыць у Езуса.
Дык дзе ж пахвала? Адкінута. Якім законам? Законам учынкаў? Не, але законам веры. Бо мы лічым, што чалавек апраўдваецца вераю незалежна ад учынкаў Закону. Ці ж Бог ёсць толькі юдэяў, а язычнікаў не? Так, і язычнікаў, таму што адзін ёсць Бог.
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Эф 1, 1–10 Выбраў нас у Ім перад стварэннем свету
Чытанне Паслання святога апостала Паўла да Эфесцаў.
Павел, воляю Божаю апостал Езуса Хрыста, святым, што ў Эфесе, і верным у Хрысце Езусе: ласка вам і спакой ад Бога, Айца нашага, і Пана Езуса Хрыста.
Благаслаўлёны Бог і Айцец Пана нашага Езуса Хрыста, які благаславіў нас у Хрысце ўсялякім духоўным благаслаўленнем на нябёсах, бо Ён выбраў нас у Ім перад стварэннем свету, каб мы былі святымі і беззаганнымі перад Ім у любові. Ён прадвызначыў нас для ўсынаўлення праз Езуса Хрыста, паводле ўпадабання сваёй волі, дзеля хвалы сваёй праслаўленай ласкі, якою Ён адарыў нас ва Умілаваным. У Ім мы маем адкупленнне Ягонаю Крывёю, дараванне правінаў, паводле багацця ласкі Ягонай, якою шчодра адарыў нас ва ўсялякай мудрасці і разуменні, дазволіўшы нам пазнаць таямніцу сваёй волі, паводле свайго ўпадабання, якое раней паклаў ў Ім для спаўнення паўнаты часу, каб аб’яднаць ўсё ў Хрысце: тое, што на небе і на зямлі.
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Рым 6, 19–23 Цяпер, вызваліўшыся ад граху, вы сталі слугамі Бога
Чытанне Паслання святога апостала Паўла да Рымлянаў.
Браты:
Кажу паводле чалавечага разумення з-за слабасці цела вашага. Бо як аддавалі вы члены вашыя на служэнне нячыстасці і беззаконню і для беззаконня, так цяпер аддайце члены вашыя на служэнне справядлівасці для святасці. Бо калі вы былі нявольнікамі граху, вы былі свабоднымі ад справядлівасці. Які ж плод мелі вы тады, што цяпер саромеецеся яго? Бо заканчэнне ягонае — смерць.
Але цяпер, вызваліўшыся ад граху і стаўшы слугамі Бога, маеце плод ваш для святасці, а ў канцы — жыццё вечнае. Бо расплата за грэх — смерць, а дар Божы — жыццё вечнае ў Хрысце Езусе, Пану нашым.
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Эф 3, 14–21 Каб вы, укараніўшыся і ўмацаваўшыся ў любові, напоўніліся ўсёй паўнатою Божай
Чытанне Паслання святога апостала Паўла да Эфесцаў.
Браты:
Я схіляю калені мае перад Айцом Пана нашага Езуса Хрыста, ад якога бярэ сваю назву кожны народ на нябёсах і на зямлі, каб Ён даў вам, паводле багацця славы сваёй, умацаваць сілы Духам Ягоным дзеля духоўнага чалавека, каб праз веру Хрыстус пасяліўся ў сэрцах вашых, каб вы, укараніўшыся і ўмацаваўшыся ў любові, змаглі зразумець з усімі святымі, чым ёсць шырыня і даўжыня, і вышыня, і глыбіня, і спазнаць любоў Хрыста, якая перавышае ўсялякае разуменне, каб вы напоўніліся ўсёй паўнатою Божай.
А таму, хто сілаю, якая дзейнічае ў нас, можа зрабіць непараўнальна больш за ўсё, чаго мы просім, або пра што думаем, Яму слава ў Касцёле і ў Хрысце Езусе ва ўсе пакаленні ад веку да веку. Амэн.
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Клс 1, 9–14 Вызваліў нас з-пад улады цемры і прывёў у Валадарства ўмілаванага Сына свайго
Чытанне Паслання святога апостала Паўла да Каласянаў.
Браты:
З таго дня, калі пачулі пра вас, мы няспынна молімся і просім, каб вы напоўніліся пазнаннем волі Божай ва ўсёй мудрасці і духоўным разуменні; каб вы паступалі годна Пана і ва ўсім падабаліся Яму, прыносячы плён ва ўсякай добрай справе і ўзрастаючы ў пазнанні Бога; каб вы умацоўваліся ўсёю сілаю паводле моцы славы Ягонай для поўнай вытрываласці і доўгацярплівасці. Мы з радасцю дзякуем Богу і Айцу, які паклікаў вас да ўдзелу ў спадчыне святых у святле, які вызваліў нас з-пад улады цемры і прывёў у Валадарства ўмілаванага Сына свайго, у якім мы маем адкупленне і адпушчэнне грахоў.
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ 1 Кар 3, 18–23 Усё вашае, вы ж — Хрыста, а Хрыстус — Бога
Чытанне Першага паслання святога апостала Паўла да Карынцянаў.
Браты:
Няхай ніхто не падманвае самога сябе. Калі хто з вас лічыць сябе мудрым ў гэтым свеце, няхай будзе неразумным, каб стаць мудрым. Бо мудрасць гэтага свету — глупства ў Бога. Таму што напісана: Ён ловіць мудрых на хітрасці іхняй. І яшчэ: Пан ведае думкі мудрых і тое, што яны марныя.
Таму няхай ніхто не хваліцца людзьмі, бо ўсё вашае: ці Павел, ці Аполас, ці Кіфа, ці свет, ці жыццё, ці смерць, ці цяперашняе, ці будучае — усё вашае, вы ж — Хрыста, а Хрыстус — Бога.
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ 1 Тэс 3, 7–13 Няхай Пан перапоўніць вас любоўю адзін да аднаго
Чытанне Першага паслання святога апостала Паўла да Тэсаланiкiйцаў.
Ва ўсёй патрэбе і ўціску нашым мы суцешыліся за вас, браты, дзеля веры вашай. Бо цяпер мы жывём, калі вы трываеце ў Пану. Якую ж падзяку можам аддаць Богу за ўсю радасць, якою цешымся з вас перад Богам нашым, калі ўначы і ўдзень горача молімся, каб убачыць аблічча вашае і выправіць недахопы веры вашай?
Сам Бог і Айцец і наш Пан Езус няхай скіруе да вас шлях наш. А вас няхай памножыць Пан і перапоўніць любоўю адзін да аднаго і да ўсіх, якую і мы маем да вас; каб умацаваць сэрцы вашыя беззаганнымі ў святасці перад Богам і Айцом нашым у час прыйсця Пана нашага, Езуса, з усімі Ягонымі святымі.
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ 1 Кар 1, 1–9 У Ім вы ўзбагаціліся ўсім
Пачатак Першага паслання святога апостала Паўла да Карынцянаў.
Павел, воляй Божай пакліканы быць апосталам Езуса Хрыста, і брат Састэн — Касцёлу Божаму ў Карынце, тым, хто асвячаны ў Хрысце Езусе, пакліканым святым разам з усімі, хто ў кожным месцы заклікае імя Пана нашага Езуса Хрыста, іхняга і нашага.
Ласка вам і спакой ад Бога Айца нашага і Пана Езуса Хрыста.
Заўсёды дзякую Богу майму за вас, дзеля ласкі Божай, дадзенай вам у Хрысце Езусе. Бо ў Ім вы ўзбагаціліся ўсім, усялякім словам і ўсялякім веданнем. Хрыстовае сведчанне так умацавалася ў вас, што вы не маеце нястачы ні ў якім дары, чакаючы аб’яўлення Пана нашага Езуса Хрыста. Ён і будзе ўмацоўваць вас аж да канца, каб вы былі бязвіннымі ў дзень Пана нашага Езуса Хрыста. Верны ёсць Бог, які паклікаў вас да еднасці з Ягоным Сынам, Езусам Хрыстом, Панам нашым.
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ 1 Кар 1, 1–9 У Ім вы ўзбагаціліся ўсім
Пачатак Першага паслання святога апостала Паўла да Карынцянаў.
Павел, воляй Божай пакліканы быць апосталам Езуса Хрыста, і брат Састэн — Касцёлу Божаму ў Карынце, тым, хто асвячаны ў Хрысце Езусе, пакліканым святым разам з усімі, хто ў кожным месцы заклікае імя Пана нашага Езуса Хрыста, іхняга і нашага.
Ласка вам і спакой ад Бога Айца нашага і Пана Езуса Хрыста.
Заўсёды дзякую Богу майму за вас, дзеля ласкі Божай, дадзенай вам у Хрысце Езусе. Бо ў Ім вы ўзбагаціліся ўсім, усялякім словам і ўсялякім веданнем. Хрыстовае сведчанне так умацавалася ў вас, што вы не маеце нястачы ні ў якім дары, чакаючы аб’яўлення Пана нашага Езуса Хрыста. Ён і будзе ўмацоўваць вас аж да канца, каб вы былі бязвіннымі ў дзень Пана нашага Езуса Хрыста. Верны ёсць Бог, які паклікаў вас да еднасці з Ягоным Сынам, Езусам Хрыстом, Панам нашым.