ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Іс 60, 1–6 Слава Пана ўзышла над табою
Чытанне кнігі прарока Ісаі.
Устань, свяціся, Ерузалем, бо прыйшло тваё святло, і слава Пана ўзышла над табою. Бо вось цемра пакрые зямлю, і змрок — народы, а Пан узыдзе над табою, і слава Ягоная з’явіцца над табою. І пойдуць народы да твайго святла, і каралі да бляску твайго ўсходу. Узнімі вочы свае і паглядзі навокал: усе яны збіраюцца, ідуць да цябе. Сыны твае прыходзяць здалёк, і дачок тваіх нясуць на руках. Тады ўбачыш ты і заззяеш, затрапеча ад радасці сэрца тваё, бо багацці мора паплывуць да цябе, прыйдзе да цябе скарб народаў. Закрые цябе мноства вярблюдаў, маладых вярблюдаў з Мадыяну і з Эфы. Усе яны прыйдуць з Сабы, прынясуць золата і кадзіла, і абвяшчаць будуць хвалу Пану.
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Дз 1, 12–14 Трывалі ў малітве разам з Марыяй, маці Езуса
Чытанне кнігі Дзеяў Апосталаў.
Калі Езус узнёсся на неба, Апосталы вярнуліся ў Ерузалем з гары, называнай Аліўнай, што непадалёк ад Ерузалема, на адлегласці суботняй дарогі.
І калі ўвайшлі, падняліся ў святліцу, дзе знаходзіліся Пётр і Ян, і Якуб, і Андрэй, Філіп і Тамаш, Барталамей і Мацвей, Якуб Алфеевы і Сымон Зелот, і Юда Якубаў. Усе яны сумесна трывалі ў малітве разам з жанчынамі і Марыяй, маці Езуса, і з братамі Ягонымі.
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ 1 Ян 3, 22 — 4, 6 Правярайце духаў, ці яны ад Бога
Чытанне Першага паслання святога апостала Яна.
Умілаваныя:
Аб чым ні папросім, атрымаем ад Яго, бо захоўваем запаведзі Ягоныя і робім тое, што Яму падабаецца. А запаведзь Яго такая, каб мы верылі ў імя Сына Яго Езуса Хрыста і любілі адно аднаго, як Ён загадаў нам. І хто захоўвае запаведзі Ягоныя, той жыве ў Богу, а Бог у ім. І па Духу, якога даў нам, мы даведваемся, што Ён жыве ў нас.
Умілаваныя! Не кожнаму духу верце, але правярайце духаў, ці яны ад Бога, бо шмат ілжэпрарокаў з’явілася на свеце. Па гэтым распазнавайце Духа Божага: кожны дух, які вызнае, што Езус Хрыстус прыйшоў у целе, ёсць ад Бога; і кожны дух, які не вызнае Езуса, той не ад Бога; гэта дух антыхрыста, пра якога вы чулі, што ён прыйдзе і цяпер ужо ёсць на свеце.
Дзеці! Вы ад Бога, таму перамаглі іх, бо той, хто ў вас, большы за таго, хто ў свеце. Яны са свету, таму і гавораць так, як свет, і свет слухае іх. Мы ад Бога. Хто ведае Бога, слухае нас, хто не ад Бога, той не слухае нас. Па гэтым і пазнаём духа праўды і духа фальшу.
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Міх 5, 1–4а Пакуль не народзіць тая, якая павінна нарадзіць
Чытанне кнігі прарока Міхея.
Так кажа Пан:
А ты, Бэтлеем-Эфрата, найменшы ты сярод плямёнаў Юды. З цябе выйдзе для Мяне той, хто будзе Валадаром у Ізраэлі, і паходжанне Яго спрадвеку, ад вечных дзён. Таму Пан пакіне іх да часу, пакуль не народзіць тая, якая павінна нарадзіць. Тады рэшта братоў Ягоных вернецца да сыноў Ізраэля. І ўстане, і будзе пасвіць іх моцаю Пана, у велічы імені Пана Бога свайго. І яны будуць жыць бяспечна, бо тады Ён будзе ўзвялічаны аж да межаў зямлі. І будзе Ён спакоем.
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ 1 Кар 2, 1–10а Абвяшчаем мудрасць Божую, схаваную ў таямніцы
Чытанне Першага паслання святога апостала Паўла да Карынцянаў.
Калі я прыйшоў да вас, браты, я не прыйшоў абвяшчаць вам сведчанне Божае ўзнёслым словам ці мудрасцю. Бо я вырашыў не ведаць нічога між вас, апроч Езуса Хрыста, і то ўкрыжаванага.
І я стаў перад вамі ў слабасці, і ў страху, і ў вялікім трымценні. А слова маё і прапаведаванне маё не ў пераканаўчых словах мудрасці, а ў праяўленні духа і сілы, каб вера вашая абапіралася не на чалавечай мудрасці, а на моцы Божай.
Мы абвяшчаем мудрасць сярод дасканалых, і не мудрасць гэтага свету ці знікомых князёў гэтага свету. Але абвяшчаем мудрасць Божую, схаваную ў таямніцы, якую Бог прадвызначыў перад вякамі для славы нашай. Ніхто з князёў гэтага свету не спазнаў яе; бо, калі б пазналі, не ўкрыжавалі б Пана славы. Але, як напісана: Чаго вока не бачыла, і вуха не чула і што не ўваходзіла ў чалавечае сэрца, тое Бог падрыхтаваў тым, хто любіць Яго. Нам жа Бог адкрыў праз Духа.
Умілаваныя, будзем любіць адно аднаго, бо любоў ад Бога, і кожны, хто любіць, народжаны ад Бога і ведае Бога. Хто не любіць, той не ведае Бога, таму што Бог ёсць любоў.
Любоў Бога да нас адкрылася ў тым, што Бог паслаў у свет Сына свайго Адзінароднага, каб мы жылі праз Яго. У тым праявілася любоў, што не мы палюбілі Бога, а Ён Сам палюбіў нас і паслаў Сына свайго як уміласціўленне за грахі нашыя.
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ 1 Ян 4, 11-18 Калі мы любім адно аднаго, то Бог жыве ў нас
Чытанне Першага паслання святога апостала Яна.
Умілаваныя:
Калі Бог так палюбіў нас, дык і мы павінны любіць адно аднаго. Бога ніхто ніколі не бачыў. Калі мы любім адно аднаго, то Бог жыве ў нас, і любоў Ягоная ў нас дасканалая. Мы пазнаём, што жывём у Ім, а Ён у нас, бо Ён даў нам ад свайго Духа. І мы бачылі, і сведчым, што Айцец паслаў Сына, Збаўцу свету. Хто вызнае, што Езус – Сын Божы, у тым жыве Бог, а ён у Богу. І мы пазналі, і паверылі ў любоў, якую мае да нас Бог.
Бог ёсць любоў, і хто жыве ў любові, той жыве ў Богу, і Бог у ім.
У тым любоў дасканалая ў нас, што мы маем адвагу ў дзень суда, бо які Ён, такія і мы ў гэтым свеце. У любові няма страху, але дасканалая любоў праганяе страх, бо страх ёсць з-за боязі перад пакараннем; хто баіцца, той недасканалы ў любові.
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Быц 2, 4b–9. 15–17 Пан Бог узяў чалавека і пасяліў яго ў садзе Эдэн
Чытанне кнігі Быцця.
У дзень, калі Пан Бог стварыў зямлю і неба, яшчэ не было на зямлі ніякага палявога куста і не расла яшчэ ніякая палявая трава. Бо Пан Бог не пасылаў дажджу на зямлю, і не было чалавека, каб апрацоўваць зямлю. Але пара ўздымалася з зямлі і арашала ўсю паверхню зямлі.
Пан Бог стварыў чалавека з пылу зямлі і ўдыхнуў у ноздры ягоныя подых жыцця, і стаў чалавек жывой істотай. І пасадзіў Пан Бог сад у Эдэне на ўсходзе, і пасяліў там чалавека, якога стварыў. І вырасціў Пан Бог з зямлі ўсялякае дрэва, прывабнае з выгляду і добрае для ежы, і дрэва жыцця пасярод гэтага саду, і дрэва пазнання дабра і зла.
Потым Пан Бог узяў чалавека і пасяліў яго ў садзе Эдэн, каб ён працаваў і даглядаў яго. І загадаў Пан Бог чалавеку, кажучы: З усялякага дрэва ў садзе можаш есці, але з дрэва пазнання дабра і зла не спажывай, бо ў дзень, калі з’ясі з яго, напэўна памрэш смерцю.
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Дрг 5, 12–15 Памятай, што і ты быў нявольнікам у зямлі егіпецкай
Чытанне кнігі Другазаконня.
Так кажа Пан:
Захоўвай дзень шабату, каб ён быў святым, як загадаў табе Пан Бог твой. Шэсць дзён будзеш працаваць і рабіць усе свае працы, але сёмы дзень — гэта шабат для Пана Бога твайго.
Не будзеш рабіць ніякай працы ні ты, ні сын твой, ні твая дачка, ні твой слуга, ні твая служанка, ні твой вол, ні твой асёл, ніякая жывёла твая, ні чужаземец, які ў тваім доме, каб твой слуга і твая служанка адпачылі, як і ты.
Памятай, што і ты быў нявольнікам у зямлі егіпецкай і што Пан Бог твой вывеў цябе адтуль моцнаю рукою і распраўленым плячом, таму і наказаў табе Пан Бог твой святкаваць дзень шабату.
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Дз 6, 1–7 Выбралі сем мужоў, поўных Духа Святога
Чытанне кнігі Дзеяў Апосталаў.
У тыя дні, калі колькасць вучняў павялічвалася, эліністы пачалі наракаць на габрэяў, што яны забываюць пра іхніх удоваў у штодзённым служэнні.
Тады Дванаццаць склікалі ўсіх вучняў і сказалі: Нягожа, каб мы занядбалі слова Божае і служылі пры сталах. Таму, браты, выбярыце з вашага ліку сем мужоў добрай славы, поўных Духа і мудрасці, якім даручым гэтае служэнне. А мы ўвесь час будзем трываць у малітве і служэнні слова.
Спадабалася гэтая мова ўсёй грамадзе, і абралі Стэфана, мужа поўнага веры і Духа Святога, і Філіпа, і Прохара, і Міканора, і Тымона, і Пармэна, і Мікалая празеліта з Антыёхіі, якіх паставілі перад Апосталамі. Яны, памаліўшыся, усклалі на іх рукі.
А слова Божае пашыралася, і значна павялічвалася колькасць вучняў у Ерузалеме. І шмат святароў прыняло веру.
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Дз 9, 26–31 Расказаў ім, як у дарозе ён убачыў Пана
Чытанне кнігі Дзеяў Апосталаў.
У тыя дні:
Калі Саўл прыйшоў у Ерузалем, ён спрабаваў далучыцца да вучняў, але ўсе баяліся яго і не верылі, што ён вучань.
Тады Барнаба ўзяў яго і прывёў да Апосталаў і расказаў ім, як у дарозе ён убачыў Пана, і што Пан казаў яму, і як у Дамаску адважна прапаведаваў у імя Езуса. Як разам з імі ён выходзіў і ўваходзіў у Ерузалем і адважна прапаведаваў у імя Пана. Размаўляў таксама і спрачаўся з эліністамі, якія хацелі забіць яго. Даведаўшыся пра гэта, браты адвялі яго ў Цэзарэю і паслалі ў Тарс.
А Касцёл па ўсёй Юдэі, Галілеі і Самарыі меў спакой, развіваўся і жыў у боязі перад Панам, і напаўняўся суцяшэннем Святога Духа.
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Дз 14, 21b-27 Расказалі Касцёлу, як шмат Бог учыніў з імі
Чытанне кнігі Дзеяў Апосталаў.
У тыя дні:
Павел і Барнаба вярнуліся ў Лістру, у Іконію ды Антыёхію, умацоўваючы душы вучняў і заахвочваючы іх трываць у веры, бо нам трэба прайсці праз многія цярпенні, каб увайсці ў Божае Валадарства. Рукапаклаўшы ім у кожным Касцёле прэзбітэраў, у малітве і посце даручылі іх Пану, у якога паверылі.
Прайшоўшы праз Пісідыю, прыбылі ў Памфілію. І, абвясціўшы слова ў Пэргэ, сышлі ў Аталію. Адтуль адплылі ў Антыёхію, дзе былі даручаныя ласцы Божай на справу, якую выканалі.
Калі прыйшлі туды і сабралі Касцёл, расказалі, як шмат Бог учыніў з імі і як Ён адчыніў брамы веры язычнікам.
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Ёв 7, 1–4. 6–7 Хіба жыццё чалавека на зямлі не нагадвае змагання?
Чытанне кнігі Ёва.
Так гаварыў Ёў, кажучы:
Хіба жыццё чалавека на зямлі не нагадвае змагання, а дні ягоныя — дзён найміта? Як нявольнік прагне ценю і як найміт прагне платы сваёй, так я атрымаў у спадчыну месяцы марнасці і ночы пакутаў адведзены мне. Калі я кладуся, кажу: Калі ж я ўстану? Але вечар працягваецца, і я непакоюся аж да світання.
Дні мае хутчэйшыя за ткацкі чаўнок, яны мінаюць, не пакідаючы надзеі. Помні, што жыццё маё — гэта вецер, і вочы мае не ўбачаць больш шчасця.
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Іс 58, 7–10 Заззяе, як золак, святло тваё
Чытанне кнігі прарока Ісаі.
Так кажа Пан:
Дзяліся з галодным хлебам сваім, пускай у дом бедных вандроўнікаў. Калі ўбачыш голага, апрані яго і ад роднага свайго не хавайся.
Тады заззяе, як золак, святло тваё, і хутка з’явіцца тваё аздараўленне. Справядлівасць твая пойдзе перад табою, а слава Пана будзе суправаджаць цябе. Тады будзеш клікаць, і Пан выслухае, папросіш дапамогі, і Ён адкажа: Вось я!
Калі ты скінеш з сябе ярмо, перастанеш пагражаць пальцам і гаварыць беззаконне, калі аддасі галоднаму свой хлеб і душу гаротніка насыціш, тады заззяе ў цемры тваё святло, і змрок твой будзе, як поўдзень.
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Эзх 37, 12–14 І ўдыхну ў вас дух Мой, і ўчыню, што будзеце жыць
Чытанне кнігі прарока Эзэхіэля.
Так кажа Пан Бог:
Вось Я адкрыю магілы вашыя, і выведу вас, народ Мой, з магілаў вашых, і прывяду вас у зямлю Ізраэля. І даведаецеся, што Я — Пан ваш, калі адкрыю магілы вашыя і выведу вас, народзе Мой, з магілаў вашых. І ўдыхну ў вас дух Мой, і ўчыню, што будзеце жыць і спачываць на зямлі вашай, і даведаецеся, што Я, Пан сказаў і зрабіў гэта, — кажа Пан.
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Ер 31, 31–34 Устанаўлю новы запавет і грахоў не буду ўспамінаць
Чытанне кнігі прарока Ераміі.
Вось надыходзяць дні, — кажа Пан, — калі ўстанаўлю з домам Ізраэля і з домам Юды новы запавет. Не паводле запавету, які Я ўстанавіў з іх продкамі ў дзень, калі ўзяў іх за руку, каб вывесці з зямлі егіпецкай. Той запавет Мой парушылі, хоць Я быў іх Валадаром, — кажа Пан.
Але вось запавет, які ўстанаўлю з домам Ізраэля пасля гэтых дзён, — кажа Пан. Укладу закон Мой у нутро іхняе і напішу яго на іхніх сэрцах, і буду ім Богам, а яны будуць Маім народам. І больш не будуць вучыць яны бліжняга свайго ці брата, кажучы: Пазнайце Пана! Бо ўсе, ад найменшага да найбольшага з іх, пазнаюць Мяне, — кажа Пан, — таму што дарую ім правіны і грахоў іхніх больш не буду ўспамінаць.
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Дз 8, 5–8. 14–17 Усклалі на іх рукі, і яны прынялі Духа Святога
Чытанне кнігі Дзеяў Апосталаў.
Філіп прыйшоў у самарыйскі горад і абвяшчаў там Хрыста. А людзі згодна слухалі, што казаў Філіп, чуючы і бачучы ўчыненыя ім цуды. Бо з многіх апантаных выходзілі з вялікім крыкам нячыстыя духі, і шмат спаралізаваных і кульгавых было аздароўлена. І была вялікая радасць у гэтым горадзе.
Калі ж Апосталы ў Ерузалеме пачулі, што Самарыя прыняла слова Божае, паслалі да іх Пятра і Яна, якія, прыйшоўшы, памаліліся за іх, каб яны прынялі Духа Святога, таму што Ён яшчэ не сыходзіў ні на кога з іх, бо яны былі толькі ахрышчаныя ў імя Пана Езуса. Тады Апосталы ўсклалі на іх рукі, і яны прынялі Духа Святога.
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Дз 10, 25–26. 34–35. 44–48 Дар Духа Святога выліўся і на язычнікаў
Чытанне кнігі Дзеяў Апосталаў.
Калі Пётр уваходзіў, Карнэлій выйшаў насустрач і, упаўшы да ног, пакланіўся яму. Пётр падняў яго, кажучы: Устань, я таксама чалавек.
Пётр, адкрыўшы вусны свае, сказаў: Сапраўды, разумею, што Бог не зважае на асобу, але ў кожным народзе прыемны Яму той, хто баіцца Яго і паступае справядліва.
Калі Пётр казаў яшчэ гэтыя словы, Дух Святы сышоў на ўсіх, хто слухаў слова. І вернікі з абрэзаных, якія прыйшлі разам з Пятром, здзівіліся, што дар Духа Святога выліўся і на язычнікаў. Бо чулі, як тыя размаўлялі на розных мовах і славілі Бога.
Тады сказаў Пётр: Ці можа хто забараніць хрысціцца тым, хто, атрымаў Святога Духа, як і мы? І загадаў ахрысціць іх у імя Езуса Хрыста.
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Дз 15, 1-2. 22-29 Дух Святы і мы пастанавілі не ўскладаць на вас болей ніякага цяжару, акрамя таго, што неабходна
Чытанне кнігі Дзеяў Апосталаў.
У тыя дні:
Некаторыя з тых, хто прыйшоў з Юдэі, вучылі братоў: Калі не будзеце абрэзаныя паводле звычаю Майсея, не зможаце быць збаўленымі.
Калі распачалася немалая спрэчка і змаганне Паўла і Барнабы з імі, было вырашана, што Павел і Барнаба, і некаторыя іншыя з іх пойдуць у гэтай справе да Апосталаў і старэйшых у Ерузалем.
Апосталы і старэйшыя разам з усім Касцёлам, выбраўшы сярод сябе Юду, званага Барсабам, і Сілу – мужоў, якія былі першымі сярод братоў, пастанавілі паслаць іх у Антыёхію з Паўлам і Барнабаю. І праз іх выслалі такі ліст:
Апосталы і старэйшыя браты вітаюць братоў язычніцкага паходжання ў Антыёхіі, Сірыі і Кілікіі. Мы пачулі, што некаторыя з нас адправіліся без нашага даручэння і ўстрывожылі вас словамі, пахіснуўшы вашыя душы. Таму мы згодна пастанавілі выбраць мужоў і паслаць іх да вас з нашымі ўмілаванымі Барнабам і Паўлам, людзьмі, якія аддаюць жыццё сваё дзеля імя Пана нашага Езуса Хрыста. Мы паслалі да вас Юду і Сілу, якія абвесцяць вам тое самае словамі. Бо Дух Святы і мы пастанавілі не ўскладаць на вас болей ніякага цяжару, акрамя таго, што неабходна: устрымлівайцеся ад ахвяраў ідалам і ад крыві, ад таго, што задушана, і ад распусты. Калі будзеце ўстрымлівацца ад гэтага, добра зробіце. Бывайце здаровы.
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Лев 13, 1-2. 44-46 Пракажоны будзе жыць асобна, па-за лагерам
Чытанне кнігі Левіта.
Пан прамовіў да Майсея і Аарона, кажучы: Калі чалавек мае на скуры цела свайго пухліну ці струп, ці белую пляму, і з’явіцца на скуры цела ягонага язва праказы, то трэба прывесці яго да святара Аарона ці да аднаго з сыноў ягоных, святароў.
Гэта пракажоны чалавек, ён нячысты. І святар павінен абвясціць яго нячыстым, бо на галаве ягонай язва. І пракажоны, на якім ёсць гэта язва, павінен мець адзенне сваё разарваным, непакрытую галаву, заслоненую бараду і павінен крычаць: Нячысты, нячысты! Ён будзе нячысты ўвесь час, пакуль будзе на ім язва; ён нячысты. Будзе жыць асобна, і жыллё ягонае па-за лагерам.