ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Іс 53, 10–11 Калі ж прынясе жыццё сваё ў ахвяру за грахі, убачыць вечнае патомства
Чытанне кнігі прарока Ісаі.
Пан пажадаў раздавіць яго цярпеннем. Калі ж прынясе жыццё сваё ў ахвяру за грахі, убачыць вечнае патомства, і волю Пана здзейсніць ягоная рука. За цярпенні сваёй душы ён убачыць святло і ім насыціцца. Мой справядлівы слуга апраўдае многіх і сам панясе іхнія правіны.
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Іс 45, 1. 4–6 Я трымаю моцна правіцу Кіра, каб пакарыць перад абліччам Ягоным народы
Чытанне кнігі прарока Ісаі.
Так кажа Пан свайму памазанніку Кіру: Я трымаю моцна ягоную правіцу, каб пакарыць перад абліччам ягоным народы і развязаць паясы каралёў, каб адчыніць перад ім дзверы; каб брамы не былі зачыненымі. Дзеля слугі майго Якуба і Ізраэля, выбранніка майго, я назваў цябе імем тваім; Я даў табе ганаровае імя, хоць ты і не ведаў Мяне. Я — Пан, і няма іншага. Апроч Мяне няма бога. Я падперазаў цябе, хоць ты не ведаў Мяне, каб даведаліся ад усходу сонца і да захаду, што няма нікога апроч Мяне. Я — Пан, і няма іншага. Гэта слова Божае.
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Эзх 33, 7–9 Калі ты не будзеш асцерагаць бязбожніка, будзеш адказваць за ягоную кроў
Чытанне кнігі прарока Езэхіэля
Так кажа Пан:
Cыне чалавечы, Я паставіў цябе вартаўніком дому Ізраэля. І ты будзеш слухаць словы з вуснаў Маіх, і будзеш перасцерагаць іх ад Майго імя. Калі Я скажу бязбожнніку: Бязбожнік, ты памрэш, — а ты нічога не будзеш гаварыць, каб асцерагчы бязбожніка ад дарогі яго, то ён памрэ ў несправядлівасці сваёй, але ты будзеш адказваць за ягоную кроў. Калі ты асцеражэш бязбожніка ад дарогі яго, каб адвярнуўся ад яе, і ён не адвернецца ад дарогі сваёй, то ён памрэ ў несправядлівасці сваёй, а ты ўратуеш душу сваю.
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Мдр 2, 12. 17–20 Засудзім яго на ганебную смерць
Чытанне кнігі Мудрасці.
Бязбожнікі казалі самі сабе:
Зробім пастку на справядлівага, бо ён бескарысны для нас і працівіцца нашым учынкам, дакарае нас у грахах супраць Закону, вінаваціць нас ў грахах супраць нашага выхавання.
Пабачым, ці праўдзівыя словы ягоныя, і праверым, што будзе пры сконе ягоным. Бо калі справядлівы – гэта сын Божы, то Бог абароніць яго і вырве яго з рукі праціўнікаў.
Праверым яго знявагаю і мукаю, каб пазнаць яго лагоднасць і выпрабаваць яго цярплівасць. Асудзім яго на ганебную смерць, бо, як ён кажа, паклапоцяцца аб ім.
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Іс 55, 6–9 Мае думкі — гэта не вашыя думкі
Чытанне кнігі прарока Ісаі.
Шукайце Пана, пакуль Ён дазваляе знайсці сябе, клічце Яго, пакуль Ён блізка! Няхай бязбожны пакіне шлях свой, а чалавек беззаконны — свае намеры; няхай вернецца да Пана, і Ён змілуецца над ім, да Бога нашага, бо Ён шчодры на прабачэнне. Бо мае думкі — гэта не вашыя думкі, і вашыя шляхі — не мае шляхі, — кажа Пан. Бо як нябёсы ўзвышаюцца над зямлёю, так шляхі мае — над шляхамі вашымі, і думкі мае — над думкамі вашымі.
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Ліч 11, 25–29 Ці не раўнуеш ты з-за мяне? О, каб усе ў народзе Пана былі прарокамі
Чытанне кнігі Лічбаў.
У тыя дні:
Сышоў Пан у воблаку і гаварыў з Майсеем. Узяў ад духа, які быў на ім, і даў сямідзесяці старэйшынам. Калі спачыў на іх дух, сталі прарочыць, але потым перасталі.
Двое ж мужчын засталося ў лагеры. Імя аднаго Элдад, а другога — Мэдад. І на іх сышоў дух, бо і яны былі запісаныя, толькі не прыйшлі ў шацёр, і прарочылі яны ў лагеры. І прыбег юнак і паведаміў Майсею: Элдад і Мэдад прарочаць у лагеры. У адказ Езус, сын Навіна, слуга Майсея ад маладосці сваёй, сказаў: Майсей, пане мой, забарані ім. Але Майсей сказаў: Ці не раўнуеш ты з-за мяне? О, каб усе ў народзе Пана былі прарокамі, каб Пан даў ім свайго духа.
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Эзх 18, 25–28 Калі грэшнік адвернецца ад граху свайго, ён захавае жывой душу сваю
Чытанне кнігі прарока Эзэхіэля.
Так кажа Пан:
Вы кажаце: Несправядлівы шлях Пана. Цяпер паслухай, доме Ізраэля: Гэта мой шлях несправядлівы, ці несправядлівыя хутчэй шляхі вашыя? Калі справядлівы адварочваецца ад справядлівасці сваёй і чыніць беззаконне, і памірае, то за гэтыя беззаконні, якія чыніў, памірае.
Калі грэшнік адвернецца ад граху свайго, які чыніў, і будзе здзяйсняць правасуддзе і справядлівасць, ён захавае жывой душу сваю. Ён пабачыў і адвярнуўся ад усіх беззаконняў сваіх, якія чыніў, таму жыць будзе і не памрэ.
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Быц 2, 18–24 І стануць яны адным целам
Чытанне кнігі Быцця.
І сказаў Пан Бог:
Не добра, каб чалавек быў адзін. Ствару адпаведную яму дапамогу. Пан Бог учыніў з зямлі ўсіх звяроў палявых і ўсіх птушак нябесных і прывёў іх да Адама, каб убачыць, як ён назаве іх. І як Адам назваў кожную жывую істоту, такім і было яе імя. І назваў Адам імёнамі сваімі ўсякую жывёлу, птушак нябесных і ўсякіх звяроў палявых, але для чалавека не знайшлося адпаведнай яму дапамогі. Тады Пан Бог спаслаў на Адама глыбокі сон. А калі той заснуў, вынуў адно з рэбраў ягоных, а месца тое закрыў целам. Потым з рабра, узятага з Адама, збудаваў Пан Бог жанчыну і прывёў яе да Адама. І сказаў Адам: Гэта косць ад касцей маіх і цела ад майго цела. Яна будзе названа жанчынай, бо ад мужчыны была ўзята. Таму пакіне мужчына бацьку свайго і маці сваю і прылепіцца да жонкі сваёй, і стануць яны адным целам.
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Іс 5, 1-7 Вінаграднік Пана Магуццяў – гэта дом Ізраэля
Чытанне кнігі прарока Ісаі.
Заспяваю прыяцелю майму песню сябра майго пра вінаграднік ягоны: Мой сябра меў вінаграднік на ўрадлівай гары. Ён ускапаў яго і ачысціў яго ад камення, і пасадзіў у ім адборную вінаградную лазу, і пабудаваў вежу пасярод яго, і давіла вычасаў у ім. Чакаў, што дасць ён гронкі вінаграду, але ён прынёс дзікія ягады. Дык цяпер, жыхары Ерузалема і мужы юдэйскія, рассудзіце мяне і вінаграднік мой. Што яшчэ я павінен быў зрабіць для вінаградніку майго і не зрабіў для яго? Чаму я чакаў гронак вінаграду, а ён прынёс дзікія ягады? Цяпер я пакажу вам, што я зраблю з вінаграднікам маім: я прыбяру яго агароджу, і будзе спустошаны ён, знішчу сцяну яго, і ён будзе затаптаны. І прывяду яго ў запусценне: не будуць падразаць і ўскопваць яго, і зарасце ён цернем і пустазеллем, і забараню хмарам ліць на яго дождж. Вінаграднік Пана Магуццяў — гэта дом Ізраэля, а мужы юдэйскія – Яго ўмілаваныя саджанцы; Ён чакаў правасуддзя – і вось беззаконне; чакаў справядлівасці – і вось крык.
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Мдр 7, 7–11 Багацце нічым я палічыў у параўнанні з ёю
Чытанне кнігі Мудрасці.
Я маліўся — і было дадзена мне разуменне; я заклікаў — і сышоў на мяне дух Мудрасці. Я аддаў ёй перавагу над скіпетрамі і тронамі, і багацце нічым я палічыў у параўнанні з ёю. Я не параўноўваў з ёю каштоўных камянёў, бо ўсё золата перад ёю — нікчэмны пясок, а срэбра перад ёй, як бруд.
Я палюбіў яе больш чым здароўе і прыгажосць, і больш хацеў бы мець яе чым святло, таму што бляск яе — непагасны. А разам з ёю да мяне прыйшлі ўсе даброты і незлічонае багацце ў яе руках.
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Іс 25, 6–10а Пан прыгатуе гасціну і вытра слёзы з усіх твараў
Чытанне кнігі прарока Ісаі.
У той дзень:
Пан Магуццяў прыгатуе для ўсіх народаў на гэтай гары гасціну з тлустых страў, гасціну з добрага віна, з туку касцей ды з найлепшага віна. Скіне Ён на гэтай гары заслону, што закрывае твар усіх народаў, покрыва, расцягнутае над усімі плямёнамі. Ён знішчыць смерць назаўсёды. І вытра Пан Бог слёзы з усіх твараў, і здыме ганьбу з народа свайго па усёй зямлі, бо так сказаў Пан. І скажуць у той дзень: Гэта Ён, наш Бог! На Яго мы спадзяваліся, што Ён нас збавіць. Гэта Пан, у Ім наша надзея, будзем радавацца і весяліцца ў Яго збаўленні! Бо рука Пана спачне на гэтай гары.
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Ер 31, 7–9 Сляпога і кульгавага павяду з суцяшэннем
Чытанне кнігі прарока Ераміі.
Так кажа Пан:
Радасна спявайце для Якуба, усклікайце перад галавою народаў. Абвяшчайце, праслаўляйце і гаварыце: Збаў, Пане, народ свой, рэшту Ізраэля.
Вось я выведу іх з паўночнай зямлі і збяру іх з усіх межаў зямных. Сярод іх сляпы і кульгавы, цяжарная разам з парадзіхай; сюды вяртаецца вялікая грамада. Яны пайшлі з плачам, але з суцяшэннем іх павяду. Прывяду іх да патокаў вады роўнай дарогай, і не спатыкнуцца на ёй, бо Я стаў Айцом Ізраэля, і Эфраім — Мой сын першародны.
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Зых 22, 20–26 Калі пакрыўдзіце ўдаву і сірату, распаліцца гнеў Мой
Чытанне кнiгi Зыходу.
Так кажа Пан:
Чужаземца не ўціскайце і не прыгнятайце яго, бо вы самі былі чужаземцамі ў зямлі егіпецкай.
Ніводнай удавы і сіраты не крыўдзіце. Калі пакрыўдзіце іх, то Я, калі будуць заклікаць Мяне, пачую іхні крык; і распаліцца гнеў Мой, і заб’ю вас мячом, і будуць жоны вашыя ўдовамі, а сыны вашыя — сіротамі.
Калі пазычыш грошы народу Майму, беднаму, які ёсць з табою, не будзь для яго як ліхвяр; не вымагай ад яго працэнтаў.
Калі возьмеш у заклад плашч бліжняга свайго, да захаду сонца аддай яго, бо гэта адзінае ягонае ўбранне, гэта вопратка для цела ягонага. На чым ён яшчэ будзе спаць? І станецца, калі ён будзе заклікаць Мяне, Я пачую яго, бо Я міласэрны.
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Дрг 6, 2–6 Слухай, Ізраэль, любі Пана Бога твайго усім сэрцам тваім
Чытанне кнігі Другазаконня
Майсей прамовіў да народа, кажучы:
Бойся Пана Бога твайго, захоўвай усе пастановы Яго і запаведзі, якія загадваю табе, сынам тваім і ўнукам тваім ва ўсе дні жыцця твайго, каб былі доўгімі твае дні.
Слухай, Ізраэль, і старайся выканаць гэта, каб добра было табе і каб вы памножыліся вельмі на зямлі, дзе цячэ малако і мёд, якую абяцаў даць табе Пан, Бог бацькоў тваіх.
Слухай, Ізраэль: Пан, Бог наш, Пан адзіны. Любі Пана Бога твайго усім сэрцам тваім, усёй душою тваёю, усім розумам сваім і з усіх сіл тваіх. Няхай гэтыя словы, якія сёння я наказваю табе, будуць у сэрцы тваім.
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Мал 1, 14b–2, 2b. 8–10 Вы адхіліліся ад гэтага шляху, многіх прымусілі спатыкнуцца ў Законе
Чытанне кнiгi прарока Малахii.
Так кажа Пан Магуццяў: Я — вялікі Кароль, і Маё імя выклікае боязь між народамі. А цяпер для вас, святары, гэтая запаведзь. Калі не паслухаеце і не прымеце да сэрца тое, каб аддаваць хвалу імені Майму, то Я спашлю на вас пракляцце.
Вы ж адхіліліся ад гэтага шляху, многіх прымусілі спатыкнуцца ў Законе; вы знішчылі запавет з Левіем, — кажа Пан Магуццяў. Таму Я ўчыню, што вы будзеце ў пагардзе і прыніжэнні сярод усіх народаў, бо вы не трымаліся шляхоў Маіх і былі прадузятымі ў Законе.
Ці ж не адзін у нас Айцец? Ці ж не адзін Бог стварыў нас? Чаму мы здраджваем адно аднаму, зневажаючы запавет айцоў нашых?
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ 1 Вал 17, 10–16 Зрабіла ўдава са сваёй мукі праснак і прынесла Іллі
Чытанне Першай кнігі Валадарстваў.
У тыя дні:
Устаў прарок Ілля і пайшоў у Сарэпту. І калі падышоў да брамы горада, з’явілася перад ім удава, якая збірала дровы. І паклікаў яе, кажучы: Прынясі мне трохі вады ў збане напіцца. Калі яна пайшла прынесці вады, ён крыкнуў услед: Вазьмі, прашу, для мяне і кавалак хлеба.
Яна ж адказала: На жыццё Пана, твайго Бога, не маю печыва, толькі жменю мукі ў кадушцы і трохі алею ў збане. Вось збяру некалькі кавалкаў дрэва і пайду, згатую сабе і майму сыну. З’ямо гэта і памром.
Ілля сказаў ёй: Не бойся, але ідзі і зрабі, як сказала. Толькі спачатку зрабі невялікі праснак для мяне і прынясі мне. Сабе ж і сыну зробіш потым. Бо так кажа Пан, Бог Ізраэля: Кадушка мукі не скончыцца, і збан алею не апусцее аж да дня, калі Пан спашле дождж на зямлю.
Яна пайшла і зрабіла, як сказаў Ілля. І штодня елі ён, яна і дом яе. І так было кожны дзень. Кадушка мукі не скончылася, і збан алею не апусцеў паводле абяцання, якое Пан даў праз Іллю.
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Дан 12, 1–3 І ў той час збавіцца народ твой
Чытанне Першай кнігі прарока Даніэля.
Паўстане ў той час Міхал, князь вялікі, які стаіць для абароны сыноў народа твайго. І надыдзе цяжкі час, якога не было з таго моманту, калі пачалі існаваць народы, аж да гэтай пары. І ў той час збавіцца народ твой, кожны, каго знойдуць запісаным у кнізе. І многія з тых, хто спіць ў пыле зямным, абудзяцца: адны — да вечнага жыцця, другія — на вечную ганьбу. І тыя, хто мудры, будуць ззяць, як свяцілы небасхілу, а тыя, хто навучыць многіх справядлівасці — як зоркі на вечную вечнасць.
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Мдр 6, 12–16 Хто шукае мудрасць, той знойдзе яе
Чытанне кнігі Мудрасці Саламона.
Цудоўная і неўвядальная мудрасць. З лёгкасцю заўважыць яе той, хто любіць яе, а хто шукае, той знойдзе яе. Яна спяшаецца да тых, хто яе прагне, каб першай адкрыцца ім. Не стоміцца той, хто дзеля яе ўстае на світанні, бо ўбачыць яе, як сядзіць пры ягоных дзвярах. Думаць пра яе — гэта вяршыня разважлівасці, і хто чувае з-за яе, хутчэй пазбавіцца клопатаў. Бо яна сама ходзіць навокал, шукаючы годных яе, і ласкава адкрываецца ім на шляхах іхніх, і выходзіць насустрач усялякай іхняй задуме.
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Прып 31, 10–13, 19–20, 30–31 Ахвотна працуе рукамі сваімі
Чытанне кнігі Прыпавесцяў Саламона.
Жанчыну дасканалую хто ж знойдзе? Цана яе большая, чым перлаў. Давярае ёй сэрца мужа яе, і ён не застанецца без прыбытку. Яна адплочвае яму дабром, а не злом, ва ўсе дні ягонага жыцця. Яна шукае воўну і лён і ахвотна працуе рукамі сваімі. Рукі свае працягвае да прáсніцы, і пальцы яе трымаюць верацяно. Далонь сваю працягвае ўбогаму і руку сваю падае няшчаснаму. Прывабнасць — гэта зман, а прыгажосць — гэта марнасць, жанчына, якая баіцца Пана, годная пахвалы. Аддавайце ёй паводле працы рук яе, няхай хваляць ў брамах чыны яе.
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Іс 22, 19–23 Ускладу ключ дому Давіда на плечы ягоныя
Чытанне кнігі прарока Ісаі.
Так кажа Пан Шэбну, кіраўніку палаца:
Я сапхну цябе з месца твайго і скіну цябе з пасады тваёй. І станецца ў той дзень, што Я паклічу слугу Майго Эліякіма, сына Хелкія. Апрану яго ў хітон твой, і падперажу яго пасам тваім, і ўладу тваю перадам у рукі ягоныя, і стане ён айцом для жыхароў Ерузалема і для дому Юды. І ўскладу ключ дому Давіда на плечы ягоныя. І калі ён адчыніць, ніхто не зачыніць, і калі зачыніць, ніхто не адчыніць. І ўваб’ю яго, як кол на цвёрдым месцы, і ён стане тронам славы для дому айца свайго.