Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 365-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:         

VII Велікодная нядзеля, Год А

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Дз 1, 12–14
Сумесна трывалі ў малітве

Чытанне кнігі Дзеяў Апосталаў.

Калі Езус узнёсся на неба, Апосталы вярнуліся ў Ерузалем з гары, называнай Аліўнай, што непадалёк ад Ерузалема, на адлегласці суботняй дарогі.

І калі ўвайшлі, падняліся ў святліцу, дзе знаходзіліся Пётр і Ян, і Якуб, і Андрэй, Філіп і Тамаш, Барталамей і Мацвей, Якуб Алфеевы і Сымон Зелот, і Юда Якубаў. Усе яны сумесна трывалі ў малітве разам з жанчынамі і Марыяй, маці Езуса, і з братамі Ягонымі.

Гэта слова Божае.

VII Велікодная нядзеля, Год В

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Дз 1, 15–17. 20а. 20c–26
Трэба, каб адзін з тых стаў разам з намі сведкам Яго ўваскрасення

Чытанне кнігі Дзеяў Апосталаў.

У тыя дні Пётр стаў сярод вучняў, а сабралася разам каля ста дваццаці чалавек, і сказаў: Браты, належала споўніцца словам Пісання, якія Дух Святы прадказаў вуснамі Давіда пра Юду, стаўшага правадыром для тых, хто схапіў Езуса. Бо ён быў залічаны да нас і атрымаў удзел у гэтым служэнні.

А ў кнізе Псальмаў напісана: Пасаду ягоную няхай зойме іншы.

Таму трэба, каб адзін з тых, хто быў з намі ўвесь час, калі заставаўся з намі Пан Езус, пачынаючы ад Янавага хросту аж да дня Яго ўзнясення ад нас, стаў разам з намі сведкам Яго ўваскрасення.

І паставілі дваіх: Юзафа, якога звалі Барсабам, а празывалі Справядлівым, і Мацея. І, памаліўшыся, сказалі: Ты, Пане, ведаеш сэрцы ўсіх, пакажы з гэтых двух аднаго, якога Ты выбраў, каб ён заняў месца гэтага служэння і апостальства, ад якога адышоў Юда, каб пайсці сваім шляхам. І далі ім лёсы, і выпаў лёс на Мацея, і ён быў далучаны да адзінаццаці Апосталаў.

Гэта слова Божае.

VII Велікодная нядзеля, Год С

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Дз 7, 55-60
Бачу Сына Чалавечага, які стаіць праваруч Бога

Чытанне кнігі Дзеяў Апосталаў.

У тыя дні:

Стэфан, напоўнены Духам Святым, паглядзеў на неба і ўбачыў славу Божую і Езуса, які стаяў праваруч Бога, і сказаў: Вось бачу нябёсы раскрытыя і Сына Чалавечага, які стаіць праваруч Бога.

Але яны, закрычаўшы моцным голасам, заткнулі вушы свае і кінуліся на яго ўсе разам. І вывеўшы за горад, пачалі каменаваць. А сведкі паклалі адзежу сваю каля ног юнака, якога звалі Саўл.

І каменавалі Стэфана, які заклікаў і казаў: Пане Езу, прымі дух мой. І, упаўшы на калені, усклікнуў моцным голасам: Пане, не лічы ім граху гэтага!

І, сказаўшы гэта, спачыў.

Гэта слова Божае.

VII Звычайная нядзеля, Год А

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Лев 19, 1–2. 17–18
Любі бліжняга свайго, як самога сябе

Чытанне кнігі Левіта.

Пан прамовіў да Майсея, кажучы:

Звярніся да ўсяго сходу сыноў Ізраэля і скажы ім: будзьце святымі, як святы Я, Пан Бог ваш.

Не будзеш ненавідзець брата свайго ў сэрцы сваім. Настаўляй яго, каб не мець граху з-за яго. Не шукай помсты і не злуйся на сыноў народа свайго. Любі бліжняга свайго, як самога сябе. Я — Пан.

Гэта слова Божае.

VIII Звычайная нядзеля, Год С

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Сір 27, 4–7
Не хвалі чалавека перад размовай

Чытанне кнігі Мудрасці Сіраха.

Калі прасейваць праз сіта, застаюцца высеўкі,
так і недахопы чалавека выяўляюцца, калі ён разважае.
Начынне ганчара выпрабоўваюць у печы,
а чалавека выпрабоўваюць у размове з ім.
Па пладах дрэва пазнаюць, як яго даглядалі,
так і па словах выяўляюцца задумы чалавечага сэрца.
Не хвалі чалавека перад размовай,
бо такім чынам выпрабоўваюцца людзі.

Гэта слова Божае.

VIIІ Звычайная нядзеля, Год А

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Іс 49, 14–15
Я не забуду пра цябе

Чытанне кнігі прарока Ісаі.

Пан прамовіў да Майсея, кажучы:

І сказаў Сіён: Пан мяне пакінуў, Пан забыў пра мяне. Ці забудзе жанчына пра сваё немаўля, каб не пашкадаваць сына ўлоння свайго? Але калі б нават і забыла, Я не забуду пра цябе.

Гэта слова Божае.

VІ Звычайная нядзеля, Год А

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Сір 15, 15–20
Нікому не загадваў быць бязбожным

Чытанне кнігі Мудрасці Сіраха.

Калі захочаш, захаваеш запаведзі
і застанешся верным Яго ўпадабанню.
Ён паставіў перад табою агонь і ваду,
а ты працягні руку сваю да таго, чаго захочаш.
Перад чалавекам жыццё і смерць,
і што спадабаецца, будзе дадзена яму.
Бо вялікая мудрасць Пана,
магутная Яго ўлада і Ён усё бачыць.
Ягоныя вочы над тымі, хто Яго баіцца.
Ён ведае кожны чалавечы ўчынак.
Ён нікому не загадваў быць бязбожным
і нікому не даваў дазволу грашыць.

Гэта слова Божае.

VІ Звычайная нядзеля, Год С

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Ер 17, 5-8
Пракляты, хто спадзяецца на чалавека; благаслаўлёны, хто спадзяецца на Пана

Чытанне кнігі прарока Ераміі.

Так кажа Пан:

Пракляты муж, які спадзяецца на чалавека і ў целе бачыць сваю сілу, а сэрца сваё адварочвае ад Пана. Ён будзе як ядловец у стэпе, не ўбачыць, калі прыйдзе шчасце, але будзе жыць у высахлых месцах на пустыні, на салёнай і бязлюднай зямлі.

Благаслаўлёны чалавек, які спадзяецца на Пана, і надзея якога – Пан. Ён будзе як дрэва, пасаджанае над вадою, што пускае карэнне сваё над патокам. Калі настане спёка, яно не баіцца, і лісце яго застаецца зялёным. І ў год засухі яно не будзе хвалявацца і не перастане прыносіць плён.

Гэта слова Божае.

X Звычайная нядзеля, Год B

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Быц 3, 9–15
Устанаўлю варожасць паміж патомствам тваім і паміж яе патомствам

Чытанне кнігі Быцця.

Калі ж Адам з’еў з дрэва, паклікаў Пан Бог Адама і сказаў яму: Дзе ты? Ён адказаў: Я пачуў голас твой у раі і спалохаўся, бо голы я, і схаваўся. Сказаў Бог: Хто сказаў табе, што ты голы? Можа еў ты з дрэва, з якога Я забараніў табе есці? Адам сказаў: Жанчына, якую Ты даў мне, яна дала мне, і еў я. І сказаў Пан Бог жанчыне: Чаму ты гэта зрабіла? Яна сказала: Змей падмануў мяне, і ела я. Тады сказаў Пан Бог змею:

За тое, што ты зрабіў гэта,
ты пракляты паміж усімі жывёламі і паміж усімі звярамі палявымі.
На жываце сваім поўзаць будзеш
і пыл будзеш есці
праз усе дні жыцця свайго.
Устанаўлю варожасць паміж табою і паміж жанчынаю,
і паміж патомствам тваім, і паміж яе патомствам. Яно сатрэ табе галаву,
а ты сатрэш яго пяту.

Гэта слова Божае.

XI Звычайная нядзеля, Год B

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Эзх 17, 22–24
Узвысіў нізкае дрэва

Чытанне кнігі прарока Эзэхіэля.

Так кажа Пан Бог:

Вазьму Я з вяршыні высокага кедру і пасаджу. З верхніх галін ягоных адламаю парастак і пасаджу на высокай і ўзнёслай гары. На высокай гары Ізраэля пасаджу яго. І пусціць галлё і прынясе плён, і стане велічным кедрам, і будуць жыць пад ім усялякія птушкі, усялякае птаства будзе гняздзіцца ў цені галля ягонага. І даведаюцца ўсе дрэвы палявыя, што Я, Пан, паніжаю высокае дрэва, а нізкае дрэва ўзвышаю; зялёнае дрэва высушваю, а сухое дрэва прымушаю квітнець. Я, Пан, сказаў і так зраблю.

Гэта слова Божае.

XII Звычайная нядзеля, Год B

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Ёв 38, 1. 8–11
Тут зламаеш свае ганарыстыя хвалі

Чытанне кнігі Ёва.

Адказваючы, Пан сказаў Ёву з віхуры:

Хто замкнуў дзвярамі мора, калі яно ўсхвалявалася, нібы выходзячы з нутра, калі Я хмары зрабіў адзеннем яго і цемру — покрывам ягоным? Я замкнуў яго ў межах Маіх і паставіў замкі і дзверы. І сказаў: Дагэтуль дойдзеш, не далей. Тут зламаеш свае ганарыстыя хвалі.

Гэта слова Божае.

XII Звычайная нядзеля, Год С

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Зах 12, 10-11; 13, 1
Будуць глядзець на таго, каго прабілі (Ян 19, 37)

Чытанне кнігі прарока Захарыі.

Так кажа Пан:

Я вылью на дом Давіда і на жыхароў Ерузалема дух ласкі і малітваў, і яны будуць глядзець на Мяне. І будуць галасіць па тым, каго прабілі, як галосяць па адзінародным, і будуць плакаць па ім, як плачуць па першародным. У той дзень будзе вялікі плач у Ерузалеме, як плач Ададрэмона ў даліне Мэгідскай.

У той дзень адчыніцца крыніца для дому Давіда і жыхароў Ерузалема, каб абмыць грэх і нячыстасць.

Гэта слова Божае.

XIII Звычайная нядзеля, Год С

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ 1 Вал 19, 16b. 19-21
Елісей устаў і пайшоў за Іллёю

Чытанне Першай кнігі Валадарстваў.

У тыя дні:

Пан сказаў Іллі: Елісея, сына Сафата з Абэль-Мэгуля, намасціш прарокам замест сябе.

Ілля пайшоў з гары і знайшоў Елісея, сына Сафата, які араў. Дванаццаць пар валоў было перад ім. Ён жа быў пры дванаццатай. Ілля, праходзячы міма, накінуў на яго свой плашч. І пакінуў ён валоў, і пабег за Іллёю, і сказаў: Дазволь мне пацалаваць айца майго і маці, і я пайду за табой. Той адказаў яму: Ідзі і вяртайся, бо што зрабіў я табе?

І вярнуўся ад яго, узяў пару валоў і прынёс іх у ахвяру, а на ярме прыгатаваў мяса і раздаў людзям, каб з’елі. Сам жа ўстаў і пайшоў за Іллёю, і служыў яму.

Гэта слова Божае.

XIIІ Звычайная нядзеля, Год B

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Мдр 1, 13-15; 2, 23-24
Праз зайздрасць д’ябла ў свет увайшла смерць

Чытанне кнігі Мудрасці Саламона.

Паколькі Бог не стварыў смерці,
Ён не цешыцца са згубы жывога.
Бо Ён стварыў усё для жыцця,
стварэнні свету маюць ў сабе здароўе,
няма ў іх знішчальнай атруты,
ні валадарства памерлых на зямлі.
Справядлівасць бессмяротная.
Бог стварыў чалавека для несмяротнасці,
учыніў яго вобразам сваёй вечнасці.
Але праз зайздрасць д’ябла ў свет увайшла смерць,
і зазнаюць яе тыя, хто мае з ім удзел.

Гэта слова Божае.

XIV Звычайная нядзеля, Год B

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Эзх 2, 2–5
Гэта ўзбунтаваны дом, аднак даведаюцца, што прарок ёсць сярод іх

Чытанне кнігі прарока Эзэхіэля.

У тыя дні:

Дух увайшоў у мяне і паставіў мяне на ногі. І я слухаў таго, хто прамаўляў да мяне. Ён сказаў мне: Сыне чалавечы, Я пасылаю цябе да сыноў Ізраэля, да народа адступнікаў, які ўзбунтаваўся супраць Мяне. Яны і айцы іхнія паўставалі супраць Мяне аж да гэтага дня. Тыя, да каго Я цябе пасылаю, гэта сыны з упартым тварам і жорсткім сэрцам. І скажаш ім: Так кажа Пан Бог.

Ці паслухаюць яны, ці пагардзяць, бо гэта ўзбунтаваны дом, аднак даведаюцца, што прарок ёсць сярод іх.

Гэта слова Божае.

XIV Звычайная нядзеля, Год С

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Іс 66, 10-14с
Вось Я скірую да яго спакой, як раку

Чытанне кнігі прарока Ісаі.

Радуйцеся разам з Ерузалемам і весяліцеся ў ім
усе, хто любіць яго.
Радасна весяліцеся разам з ім
усе, хто плакаў над ім,
каб вы карміліся і насычаліся ўдосталь
з грудзей яго суцяшэння,
каб вы ўпіваліся і напаўняліся асалодай
з грудзей ягонай славы.
Бо так кажа Пан:
Вось Я скірую да яго спакой, як раку,
і хвалу народаў, як паўнаводны паток.
Вас будуць карміць і насіць на руках,
і на каленях будуць песціць вас.
Як кагосьці суцяшае маці,
так Я буду суцяшаць вас,
і атрымаеце суцяшэнне ў Ерузалеме.
Убачыце, і ўсцешыцца вашае сэрца,
і косці вашы расквітнеюць, як трава.
І адкрыецца рука Пана слугам Ягоным.

Гэта слова Божае.

XIX Звычайная нядзеля, Год B

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ 1 Вал 19, 4–8
Падмацаваўшыся гэтым пасілкам, ішоў ён да Божай гары

Чытанне Першай кнігі Валадарстваў.

У тыя дні:

Пайшоў Ілля ў пустыню на адлегласць аднаго дня дарогі і, прыйшоўшы, сеў пад адным з кустоў ядлоўцу і прасіў смерці сабе. І сказаў: Хопіць ужо, Пане! Вазьмі маё жыццё, бо я не лепшы ад маіх продкаў! І лёг ён, і заснуў.

І вось анёл дакрануўся да яго і сказаў яму: Устань і еш! Ілля глянуў, і вось каля ягонай галавы была печаная аладка і збан вады. Ён з’еў і выпіў, і зноў заснуў.

Але анёл Пана другі раз вярнуўся, дакрануўся да яго і сказаў: Устань і еш, бо далёкая дарога прад табою! Ён устаў, з’еў і выпіў. І, падмацаваўшыся гэтым пасілкам, ішоў ён сорак дзён і сорак начэй да Божай гары Горэб.

Гэта слова Божае.

XIX Звычайная нядзеля, Год C

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Мдр 18, 6-9
Бо праз пакаранне нашых праціўнікаў Ты паклікаў і праславіў нас

Чытанне кнігі Мудрасці Саламона.

Ноч вызвалення была прадвешчана айцам нашым, каб яны падбадзёрыліся, цвёрда ведаючы, якім абяцанням паверылі. Народ Твой чакаў выратавання справядлівых і згубы сваіх ворагаў. Бо праз пакаранне нашых праціўнікаў Ты паклікаў і праславіў нас.

Праведныя дзеці добрых патаемна прыносілі ахвяры і ў згодзе ўстанавілі Боскі закон, каб святыя аднолькава саўдзельнічалі ў тым самым дабры і небяспецы. І яны пачалі ўжо спяваць гімны айцоў.

Гэта слова Божае.

XV Звычайная нядзеля, Год B

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Ам 7, 12–15
Ідзі, прароч народу Майму

Чытанне кнігі прарока Амоса.

У тыя дні:

Амасія, святар з Бэтэля, сказаў Амосу: Празорца, ідзі, уцякай у зямлю Юды. Там еш хлеб і там прароч. А ў Бэтэлі больш не прароч, бо ён — святыня караля і дом каралеўскі.

Адказваючы, Амос сказаў Амасію: Я — не прарок і не сын прарока, бо я пастух і збіральнік сікамораў. Але Пан забраў мяне ад авечак, і сказаў мне Пан: Ідзі, прароч народу Майму Ізраэлю.

Гэта слова Божае.

XV Звычайная нядзеля, Год С

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Дрг 30, 10-14
Гэта слова блізкае да цябе, каб ты мог выконваць яго

Чытанне кнігі Другазаконня.

Майсей прамовіў да народа, кажучы:

Будзеш слухацца голасу Пана Бога твайго, захоўваць запаведзі і наказы Ягоныя, запісаныя ў гэтай кнізе Закону, і вернешся да Пана Бога твайго ўсім сэрцам сваім і ўсёю душою сваёй.

Запаведзь, якую сёння даю табе, – гэта не штосьці цяжкае і недасягальнае для цябе. Яна не ў нябёсах, каб можна было сказаць: Хто б узышоў для нас ў неба і прынёс яе нам, каб мы слухалі і выконвалі яе? І не за морам яна, каб вы казалі: Хто б пераправіўся праз мора і прынёс яе нам, каб мы змаглі слухаць і выконваць яе? Наадварот, гэта слова вельмі блізкае да цябе: яно ў тваіх вуснах і ў тваім сэрцы, каб ты мог выконваць яго.

Гэта слова Божае.